Украіна можа вярнуць Крым дыпламатычным шляхам

Уладзімір Зяленскі заявіў, што большасць украінцаў жадаюць вяртання Крыма — але не праз баявыя дзеянні.

aa8340a_770ba32_ze_op12.jpg


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў меркаванне, што Крым можа быць вернуты пад кантроль Украіны дыпламатычным шляхам. «Украіна зможа жыць спакойна, калі верне сабе ўсю сваю зямлю. Няма іншага шанцу. Няма выйсця, трэба дэакупаваць тэрыторыі. Так можа здарыцца, што Крым будзе вяртацца дыпламатычным шляхам», — сказаў ён у інтэрв'ю агенцтву «Reuters».
Зяленскі адказаў на пытанне журналіста пра тое, ці ў стане Украіна вярнуць Крым, улічваючы, што на паўвостраве размешчана вялікая колькасць расійскіх вайскоўцаў. Украінскі прэзідэнт адзначыў, што людзі ва Украіне больш падтрымліваюць дыпламатычнае вырашэнне крымскага пытання. Пры гэтым ён дадаў, што не можа назваць кола асоб, якія будуць абмяркоўваць вяртанне Крыма, і сказаць, калі могуць пачацца перамовы.


Раней Зяленскі заяўляў, што ва Украіны ёсць план і яна абавязкова вернецца ў Крым. Са свайго боку, міністр абароны Аляксей Рэзнікаў гаварыў, што Украіна плануе вярнуць Крым пры дапамозе заходняй зброі.
На пачатку верасня галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны ў артыкуле пра перспектывы вайны ў 2023 годзе дапусціў правядзенне ваеннай аперацыі па вызваленні Крыма, але адзначыў у той жа час, што гэта запатрабуе выкарыстання «вытворчай базы і запасаў вядучых заходніх краін».
У першыя тыдні пасля расійскага ўварвання ва Украіну Кіеў яшчэ дапускаў магчымасць «кампрамісу» з Расіяй у пытанні аб прыналежнасці Крыма і, у прыватнасці, прапаноўваў на 15 гадоў адмовіцца ад ваеннага вырашэння пытання. У жніўні ўкраінскія вайскоўцы нанеслі шэраг удараў па расійскіх пазіцыях на паўвостраве. Цяпер у Кіеве дапускаюць перамовы з Расіяй толькі пасля поўнага сыходу расійскіх войскаў з украінскіх тэрыторый.