Мінулае супраць сучаснасці і будучыні

«Да гэтага часу рускія ўладары ні перад кім не давалі справаздачы, але вольныя былі ўзнагароджваць, мілаваць ды караць смерцю сваіх падданых. А не судзіліся з імі ні перад кім» (з паслання Івана Жахлівага князю Андрэю Курбскаму 1564 года).

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Я часта крыху падманваю сваіх чытачоў, калі згадваю фразеалагізм «беларуская мадэль». На самай справе, такой мадэлі ў прыродзе не існуе, а тое, што ёсць, — афіцыйна называецца «беларуская мадэль развіцця». Націск на апошнім слове. Каюся, грэшны. Нібы персанаж байкі Івана Крылова, «слона-то я и не заметил».
Аднак што варта разумець пад «развіццём»? Напрыклад, пераход ад палкі-капалкі да сучаснай разнастайнасці сельгасмашын — гэта развіццё? На жаль, не. Гэта толькі яго следства.
«Чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў», — сцвярджаў старажытнагрэчаскі філосаф Пратагор (каля 485 да н. э. — каля 410 да н. э.). І падмацоўваў сваё сцвярджэнне прыкладам: дзьме адзін і той жа вецер, але хтосьці мерзне пры гэтым, а хтосьці не. Дык няўжо можна сказаць, што вецер халодны або цёплы сам па сабе?
Аднак калі чалавек ёсць мера тэмпературы ветру, то было б лагічна выкарыстоўваць людзей і для ацэнкі ўзроўню развіцця. Паспрабую гэта зрабіць з дапамогай кнігі расійскіх культуролагаў Андрэя Пеліпенкі і Ігара Якавенкі «Культура як сістэма».

Дзве высновы

Прапаную пакінуць за дужкамі праблему развіцця ў свеце флоры і фаўны ды засяродзіцца на свеце чалавека.У аснове эвалюцыйнай піраміды, на думку культуролагаў, знаходзіцца архаічны індывід, або шараговы чалавек. Ад яго і пачынаецца ўзыходжанне да асобы, фундаментальнымі рысамі якой з’яўляюцца «максімальная аўтаномнасць, самадастатковасць і пастаянная арыентаванасць на здзяйсненне выбару».
Асоба ёсць прадукт гарадскога асяроддзя. Сельскі жыхар тысячагоддзямі жыў у адпаведнасці з прыроднымі цыкламі: увесну саджаў, летам апрацоўваў, восенню збіраў ураджай. З прыродай не паспрачаешся, пад яе можна было толькі падладжвацца. Як следства, максімальная рэгламентацыя і мінімальная неабходнасць у прыняцці рашэнняў. Выхад за рамкі звыклых традыцый і рытуалаў дапускаўся з дапамогай варажбы (прыняцця рашэння па прынцыпе датчыка выпадковых лічбаў).
Што мы маем у выніку? У выніку, калі пагадзіцца з Марксам, мы маем «ідыятызм вясковага жыцця».
У адрозненне ад вёскі, горад першапачаткова арыентаваны на разнастайнасць сувязяў і камунікацый, што спараджае патрэбнасць выбару. Горад полісуб’ектны. У гарадскога неафіта, паколькі адсутнічае аўтарытэт у асобе сельскага сходу, узнікае патрэба стварыць сабе куміра.
У гэтым сэнсе, калі чалавек быў вернікам, на ранніх стадыях масавай урбанізацыі яму было прасцей. Ён меў магчымасць звярнуцца па дапамогу да Бога. Вернікаў і сёння, калі меркаваць па апытаннях, нямала. Вось толькі для падліку долі ўцаркоўленых (якія рэгулярна прычашчаюцца, наведваюць набажэнствы і падтрымліваюць стасункі ў межах сваёй царкоўнай абшчыны) у Расіі і ў Беларусі хопіць пальцаў адной рукі.
З патрэбы выбару нараджаецца аўтаномная асоба з уласцівай ёй самасвядомасцю. Выбар, навязаны звонку, наадварот, нараджэнне асобы блакуе.
Дазволю сабе ключавую для гэтага майго опусу цытату: «Асоба не толькі робіць выбар сама, але і не схільная давяраць яго каму б там ні было. А таксама дэлегаваць гэта права знешнім інстанцыям. Таму асоба ў мінімальнай ступені можа быць аб’ектам сацыяльнай маніпуляцыі і ідэалагічных намоваў».
Цытата дазваляе зрабіць дзве важныя для беларускіх чытачоў высновы:
  • першыя і пакуль апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 1994 годзе — гэта трыумф жыхароў вёскі і гараджан у першым пакаленні над носьбітамі асобаснай гарадской культуры;
    • масавыя пратэсты лета-восені 2020 года — вынік зруху ў структуры беларускага грамадства, які адбыўся за чвэрць стагоддзя, на карысць носьбітаў гарадской культуры.

