Беларуская мадэль: абараніць аўтарытарызм ад ліберальных каштоўнасцяў

У дынамічнай («цякучай» паводле Зыгмунта Баўмана) сучаснасці ўстойлівым можа быць толькі тое, што ўвесь час абнаўляецца.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў


Калі хто сумняваецца ў тым, што беларуская мадэль развіваецца ў рамках мэйнстрыму, рэкамендую пазнаёміцца з прэамбулай чарговай рэдакцыі беларускай Канстытуцыі. Яна змяшчае выдатныя словы пра прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна. Не забытая і прававая дзяржава. Аднак усё пералічанае не адмяняе «нацыянальнай самабытнасці». Куды ж без яе!
У Пасланні–2022 самабытную трактоўку дэмакратыі перадае наступная цытата: «Нас заўсёды вучылі: правы і абавязкі найперш. Вось твае правы — на працу, ахову здароўя, адукацыю, заробак, калі ты працуеш. Хто не працуе, той не есць. Дэмакратыя — гэта правы і свабоды. У рамках закона. Маеш права, можаш праявіць сябе — ідзі стварай прадпрыемствы, працуй. Вось і ўся дэмакратыя. Яна павінна быць ад жыцця, ад народа, паколькі гэта ўлада народа».
Правы чалавека ў першым набліжэнне можна падзяліць на асабістыя, сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя. Нескладана заўважыць, што ў прыведзенай цытаце палітычным правам месца не знайшлося. І гэта не нейкі выпадковы недагляд спічрайтэраў, а адна з базавых характарыстык «нацыянальнай самабытнасці», якая перацякае з дакладу ў даклад на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў.
Яшчэ адна цытата з той жа крыніцы: «Ніхто не выпрацаваў гэтыя дэмакратычныя стандарты, будзь то на выбарах ці яшчэ дзесьці. Няма гэтых адзіных стандартаў. «Дэмас» — народ, «кратас» — улада. Дэмакратыя — гэта ўлада народа, і рэферэндум — гэта і ёсць элемент гэтай дэмакратыі».
Што праўда, то праўда. Агульнапрынятага вызначэння дэмакратыі не існуе. Колькі людзей — столькі і меркаванняў.
Не стану стамляць чытачоў і абмяжуюся вызначэннем, запазычаным у аўстрыйскага эканаміста Ёзэфа Шумпетэра (1883–1950) у выкладанні расійскага грамадскага дзеяча Ігара Качаткова: «Дэмакратычнай можа быць прызнаная краіна, у якой не менш за два разы запар кіруючая партыя ці кіраўнік дзяржавы (у залежнасці ад формы дзяржаўнага ладу) адхіленыя ад улады ў выніку свабодных выбараў. Нават паўторная перамога дзеючага прэзідэнта або кіруючай партыі на выбарах у дзяржаве, якая фарміруецца, заўсёды пад падазрэннем. А вось дзве паразы ў бесперапыннай серыі свабодных выбараў пераканаўча сведчаць пра рэальную канкурэнцыю за галасы выбаршчыкаў, гарантыі для апазіцыі, свабоду слова і іншыя атрыбуты дэмакратыі».
На постсавецкай прасторы крытэрыю Шумпетэра адпавядаюць толькі Латвія, Літва, Эстонія і Малдова. Нескладана заўважыць, што ўсе гэтыя краіны мелі 20-гадовы дасавецкі досвед дэмакратычнага ўладкавання. Ва Украіне, Арменіі і Грузіі па адным разе тамтэйшыя прэзідэнты прайгравалі. Аднак адзін раз не лічыцца, калі пагадзіцца з Шумпетэрам.
Што да Беларусі, то, кажуць, у нас хапіла розуму не паддацца «ліхаманцы змяняльнасці ўлады», як «некаторыя постсавецкія дзяржавы» (Пасланне–2022).

