Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што Расія можа пачаць штурм буйных украінскіх гарадоў
Падчас прэс-канферэнцыі 14 сакавіка прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што буйныя гарады ва Украіне спачатку не планавалі штурмаваць, але цяпер не выключаюць такога варыянту, паведамляе «Интерфакс».
Паводле Пяскова, такое рашэнне было прынятае «ў сувязі з тым, што ўзброеныя нацыяналістычныя фарміраванні абсталёўваюць агнявыя пункты, размяшчаюць цяжкую вайсковую тэхніку проста ў жылых кварталах».
Цяпер жа Расія «пры запэўніванні максімальнай бяспекі мірнага насельніцтва не выключае магчымасці пастаноўкі пад поўны кантроль буйных населеных пунктаў, якія сёння і так практычна знаходзяцца ў атачэнні, за выключэннем зон, якія выкарыстоўваюцца для гуманітарнай эвакуацыі». Таксама ён дадаў, што Расію да штурму буйных гарадоў Украіны нібыта падштурхоўваюць «найвышэйшыя службовыя асобы ЗША і ЕС з мэтай ускласці на Расію адказнасць за гібель мірных грамадзян».
«Аперацыя была спланаваная менавіта з улікам гэтай акалічнасці», — сказаў Пяскоў.
На пытанне пра тэрміны заканчэння «спецыяльнай аперацыі» Расіі ва Украіне прэс-сакратар прэзідэнта РФ заявіў, што яны не агучваюцца. Пры гэтым ён адзначыў, што «ўсе планы расійскага кіраўніцтва будуць рэалізаваныя ў зацверджаныя раней тэрміны ў поўным аб’ёме».
Таксама Пяскоў заявіў, што Расія не прасіла вайсковай дапамогі ў КНР для працягу аперацыі ва Украіне. «Расія мае самастойны патэнцыял для працягу аперацыі», — заявіў ён.
Раней, паводле інфармацыі амерыканскіх медыя, Расія папрасіла Кітай даць ёй ваенную тэхніку і падтрымку ў вайне з Украінай. Прадстаўнік МЗС Кітая Чжаў Лі Цзянь назваў дэзінфармацыяй паведамленні пра такую просьбу.