Святая лічба

Тэма гэтай «Азбукі паліталогіі» — вынікі 2009 года. Але ўлічваючы, што ахапіць неахопнае — справа няўдзячная, я абмяжуюся Уладай. Наша Улада — адзіная і непадзельная. Яна па-за рацыянальным мысленнем, яна сакральная, а таму ўжыванне вялікай літары ў дадзеным выпадку больш чым дарэчы.



201d7288b4c18a679e48b31c72c30ded.jpg

Тэма гэтай «Азбукі паліталогіі» — вынікі 2009 года. Але ўлічваючы, што ахапіць неахопнае — справа няўдзячная, я абмяжуюся Уладай. Наша Улада — адзіная і непадзельная. Яна па-за рацыянальным мысленнем, яна сакральная, а таму ўжыванне вялікай літары ў дадзеным выпадку больш чым дарэчы.
У апошнія хвіліны сыходзячага года беларусы сустрэліся з Лукашэнкам. Такая традыцыя. Ён прыйшоў у нашы хаты, каб разам з намі «падзяляць радаснае чаканне Новага 2010 года» і падвесці вынікі года, які прайшоў. Гэтым разам чаканні звяліся да формулы: «Крызісы прыходзяць і сыходзяць — мы застаёмся!» Хто хаваецца пад займеннікам першай асобы множнага ліку «мы» — здагадацца нескладана.
Годам раней асноўная ідэя навагодняга звароту была іншай: «Нашы сэрцы заўсёды адкрытыя для тых, хто ідзе да нас з дабром». Такіх у 2009 годзе апынулася няшмат, але быў адзін суб’ект, якога нельга не згадаць. Гэта Міжнародны валютны фонд. дабра ён нам прынёс амаль на 2,3 мільярда долараў. Дай Бог яму здароўя!
Апошні навагодні зварот быў па-хатняму цёплым, я б нават сказаў, інтымным. Ніякіх разваг пра «правільнасць абранага шляху», пра тое, што «мы гэтыя гады ўсё рабілі правільна». Параўнаеце: «У нас есть за что поблагодарить уходящий год. У кого-то родился малыш, кто-то справил новоселье, поступил в вуз, начал собственное дело».
З пункту гледжання азбукі паліталогіі, такая змена акцэнтаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія, мяркуючы па ўсім, пройдуць ва ўмовах эканамічнага крызісу, цалкам апраўданая. Падмацую сваю думку выказваннем рэдактара часопіса «The New Times» Яўгеніі Альбац: «Для аўтарытарных рэжымаў характэрна, што ўлада ўсяляк імкнецца вывесці людзей з палітыкі. Гэта і называецца на мове палітычнай навукі «паніжэннем палітычнай мабілізацыі мас» — каб нізы наогул перасталі цікавіцца, што там вярхі робяць».
Узяў слова — трымай!
Рэжым асабістай улады Лукашэнкі, логіка якога, здавалася б, не з’яўляецца таямніцай, да канца года прыемна здзівіў. Склалася ўражанне, быццам расчыніліся нябёсы і на беларускае грамадства абрынулася плынь дзяржаўнай дабрадаці. З 1 студзеня ў рэспубліцы падвышаюцца пенсіі ў сярэднім на 9 працэнтаў (мінулае падвышэнне адбылося ў лістападзе) і дапамога па догляду за дзіцём — да 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму. Адначасова падвышаецца мінімальная заработная плата і стаўка першага разраду.
Не засталіся на ўзбочыне дзяржаўнай увагі і тыя, хто марыць абзавесціся ўласным жыллём. Для іх прадугледжаны цэлы пакет крэдытных палёгкаў. Бяры не хачу. І ўсё гэта адлюстравана ў бюджэце, г. зн. стала законам. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што асігнаванні на сацыяльную палітыку мусяць (абавязаныя) узрасці ў 2010 годзе на 114 працэнтаў!
Беларусы даўно прызвычаіліся вымяраць узровень свайго матэрыяльнага дабрабыту ў доларах. Улада пра тое ведае, таму, малюючы карціну светлай будучыні, не шкадуе «зеляніны». Звернемся да першакрыніцы, да заключнага выступу Лукашэнкі на трэцім Усебеларускім народным сходзе: «Я убежден, что спустя 5 лет, если мы выполним эти параметры, сможем сказать, что каждый имеет 250, а средняя будет около 500 (выдзелена ў афіцыйным тэксце — C. Н.). Если мы выполним параметры, которые заложены в программе. А у нас есть для этого всё».


