Расійскія войскі ўпершыню за 13 дзён аблогі адкрылі блакаду Марыупаля для мірных жыхароў
У выніку блакады Марыупаля расійскімі войскамі ў горадзе загінулі 2187 мірных жыхароў, паводле афіцыйных даных.
Расійскія салдаты, якія трымаюць аблогу паўднёваўкраінскага горада Марыупаля, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, дазволілі выехаць з Марыупаля ў Запарожжа першай калоне ў 160 прыватных аўтамабіляў.
Марыупальская гарадская рада паведаміла, што 14 сакавіка з горада па гуманітарным калідоры ў кірунку Бярдзянска змагла выехаць калёна са 160 прыватных аўтамабіляў.
«Цяпер вядома, што марыупальцы, якія выехалі на ўласных аўтамабілях, ужо праехалі Бярдзянск і працягваюць рухацца ў кірунку Запарожжа. Таксама маем пацвярджэнне, што па створаным гуманітарным калідоры выконваецца рэжым цішыні», — удакладнілі ў гарадской радзе.
Аднак гарадскія ўлады пакуль нічога не паведамляюць пра гуманітарны груз, які напярэдадні выйшаў з Запарожжа ў Марыупаль. Планавалася, што пасля разгрузкі дапамогі з Марыупаля ў Запарожжа на гэтых аўтамабілях і аўтобусах змогуць эвакуаваць цывільных грамадзян.
Учора ў гарадской радзе Марыупаля расказалі, што ў горадзе прагучалі не менш як 22 выбухі за 24 гадзіны, было скінута каля 100 бомбаў.
«Менавіта з неба найбольшая пагроза паходзіць для 400 тысяч марыупальцаў, якія цяпер знаходзяцца ў горадзе. Такім чынам, закрыццё неба NATO над Украінай або забеспячэнне неабходнымі сістэмамі супрацьпаветранай абароны — гэта рашэнне, якое можа выратаваць сотні тысяч нявінных жыццяў па ўсёй Украіне», — гаворыцца ў заяве гарадской рады Марыупаля.
Раней пра страты сярод цывільнага насельніцтва Марыупаля расказала намесніца міністра ўнутраных спраў Мэры Акап’ян. Тады лічба была меншая.
«За 12 дзён блакады горада і бязлітасных абстрэлаў жылых кварталаў расійскімі акупацыйнымі войскамі загінулі 1582 мірныя жыхары Марыупаля. Гэта помста за непахіснасць жыхароў, якія з 2014 года выказваюць сваю праўкраінскую пазыцыю. Але гэта робяць не вайскоўцы, а тэрарысты, якія бяруць у закладнікі ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў», — сказала Акап’ян.
Яна дадала, што кругавая абарона Марыупаля працягваецца, і ваенна-палітычнае кіраўніцтва Украіны бачыць у яго блакадзе «праблему нумар адзін».
«Відавочна, што горад мае стратэгічнае значэнне для праціўніка, каб забяспечыць наземны калідор у акупаваны Крым з акупаванай тэрыторыі поўдня Данецкай вобласці, якая кантралюецца Расіяй», — пракаментавала намесніца міністра.