Беларусь можа аказацца падарункам на стале Пуціна да наступных выбараў
У інтэрв'ю «DW» апазіцыйны палітык, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павел Латушка расказвае пра планы рэжыму па размяшчэнні расійскіх салдат на беларускай тэрыторыі і пра пагрозу ўступлення Беларусі ў вайну з Украінай.
— Павел Паўлавіч, улады Беларусі абвясцілі пра фарміраванне сумеснай расійска-беларускай групоўкі войскаў. Што вы думаеце з гэтай нагоды?
— Нам было вядома, што плануецца фарміраванне вялікай групоўкі войскаў РФ на тэрыторыі Беларусі. Нашы крыніцы кажуць пра колькасць да 120 000 чалавек, не за адзін раз, а да канца лютага 2023 года.
Рашэнне Лукашэнкі аб фарміраванні сумеснай групоўкі войскаў заснавана на дагаворы так званай Саюзнай дзяржавы: «Нам пагражаюць Украіна, Польшча, Літва, NATO — і мы звярнуліся да нашага саюзніка РФ». Але гэта легенда для абгрунтавання мэты — неабходнасці ўвесці расійскія войскі на тэрыторыю Беларусі.
Наступным этапам будзе мабілізацыя ў Беларусі, хоць Лукашэнка не дапускае гэтага слова. Паводле нашых звестак, ваенкаматы ўжо складаюць спісы, разасланы запыты пра ваеннаабавязаных на дзяржпрадпрыемствы, у медустановы. Лукашэнка будзе называць гэта «тэрміновымі зборамі», а не мабілізацыяй.
Першая мэта ўсяго гэтага — стварэнне для Украіны пагрозы паўторнага наступу з поўначы. Другая мэта — ажыццяўленне гэтага наступу. Сёння мы гаворым пра рэалізацыю першай фазы — стварэнне пагрозы для Украіны, каб сканцэнтраваць УСУ ўздоўж мяжы з Беларуссю.
«Сёння яшчэ ёсць дыпламатычныя інструменты»
— А што можа супрацьпаставіць гэтаму Украіна і беларуская апазіцыя? Некаторыя гаварылі, што, як толькі Беларусь выставіць войскі ўздоўж мяжы, можа быць нанесены ўдар HIMARS і ўся групоўка можа быць знішчаная. Але, з іншага боку, Лукашэнка кажа, што «толькі калі па нас удараць, уступім у вайну».
— Знаходжанне расійскіх войскаў у Беларусі, па-першае, замарудзіць перамогу Украіны, па-другое, прывядзе да ўцягвання Беларусі ў вайну і, па-трэцяе, прывядзе да пацвярджэння статусу Беларусі як акупаванай дзяржавы. Я слаба сабе ўяўляю, што пасля гэтага расійскія войскі выйдуць з тэрыторыі Беларусі.
Мне здаецца, сёння яшчэ ёсць дыпламатычныя інструменты. Неабходна выставіць Лукашэнку жорсткі ўльтыматум. Яму павінен быць даведзены па лініі Вашынгтона, Лондана, Бруселя выразны мэсэдж, што ён будзе прыцягнуты да міжнароднай крымінальнай адказнасці як ваенны злачынец за агрэсію супраць Украіны. Ён вельмі баіцца паўтарэння лёсу Мілошавіча, Хусэйна. Ці паўплывае ўльтыматум? Я хутчэй песіміст, але трэба выкарыстоўваць усе інструменты. Калі гэта не атрымаецца, то ў Украіны ёсць права не дапусціць паўтарэння Бучы, Ірпеня і наступу на Кіеў з тэрыторыі Беларусі.
— Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч сказаў, што з нагоды ўдзелу ў вайне ва Украіне ёсць кансэнсус у беларускім грамадстве: беларусы не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне.
— Я пагаджуся з Карбалевічам. Але я разглядаю сітуацыю, калі адбываецца назапашванне вайсковай групоўкі Узброеных сіл РФ на мяжы Беларусі. І Украіна, каб не дапусціць уваходжання войскаў на сваю тэрыторыю, робіць папераджальныя ўдары. На што яна мае права, на жаль. Лукашэнка сам прызнаў, што ён удзельнік вайны, фактычна даў Беларусі статус краіны-агрэсара.
Калі Украіна наносіць гэтыя ўдары, то можа быць розная трактоўка ўнутры беларускага грамадства. Прапагандысты рэжыму цяпер актыўна працуюць, рыхтуюць інфармацыйнае поле. Сакратарыяту Савета Бяспекі, Міністэрству абароны дадзена ўказанне выязджаць на прадпрыемствы, сустракацца з калектывамі, тлумачыць, што на нас плануюць напасці.
