Інфармацыя пра пуск ракет з Беларусі — правакацыя РФ, каб уцягнуць у вайну?

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў сказаў, што апублікаваныя раней звесткі аб запуску ракет з тэрыторыі Беларусі маглі быць вынікам правакацыі, закліканай уцягнуць Беларусь у вайну.

365145089_634614068851675_6289671245220840086_n.jpg

Расія магла б імітаваць запуск ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі — уцягнуць нашу краіну ў вайну супраць Украіны. 

Пра гэта ў каментары «Укрінфарму» паведаміў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў

Нагадаем, як пісаў «НЧ», увечары 5 жніўня Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што частка ракет, якія ў суботу былі запушчаны па Украіне, маглі быць запушчаны з Беларусі. Украінскія вайскоўцы не ўдакладнілі, колькі ракет магло быць запушчана і да якіх цэляў яны накіроўваліся.

«Што тычыцца ракет з тэрыторыі Беларусі, то, верагодна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску, паколькі на тэрыторыі гэтай краіны знаходзяцца расійскія войскі, сілы і сродкі для рознага кшталту правакацый з мэтай уцягнуць яе ў вайны супраць Украіны», — адзначыў Юсаў.  

Ён патлумачыў, як расіяне могуць скарыстацца імітацыйнымі пускамі ракет.

«Фізічна яго магло і не быць, але ўсё магло быць арганізавана так, быццам пускі адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Цяпер інфармацыя правяраецца», — дадаў прадстаўнік ГУР. 

Як паведамляў «НЧ», увечары 5 жніўня падчас паветранай трывогі, якая была аб'яўлена па ўсёй тэрыторыі Украіны, ВПС Узброеных сіл Украіны папярэдзілі аб пуску ракет з тэрыторыі Беларусі. 

Глядзіце таксама

Полк Каліноўскага выступіў з заявай, дзе адзначыў: «Паводле інфармацыі, якой мы дакладна валодаем, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося».

Маніторынгавая група «Беларускі гаюн» заявіла таксама, што за ўвесь дзень, 5 жніўня 2023 года, з тэрыторыі Беларусі не было зафіксавана запускаў ракет паветранага ці наземнага базіравання, адзначае «Польскае радыё».

Больш за тое, у раёне 19.00 не было ўзлётаў авіяцыі, якая патэнцыйна магла б запусціць ракету, а таксама не было зафіксавана заходу авіяцыі ў патэнцыйную зону запуску ракет.

Акрамя таго, пасля паведамлення аб нібыта «запуску ракет з тэрыторыі Беларусі» маніторынгавая група «атрымала дастатковую колькасць абвяржэнняў з найбольш верагодных лакацый запуску».

Паводле ВВСwww.ukrinform.ua