Паводле запавету Івана Жахлівага

У Беларусі ўвайшлі ў моду заклікі захоўваць нашы традыцыйныя каштоўнасці і наш традыцыйны ўклад жыцця. У якасці прыкладу такіх каштоўнасцяў, як правіла, прыводзяць сям’ю. Не буду спрачацца, сям’я — была, ёсць і яшчэ доўга будзе заставацца ў ліку прыярытэтных каштоўнасцяў. Але сучасная сям’я, а не традыцыйная — з яе жорсткім размеркаваннем згодна з нормамі, прадпісанымі палавымі ролямі.
Крыху статыстыкі. У 1950 годзе на 1 000 жыхароў у Беларусі прыходзілася 9,6 шлюбаў і 0,2 разводы, а ў 2020-м — 5,4 і 3,7. Рост колькасці разводаў у 18,8 разу! Ці сведчыць такая дынаміка пра крызіс сям’і? Традыцыйнай сям’і, стасункі ў якой будуюцца па прынцыпе «сцерпіцца-злюбіцца», безумоўна. Але хто ў здаровым розуме пажадае сабе і сваім дзецям такога сямейнага шчасця?
Галоўнае адрозненне сучаснай сям’і ад традыцыйнай палягае ў наяўнасці ў мужа і жонкі выбару, прычым, не толькі ў момант яе стварэння, але на любым этапе функцыянавання сям’і.
Сям’я, зрэшты, як і кожная сацыяльная структура (дзяржава, нацыя) — гэта ўяўная супольнасць. Канкрэтная сучасная сям’я існуюць не таму, што ў пашпартах мужа і жонкі прастаўленыя штампы, а таму, што ў галовах яе заснавальнікаў сфарміраваліся адпаведныя ўяўленні. І пакуль гэтыя ўяўленні стасуюцца паміж сабой, сям’я існуюць.
Яшчэ раз хачу звярнуць увагу на слова «выбар». Калі няма патрэбы ў выбары — няма і асобы. Няма крытычнай масы людзей, няма сучаснага грамадства, здольнага ўпісацца ў постіндустрыяльны свет.
Пацвярджэннем гэтай азбукавай ісціны з’яўляецца «спецаперацыя» ва Украіне. Не варта тлумачыць тое, што адбываецца, ментальнымі праблемамі крамлёўскага карліка. Сістэма ўлады, што стагоддзямі фарміравалася ў Расіі, не дапускае іншай суб’ектнасці, акрамя суб’ектнасці першай асобы. У Пасланні Івана Жахлівага князю Андрэю Курбскаму (1564) чытаем: «Да гэтага часу рускія ўладары ні перад кім не давалі справаздачы, але вольныя былі ўзнагароджваць, мілаваць ды караць смерцю сваіх падданых. А не судзіліся з імі ні перад кім». Карэнных змяненняў з тых часоў у славянскім трыкутніку не адбылося, а тыя, што насуперак традыцыі ўсё ж такі здарыліся, сканцэнтраваліся галоўным чынам ва Украіне. Адсюль — тая нянавісць, якую нашчадкі Івана Жахлівага адчуваюць да незалежнай краіны. Адсюль — адсутнасць логікі ў рашэннях.
Аднак не ўсё так проста. У мінулага, што імкнецца не вываліцца з гістарычнай каляскі, — сваё ўяўленне пра Дабро і Зло, свая логіка.