На момант усенароднага «веча» сярэдняя зарплата складала 250 долараў. У яе падваенне да канца пяцігодкі, паводле апытання НІСПД, верылі тады 60,5 працэнта беларусаў. Скептыкаў жа было амаль у два разы менш — 38,8 працэнта. Да 2009 года ўсё ішло ў штатным рэжыме, але сусветны крызіс зламаў тэндэнцыю. І калі ў рублях рэальны заробак за мінулы год практычна не знізіўся, то яго доларавы эквівалент прыкметна схуднеў.
Здавалася б, адбыўся форс-мажор, і ва Улады ёсць маральнае права адмовіцца ад узятых на сябе абавязкаў. Невыпадкова ў прыведзенай вышэй цытаце рэфрэнам паўтараецца: «калі мы выканаем…» Так, на той момант ва Улады было «для гэтага ўсё», але зараз тое, што было — сплыло, і вонкава выглядае, быццам бы па незалежных ад Улады прычынах. Нездарма ж пра талерантнасць беларусаў ходзяць легенды. Народ і не такое маўкліва праглынаў. Дастаткова ўзгадаць публічнае выказванне Лукашэнкі з нагоды нямецкага парадку, фармаванне якога пры Гітлеры «дасягнула найвышэйшай кропкі».
Але замест таго, каб падсцілаць антыкрызісную саломку, Улада палезла ў бутэльку, палезла па ўласнай ініцыятыве. З нагоды і без яе Лукашэнка стаў нагадваць пра дадзеныя на трэцім Усебеларускім народным сходзе абяцанні. Прывяду выказванне ад 30 снежня: «Что касается заработной платы, вы знаете, что у нас есть обязательство: средняя заработная плата должна в течение года достичь 500 долларов. Эта ціфра святая! Она принята на Всебелорусском народном собрании 5 лет назад. Мы должны это выполнять!»
Зноў гэты займеннік першай асобы множнага ліку! «Мы застаёмся», і таму «мы мусім». Такая формула беларускай Улады ў разуменні самой Улады. Магчыма, шматлікія чытачы здзівяцца, але «моцныя» аўтарытарныя рэжымы, у адрозненне ад рэжымаў «расхлябаных», якія дапускаюць суверэнны плюралізм, залежаць ад насельніцтва. Апошні ж, на думку палітолага Аляксандра Шубіна, «суверэнны перш за ўсё ад абавязкаў перад насельніцтвам». Таму і даводзіцца насельніцтву круціцца ў пошуках заробку, у той час як «уладная і маёмасная эліта засядлала плыні рэсурсаў і ў большай частцы насельніцтва зусім не мае патрэбы».
Кантрактная сістэма
Перафразуючы Льва Талстога, я адважуся сцвярджаць, што ўсе дэмакратычныя рэжымы падобныя адзін да аднаго, а кожны аўтарытарны рэжым аўтарытарны па-свойму. Па справядлівым назіранні класіка паліталогіі Хантынгтана, адзінае, што іх аб’ядноўвае, — гэта адсутнасць дэмакратычнай працэдуры выбараў. Дакладней, працэдура можа і быць у наяўнасці, але без рэальнага выбару.
У тым, што беларускі рэжым аўтарытарны, сумнявацца не даводзіцца. Так яго ўспрымаю не толькі я, але і сам яго заснавальнік. У якасці доказу працытую стэнаграму выступу перад студэнцкай моладдзю Брэстчыны ад 23 верасня 2004 года: «У нас очень сильная президентская власть, действительно, с элементами авторитаризма, в этом я всегда честно признавался. Такая у нас Конституция и законы в этот переходный период».
З нагоды апошніх слоў напрошваецца невялікі каментар. Сучасныя аўтарытарныя лідэры схільныя абвяшчаць свой аўтарытарызм з’явай часовай. Адсюль і «пераходны перыяд». Маўляў, я, зразумела, абедзвюма рукамі за дэмакратыю, але самі разумееце: народ не гатовы, нацыяналісты развалілі эканоміку, ворагі зайздросцяць нашым поспехам. Словам, як дрэннаму танцору, хтосьці або штосьці ўвесь час перашкаджае. Але гэта ўсё для даверлівых вяскоўцаў. У гісторыі яшчэ не было выпадку, каб аўтарытарны рэжым па ўласнай ініцыятыве трансфармаваўся ў рэжым дэмакратычны.
