«Ну не можа ж быць уварвання іншапланецян? Праўда? Ну не ў гэтым жа годзе!»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ўсур’ёз заклапочаны эпідэміялагічнымі, прыроднымі, эканамічнымі і грамадска-палітычнымі тэндэнцыямі, якія мы назіраем з 2020 года. І ад гэтых тэндэнцый малодшаму саюзніку трошкі сумна і самотна…

fqkna02vsam4hyh.jfif


Вялікі і жудасны расійскі наступ ва Украіне яшчэ не пачаўся, а па адчуваннях ужо паспеў пайсці па плане. Туды, куды нават рускі ваенны карабель не хадзіў. Таму што, каб пачаць новы наступ, трэба спачатку скончыць стары. А на гэты стары наступ няма ўжо ніякіх жа сіл. Замест таго, каб узяць нарэшце свой сімвалічны прыз — Бахмут, даводзіцца па два разы на дзень браць адну і тую ж выселеную вёску. Што характэрна, кожны раз з новымі сіламі.

І, гледзячы на гэтыя альтэрнатыўныя ваенныя поспехі, які-небудзь занудлівы выпускнік такой жа занудлівай Ваеннай акадэміі мог бы вырашыць, што з новым наступам варта як-небудзь пачакаць да лепшых часоў. Або наогул пачакаць да поўнага высвятлення стану рэчаў.

Але расійскія генералы акадэміямі не сапсаваны. Таму я падазраю, яны паспрабуюць наступіць у новым месцы з тымі сіламі, якія там знойдуць. Вось калі ў старым месцы наступаць не атрымліваецца, дык трэба паспрабаваць у новым. Лагічна ж, не? А раптам атрымаецца. Тым больш што трэба паспець, пакуль да Украіны не даехалі новыя танкі.

Але пакуль з наступам па зямлі не складваецца, Расія вырашыла наступаць на віртуальных франтах. Следчы камітэт паведаміў, што збіраецца расследаваць ядзерную правакацыю, якую Захад і Украіна рыхтуюць супраць Расіі, каб абвінаваціць Расію ў парушэннях прынцыпаў ядзернай бяспекі. І я вось не сумняваюся, што яны ўсё расследуюць у самыя кароткія тэрміны. Выкрылі ж яны камароў, нацяганых на рускую кроў.

Увогуле, не дзіўна, што малодшаму саюзніку на фоне такіх поспехаў у апошні час стала трошкі сумна і самотна. Настолькі самотна, што ён зноў паспрабаваў заклікаць да брацкіх пачуццяў партнёраў па калектыўнай бяспецы. То-бок раней ужо шмат заклікаў, ні разу не дапамагло, дык вырашыў звярнуцца зноў. Сказаў, што партнёрам хутка давядзецца выбіраць, на чыім яны баку.

І вось мне падаецца, што гэта крыху запознены заклік, таму што большасць партнёраў па калектыўнай бяспецы ўжо даўно вызначыліся. Проста гэта не зусім той бок, які малодшы саюзнік меў на ўвазе. Такая ў іх калектыўная бяспека, а іншай калектыўнай бяспекі не прадбачыцца.

Але партнёрам добра. Яны яшчэ магу выбіраць, хай нават і ў самыя кароткія тэрміны. А вось беларускія ўлады пазбаўлены раскошы свабоднага выбару. І каб яго вярнуць, давядзецца адмовіцца ад усёй стабільнасці, нажытай за два з паловай гады непасільнай працай.

Але ведаеш, што мяне па-сапраўднаму турбуе? На самай справе мяне турбуюць усе гэтыя неапазнаныя лятальныя аб'екты, што зачасцілі ў апошнія дні ў розныя кропкі свету. Улічваючы эпідэміялагічныя, прыродныя, эканамічныя і грамадска-палітычныя тэндэнцыі, якія мы назіраем з 2020 года, уварванне іншапланецян у 2023-м магло б стаць лагічным працягам.

(Калі што, уварванне іншапланецян — гэта быў жарт. Я спадзяюся. Ну не, ну сапраўды жарт. Ты што? Якія іншапланецяне? Ну не можа ж быць уварвання іншапланецян? Праўда? Ну не ў гэтым жа годзе!)