Украінская актывістка Наталля Пазняк: Беларусы ці лукашысты?
Некалькі дзён таму ўкраінская актывістка Наталля Пазняк апублікавала ў Фэйсбуку тэкст, у якім растлумачыла, адкуль узнікаюць канфлікты паміж беларусамі і ўкраінцамі, каму выгадна распальваць нянавісць і чым сапраўдныя беларусы адрозніваюцца ад тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. «НЧ» публікуе пераклад з украінскай мовы.
Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»
«Ужо не першы дзень назіраю за "срачамі" вакол таго, што каму павінны беларусы. Сёе-тое заўважаю. Маё ўражанне: раскрутка ідзе з-за мяжы і мэта адна: настроіць больш беларусаў супраць украінцаў, каб потым можна было іх пусціць як гарматнае мяса на новы віток вайны. Таму што сярод больш за 34 тысячы ўтылізаваных акупантаў значная частка — бураты, дагестанцы, калмыкі і іншыя зняволеныя імперыяй народы. Маскалі б узрадаваліся, калі б наступнымі былі і беларусы.
Разганяецца "срач" узаемнымі прэтэнзіямі (пералік магу дадаць, вывучыла ўсе, паўтараюцца як пад капірку). Даходзіць да таго, што ні адзін бок не чуе іншы, таму што б'юць у самыя балючыя месцы (працуюць профі, каб не сумняваліся). Разганяюць хвалю боты, але трапляюць на кручок і дастаткова адэкватныя людзі, частку з якіх я ведаю, паважаю і люблю.
Таму — СТОП! Давайце разбірацца ў тэме.
Па фактах. Беларусы і ўкраінцы — сапраўды братнія народы, і за ўсю гісторыю нашага суіснавання не было аніякага супрацьстаяння паміж намі. Наадварот. Успомнім Грунвальдскую бітву, успомнім бітву пад Оршай, успомнім гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, якое гісторыкі называюць самым прадуктыўным для ўкраінскай дзяржаўнасці.
Доўгі час наша гісторыя ішла паралельна: і Украіна (часткамі), і Беларусь уваходзілі і ў склад Польшчы, затым Расійскай імперыі. Абедзве зазнавалі ціск і асіміляцыю. Пасля 1917 года на руінах Расійскай імперыі ўтварыліся УНР і БНР. Дарэчы, у войску УНР ваявалі і беларусы (двое нават даслужыліся да генералаў). І УНР, і БНР не выстаялі пад бальшавікамі, пацярпелі паразу. Далейшая гісторыя таксама была падобнай: і беларусаў, і ўкраінцаў адпраўлялі ў Сібір, у нас быў Галадамор, па Беларусі Другая сусветная прайшлася такім катком, што мала не падасца. І там, і там былі свае дысідэнты (успомніце хоць бы Ларысу Геніюш), у нас быў сумесны досвед Чарнобыля.
Далей — тое самае. У 1990-х і Украіна, і Беларусь абвясцілі сваю незалежнасць. І Украіна, і Беларусь у 1994 годзе зрабілі крок назад, выбраўшы "чырвонага дырэктара" ва Украіне і "змагара з карупцыяй" у Беларусі. Абодва выступалі за збліжэнне з Расіяй і свабоднае развіццё рускай мовы (гэта было часткай выбарчых праграм абодвух). І нават на мяжы тысячагоддзяў у нас адбываліся абсалютна паралельныя працэсы: забойствы палітычных апанентаў (1999 год — ва Украіне загадкава гіне ў ДТЗ Вячаслаў Чорновіл, у Беларусі загадкава знікаюць Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі) і апазіцыйных журналістаў (ва Украіне — Георгій Гангадзэ, у Беларусі — Дзмітрый Завадскі).
Мы выскачылі з пятлі ў 2004-м. Проста таму, што ў нас на той час ужо было да чорта алігархаў, якія канкуравалі паміж сабой і лічылі, што лепш быць феадаламі на сваёй вотчыне, чым губернатарамі трэцяга гатунку ў Расіі (у Расіі ўсё ўкраінскае, пакуль было не скрадзена, заўсёды было трэцяга гатунку). А такая небяспека была (успомніце сепаратысцкі з'езд у Севераданецку і прывід ПіСУАРу). У Беларусі гэта не атрымалася. Проста да таго часу там застаўся адзін алігарх — Лукашэнка і яго світа.