Беларускае грамадства на сённяшні дзень ад 85 да 90% супраць удзелу Узброеных сіл Беларусі ў вайне ва Украіне. Але прапаганда працуе. Цяпер паедуць «камісары» пераконваць людзей. Памятаеце мем пра «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад»? Лукашэнка паўтарае ўсю гэтую гісторыю.
«Гістарычна беларусы не роўна рускія»
— Еўропа даволі жорстка ставіцца да тых расійцаў, якія спрабуюць бегчы, у тым ліку ад мабілізацыі. Узнікаюць размовы, што нядрэнна б і да беларусаў прымяніць тыя ж санкцыі. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Гэта было б несправядліва і нелагічна, таму што ў жніўні 2020 года беларусы выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі і не змянілі свайго стаўлення. У Беларусі большасць супраць Лукашэнкі, а ў Расіі большасць, паводле даных даступных нам сацапытанняў, за Пуціна. У Беларусі абсалютная большасць супраць вайны ва Украіне. У Расіі большасць — за. Гэта фактычна два розныя грамадствы.
Трэба зразумець, што і гістарычна беларусы не роўна рускія. Беларусы — гэта частка еўрапейскай культурнай і гістарычнай прасторы. У нас іншая ментальнасць, пераважаюць еўрапейскія каштоўнасці. Для большасці беларусаў перамога Украіны ў вайне з'яўляецца найважнейшым фактарам, які стварае для нас магчымасць перамагчы рэжым Лукашэнкі, адкрывае магчымасці для Беларусі. Ці адкрые яна іх для Расіі? Гэта пытанне да расійцаў.
Таму трактаваць аднолькава беларусаў і расійцаў абсалютна няправільна. Гэта было б здрадай усім беларусам, якія змагаюцца за Украіну, выступаюць за перамогу Украіны і змагаюцца супраць дыктатара Лукашэнкі.
— Ці сведчаць паводзіны Лукашэнкі пра тое, што Беларусь зараз можна разглядаць як краіну, акупаваную або часткова акупаваную Расіяй?
— Лукашэнка з'яўляецца поўнай марыянеткай Крамля. Ён фактычна страціў рычагі кіравання над важнымі сферамі, над вайсковым сектарам, таму што загады аддаюцца з Масквы.
Сёння знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і павелічэнне групоўкі расійскіх войскаў азначае дэ-факта і дэ-юрэ акупацыю. Пра гэта, дарэчы, гаварылі афіцыйныя прадстаўнікі Кіева, міністр замежных спраў Літвы Ландсбергіс.
Я думаю, што Беларусь можа аказацца падарункам на стале Пуціна да наступных выбараў, калі ён зможа ўзяць удзел у гэтых выбарах. Беларусь як незалежная самастойная дзяржава перастане існаваць. Гэта стратэгічная мэта Крамля. Мы гэта добра разумеем і разумеем усе выклікі.
Беларусы за мяжой думаюць, як вярнуцца дадому
— Ці азначае гэта, што тая барацьба, якую вядзе беларуская апазіцыя, часткай якой вы з'яўляецеся, цяпер набывае нацыянальна-вызваленчы характар?
— Так, таму мы гаварылі пра тое, што нам важна ствараць нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі, і элементы гэтага нацыянальна-вызваленчага руху ўжо ў наяўнасці.
Гэта беларускія вайсковыя падраздзяленні, якія змагаюцца сёння ва Украіне. Для іх мэтай з'яўляецца аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, але наперадзе, як яны самі кажуць публічна, вызваленне Беларусі.
Гэта тыя беларусы, якія знаходзяцца за мяжой і якія думаюць пра тое, як вярнуцца ў Беларусь.
Гэта план «Перамога», створаны ў рамках падпольнага руху ўнутры Беларусі, гэта праца з дзяржаўнымі чыноўнікамі. То-бок гэта шырокі рух, мэтай якога з'яўляецца абарона незалежнасці нашай краіны, нацыянальнай самасвядомасці, нашай культуры, нашай мовы, якая зараз знаходзіцца пад сур'ёзным ціскам з боку ўсходняга суседа. Мы не маем ілюзій, у Крамля ёсць планы зрабіць з Беларусі частку «рускага свету». Абсалютная большасць беларусаў не хоча гэтага і будзе супраціўляцца. Гэта, вядома, і для нас звышзадача. Але мы гэта робім і будзем рабіць, у нас няма іншага выбару.