NATO ўзмацняе падтрымку Украіны

NATO аб'яўляе аб узмацненні палітычнай і практычнай падтрымкі Украіны на фоне расійскай агрэсіі.

nato_11.jpg


«Ва Украіну накіроўваюцца тысячы адзінак супрацьтанкавай зброі, сотні ракет СПА і тысячы адзінак стралковай зброі і боепрыпасаў. Саюзнікі таксама прадастаўляюць фінансавую дапамогу на мільёны еўра і гуманітарную дапамогу, уключаючы медыкаменты для дапамогі ўкраінскім сілам», — гаворыцца ў заяве Паўночнаатлантычнага альянса.
Паведамляецца, што Бельгія, Канада, Чэшская Рэспубліка, Эстонія, Францыя, Германія, Грэцыя, Латвія, Літва, Нідэрланды, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Вялікабрытанія і ЗША ўжо адправілі або зацвярджаюць значныя пастаўкі ваеннай тэхнікі ва Украіну.
«Украіна ўжо атрымала крытычна важную зброю, уключаючы ракеты "Javelin" і зенітныя ракеты, ад саюзнікаў па NATO, а таксама мільёны еўра фінансавай дапамогі. Албанія, Балгарыя, Харватыя, Данія, Венгрыя, Ісландыя, Паўночная Македонія, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Іспанія, Вялікабрытанія і ЗША прапануюць гуманітарную дапамогу ці адкрываюць свае межы для ўкраінскіх бежанцаў. Харватыя, Польшча і Румынія ўжо прымаюць украінскіх бежанцаў. Італія таксама аказвае неадкладную фінансавую дапамогу ўкраінскаму ўраду, а Турцыя паглыбіла свае абаронныя сувязі з Украінай і прапанавала гуманітарную дапамогу», — паведамляе прэс-служба блока.
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг вітае гэтае рашэнне.
«Самаабарона — гэта права, замацаванае ў Статуце ААН, і саюзнікі дапамагаюць Украіне адстойваць гэтае права. Гэта пасылае выразны сігнал аб поўнай падтрымцы NATO суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», — заявіў ён.