У Беларусі ў 2006 годзе таксама быў свой Майдан — Плошча Каліноўскага. Але Лукашэнка, напалоханы падзеямі ва Украіне, даў загад на сілавы разгон. Тысячы людзей былі збітыя, пакалечаныя. Адзін з іх, дарэчы, Мікалай Ільін, тады, у 2006 годзе, збіты да паўсмерці за тое, што спрабаваў правезці ў намётавы гарадок біятуалеты, перабраўся ва Украіну. Але, у адрозненне ад Польшчы ці Прыбалтыкі, у нас не было ніякай дзяржаўнай падтрымкі палітычным уцекачам з Беларусі. І Мікалай паехаў у Эстонію, дзе такая праграма была. Каб у 2020 годзе вярнуцца ва Украіну і з пазыўным «Эстонец» устаць на яе абарону. І загінуць пад Зайцавым (13 ліпеня будзе два гады), спрабуючы выратаваць параненага сяржанта Яраслава Жураўля. Гэта так, невялікі штрых да тэзісу, што беларусы баяцца ваяваць.
Была яшчэ адна спроба Майдана ў Беларусі — у 2010-м, падчас чарговых выбараў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (іншых, пачынаючы з 1996 года, калі Віктара Ганчара, забітага праз тры гады, адхілілі ад пасады старшыні ЦВК і гэтую пасаду аддалі Лідзіі Ярмошынай, проста не было і не магло быць — у 2020-м у сеціва скінулі запіс пасяджэння выбарчай камісіі, дзе яе члены агучвалі канчатковыя вынікі... за дзень да галасавання). Але і там Лукашэнка не цырымоніўся — усіх (!) сваіх апанентаў у дзень заканчэння галасавання ён проста кінуў за краты, а на пратэстоўцаў нацкаваў АМАП — тады было збіта і затрымана больш за 700 чалавек.
У 2020 годзе Лукашэнка ўсіх сваіх апанентаў кінуў за краты яшчэ за паўгода да выбараў.
І ўсё ж наступныя 10 гадоў, з 2010 па 2020-ы (ды і раней таксама), у Беларусі прайшлі пад знакам пратэстаў і рэпрэсій. Перад судамі беларускія актывісты ладзілі пікеты, на знак пратэсту прыкоўвалі сябе кайданкамі да парапетаў. Гэта мы, выходзячы на акцыі, думалі, будзе разгон або затрыманне ці пранясе. Яны ж добра ведалі, што не пранясе. Але выходзілі. Успамінаю словы беларускай рэжысёркі-дакументалісткі Вольгі Нікалайчык у Кіеве на прэм'еры яе фільма: "Калі мы нешта здымаем, то першае, што робім — гэта 3-4 копіі (чым больш — тым лепш) і хаваем іх у надзейных людзей. Таму што ведаем, што маментальна прыйдзе КДБ і канфіскуе матэрыял. А так — гэта шанец хоць нешта захаваць". Гэта быў, здаецца, той жа 2010-ы год.
Тая хваля пратэстаў, якую мы ўбачылі ў Беларусі ў 2020 годзе, уразіла ўсіх. Так, мы чакалі паўтарэння ўкраінскага сцэнара. Але мы бачылі толькі вяршыню айсберга, забываючы пра "трэці бок", які з 1993 года, пасля перавароту і расстрэлу ўласнага парламента зноў, як чорная дзірка, пачаў уцягваць суседзяў у кола сваіх інтарэсаў. Адзін знаёмы беларус выразна патлумачыў тое, што бачылі яны, але не бачылі мы: "У вас Майдан прастаяў тры месяцы, і толькі пад канец да яго разгону падключыліся рускія "спяцы" — і вы атрымалі сваю Нябесную Сотню. У нас маскоўскі АМАП стаяў на вуліцах ужо 9 жніўня і меў загад страляць на паражэнне. Калі б мы ўжылі сілу — у нас Нябесная Сотня была б ужо ў першы дзень. Усё хутка скончылася б, так, як скончыліся нядаўнія пратэсты ў Казахстане, — пра іх ужо ніхто і не ўспамінае. Мірны пратэст — гэта адзінае выйсце, якое нам пакінулі". А фішка, што беларусы дзейнічалі так, выключна "каб не было Майдана, каб не як ва Украіне", — гэта яшчэ адзін мем расійскай прапаганды, прыкладна такі, як і галоўны лозунг нашага Майдана — "хто не скача — той маскаль".