44 мільёны праглядаў

Не абдзеленыя ўвагай у Пасланні–2022 і нашы каштоўнасці: «У нашай традыцыі — прыярытэт грамадскіх інтарэсаў над асабістымі. Хоць нас доўгі час “апраменьвалі” наймагутным уплывам ідэй індывідуалізму і спажывецтва, што робяць і цяпер».
Мы фарміруем не грамадства спажывання, а «грамадства адукаваных і свядомых грамадзян, асэнсавана ўцягнутых у стварэнне роднага дома — нашай Беларусі».
З «нашай Беларуссю» ўсё зразумела, але як быць з краінай алігархаў, з «нашай Расіяй», з якой, на зайздрасць загніваючаму Захаду, мы заснавалі Саюзную дзяржаву?
Згодна з разлікамі часопіса Forbes, сумарная маёмасць 200 самых багатых расійскіх бізнесменаў у 2021 годзе склала $ 663 мільярдаў. Маёмасць чыноўнікаў ацаніць складаней, але ролікамі пра палацы «слуг народа» поўніцца інтэрнэт. «Ён вам не Дзімон» — толькі адзін з многіх. Фільм быў размешчаны на партале YouTube 2 сакавіка 2017 года. На пачатак студзеня 2022-га фільм меў больш за 44 мільёны праглядаў.
У студзені Міністэрства культуры Расіі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект указа Пуціна «Асновы дзяржаўнай палітыкі па захаванні і ўмацаванні традыцыйных расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў».У пералік традыцыйных каштоўнасцяў увайшлі «прыярытэт духоўнага над матэрыяльным» і «адказнасць за лёс Айчыны», а ў пералік пагроз — дзеянні ЗША і іх саюзнікаў. Не забытыя і замежныя некамерцыйныя арганізацыі.
Параўнанне праекта Мінкульта Расіі са спісам Forbes дазваляе надаць вядомаму афарызму, які прыпісваецца Беніта Мусаліні, «сябрам — усё, астатнім — закон», новае гучанне: «сябрам — мільярды, астатнім — традыцыйныя каштоўнасці».

У лідараў сусветных рэйтынгаў

Няздольнасць беларускай мадэлі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у спіс Forbes не адмяняе букета яе падабенстваў з мадэллю, выбудаванай у Расіі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна.
«Пуцінскі рэжым, — тлумачыць журналіст Дар’я Праваторава, пазбаўлены ідэалагічнага сэнсу. Рэпрэсіўныя меры Крамля дазволілі закруціць гайкі ў грамадстве, але не запоўнілі ідэалагічную пустэчу, якая засталася пасля распаду Савецкага Саюза. Верагодна, менавіта з гэтай прычыны дзевяць гадоў таму Крэмль спыніўся на новым міжнародным брэндзе: абароне “традыцыйных каштоўнасцяў” ад сілаў касмапалітызму, глабалізацыі і вяршэнства правоў чалавека».
Прапаганда Крамлём «традыцыйных каштоўнасцяў» арганічна спалучаецца з высокімі месцамі ў сусветных рэйтынгах па колькасці разводаў, абортаў, выпадкаў захворванняў алкагалізмам, наркаманіяй і ВІЧ на душу насельніцтва.
Усё пералічанае, як паказвае практыка, з’яўляецца складовай часткай расійскага кансерватызму, які — у адрозненне ад амерыканскага кансерватызму XX стагоддзя, што абараняў ліберальную дэмакратыю ад камунізму, — закліканы абараніць аўтарытарызм ад ліберальных каштоўнасцяў.
Аднак вернемся да Паслання–2022: «У сённяшнім зменлівым і штучным свеце аказалася, што мы са сваім кансерватыўным і традыцыйным мысленнем знаходзімся ў значна больш устойлівай пазіцыі».

Спрэчны тэзіс. У дынамічнай («цякучай» паводле Зыгмунта Баўмана) сучаснасці ўстойлівым можа быць толькі тое, што ўвесь час абнаўляецца.