Беларускі аўтарытарны рэжым спецыялісты адносяць да рэжымаў папулісцкіх. Вялікую ролю ў падтрыманні іх устойлівасці адыгрывае своеасаблівы сацыяльны кантракт, сутнасць якога складаецца ў абмене «палітычных правоў і свабод на пераразмеркаванне прыбытку на карысць сярэдніх і малапрыбытковых груп насельніцтва праз дзяржаўна-карпаратыўныя механізмы» (Таццяна Варажэйкіна, сацыёлаг). З прапанаванай дэфініцыі вынікае, што на кантракце ў Беларусі не толькі настаўнікі і ткачыхі, але і Улада. Важнай асаблівасцю дадзенага кантракту з’яўляецца тое, што яго скасаванне па ініцыятыве наймальніка (грамадства) выплаты выходнай дапамогі не прадугледжвае.
Выпраўленне рэальнасці
Дык чаму ж Улада лезе на ражон? Мой адказ банальны. Беларуская Улада развучылася быць адэкватнай. Больш за 15 гадоў Лукашэнка ішоў «ад жыцця» і неяк неўзаметку кантакты з жыццём згубіў. На фоне эканамічнага росту гэта было незаўважна. Але вось знешні кантэкст змяніўся, і ад улады запатрабаваліся «глубина понимания событий, ответственность, реализм» (цытата з афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі), а з імі атрымалася замінка.
Улада сутаргава хапаецца за мінулыя, гадамі напрацаваныя схемы кіравання, паўтараючы пры гэтым загаворы пра адданасць абранаму шляху. Беларуская Улада, як вядома, пабудаваная па вертыкальным прынцыпе. Яна монасуб’ект. У яе няма «галін», а тыя, што фармальна такімі лічацца (Нацыянальны сход, судовая сістэма, дзяржаўныя СМІ), з’яўляюцца правадырамі волі Улады, забяспечваць сувязь з жыццём яны не здольныя.
Замацаваць сказанае дапаможа сацыёлаг Кірыл Рогаў: «Пры дэмакратычным рэжыме, калі рэальнасць пачынае адхіляцца ад прадпісаных ёй палітычнай дактрынай значэнняў, на парадку дня апынаецца абмеркаванне альтэрнатыўных дактрын. Пры недэмакратычным парадку — тэрміновыя меры па выпраўленню рэальнасці».
Праца па «выпраўленню рэальнасці» ідзе поўным ходам. Складваецца ўражанне, што асноўныя макраэканамічныя паказчыкі на 2010 год разлічваліся, сыходзячы не з эканамічнай рэальнасці, а з задачы па забеспячэнню «святой лічбы». Пры гэтым ніхто ва ўрадзе не запярэчыў і не падаў у адстаўку. Наадварот, усе дружна казырнулі і загаласілі: «Ах, 500 долараў, ах, 500 долараў!»
З часоў добраахвотнай адстаўкі ў 1996 годзе прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра і міністра Аляксандра Саснова я і не ўзгадаю, каб хтосьці з чальцоў урада выказаў падобнай выявай сваю нязгоду з афіцыйнай лініяй. Ці то кішка тонкая, ці то лінія стала настолькі выразнай?
Пераход ад кіравання ростам дабрабыту ў рэжым антыкрызіснага кіравання для беларускай Улады стаў невыканальнай задачай. Паводле яе ўяўленняў, сусветны крызіс ужо завяршыўся, і з хвіліны на хвіліну краіны свету стануць у чаргу па беларускія тавары. У гэтым і заключаецца, на мой погляд, асноўны вынік 2009 года.
А што да «святой лічбы», то я не здзіўлюся, калі да канца года яна будзе дасягнутая. Пытанне ў кошце. Колькі ўсім нам давядзецца заплаціць, каб дзяржава атрымала магчымасць плаціць нам па 500 долараў? У 2001 годзе для дасягнення аналагу «святой лічбы» давялося ў тэрміновым парадку скарачаць жыллёвае будаўніцтва і іншыя інвестыцыйныя праекты. Але пра сусветны крызіс тады гаворкі не было.