Так, многія беларусы цяпер не ідэнтыфікуюць сябе са сваёй дзяржавай, якая ператварылася ў плацдарм для агрэсара і з'яўляецца саўдзельніцай злачынства. Яны прызнаюць яе анексаванай Расіяй, як у 2014-м годзе быў анексаваны Крым (механізмы розныя — сутнасць адна). І спадзяюцца, што рана ці позна абедзве тэрыторыі будуць вызваленыя. А на папрокі: "Як вы маглі гэта дапусціць, вы адказныя за гэтую анексію?!" часта кажуць у адказ: "Гэтак жа, як і вы змаглі дапусціць анексію Крыма. Дарэчы, з тэрыторыі Крыма на Украіну гэтак жа ляцяць ракеты".
І менавіта таму яны, кінуўшы ўсё, едуць ва Украіну і бяруцца за зброю, каб у складзе палка Кастуся Каліноўскага ці іншых беларускіх нацыянальных добраахвотніцкіх фарміраванняў плячо да пляча з украінцамі ваяваць супраць агульнага ворага. І выходзяць там на пратэсты (27 лютага тысячы беларусаў на вуліцах скандавалі: "Не вайне" і "Слава Украіне"). І ладзяць партызанскую рэйкавую вайну, за якую Лукашэнка ўжо ўвёў смяротнае пакаранне. Чаго не скажаш пра мільён дыяспары ўкраінцаў, якія жывуць у Расіі — там дагэтуль не было аніводнай акцыі пратэсту.
А вата... Яна ёсць усюды, куды дацягнуў свае атрутныя кіпцюры "рускі свет". Паглядзіце вунь, з якой радасцю сустракаюць "вызваліцеляў" жыхары Лісічанска. І, калі прыгледзецца, то такіх можна знайсці па ўсёй Украіне. І не толькі "засланых казачкоў" — шмат сваіх, дамарослых. Што ж здзіўляцца, што і ў Беларусі ёсць шмат тых, хто не можа ўявіць сваёй будучыні без Расіі.
У Беларусі такіх называюць "лукашыстамі" ці ж "ябацькамі" (першы від больш агрэсіўны, другі — балота). Але не беларусамі. Наогул, калі браць па вялікім рахунку, існуе дзве паралельныя Беларусі, у якіх розная мова, розныя гербы, розныя сцягі. Яшчэ да нядаўняга часу тую, лукашэнкаўскую БССР, у нас лічылі дастаткова эфектыўнай, мы зайздросцілі беларусам, што ў іх такі прэзідэнт (яшчэ ў 2019 годзе яго дзеянні падтрымлівалі 67% украінцаў).
А ўвогуле беларусы заўсёды змагаліся і працягваюць гэта рабіць, нават калі мы гэтага не бачым. На ўсіх нашых плошчах побач з нашымі блакітна-жоўтымі сцягамі луналі беларускія бел-чырвона-белыя. Вельмі сімвалічна, што адным з першых у студзені 2014 года на Майдане загінуў беларус Міхась Жызнеўскі. З 2014-га беларусы разам з нашымі пабрацімамі ваююць з маскоўскай навалай. І гінуць у гэтым баі.
Хоць бы перад іх памяццю, давайце спыняць "срачы". Давайце выразна адрозніваць беларусаў, "лукашыстаў" і "ябацькаў", як мы навучыліся адрозніваць чачэнцаў і кадыраўцаў, украінцаў і сепараў. Вайна яшчэ не скончылася — і гэта наша агульная з беларусамі вайна.
Супраць агульнага ворага».