Украінскі ваенны эксперт: «Я б нанёс удар па групоўцы расійскіх сілаў на тэрыторыі Беларусі»
Алег Жданаў патлумачыў, чаму ўкраінскія ваенныя да гэтага часу гэтага не зрабілі.
У інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону ўкраінскі ваенны эксперт Алег Жданаў адказаў на
пытанне, ці ўдарыў бы ён, калі б меў паўнамоцтвы прымаць такія рашэнні, па скапленню
жывой сілы і тэхнікі расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі:
— Так, я б нанёс удар. Гэта б моцна спрасціла задачу пярэдняга краю.
Паводле яго слоў, пайсці на такі крок УСУ не могуць з-за адсутнасці тэхнічных магчымасцяў. Эксперт адзначыў, што з найбольш дальнабойных сістэм ва Украіны ёсць толькі РСЗА «Ольха» з далёкасцю пуску да 110 кіламетраў: «Больш у нас нічога няма», — адзначыў Алег Жданаў.
На ўдакладняючае пытанне Гардона, ці можна ўсталяваць гэтыя сістэмы на мяжы з Беларуссю, Жданаў адзначыў, што на момант пачатку вайны глыбіня ўварвання расійскіх войскаў не дазволіла гэтага зрабіць.
Нагадаем, што Генштаб УСУ заяўляе аб захаванні пагрозы ракетных і авіяцыйных удараў з беларускай тэрыторыі. Раней паведамлялі і аб тым, што ўздоўж украінскай мяжы прысутнічаюць расійскія вайскоўцы з «Іскандэрамі-М», самалётамі і «Панцырамі-С1».
Да чаго маглі б прывесці ракетныя ўдары з Украіны
Паспрабуем змадэляваць найбольш відавочныя наступствы такога рашэння.
Ракетны ўдар па тэрыторыі Беларусі з вельмі высокай доляй верагоднасці прывёў бы да прамога ўдзелу беларускай арміі ў вайне. Да гэтага ўкраінскі бок не даваў такіх падставаў, калі не прымаць пад увагу шматлікія абвінавачанні афіцыйнага Мінска ў нападзе Украіны на Беларусь, які нібыта «рыхтуецца».
Расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі, хутчэй за ўсё, вырасла б. Не выключана, што абмен ракетнымі ўдарамі, які суправаджаецца разбурэннем беларускіх гарадоў, мог бы стаць руцінай.
Магчыма, настроі ў беларускім грамадстве, расколатым стаўленнем да вайны, зрушыліся б у бок падтрымкі Расіі ў гэтым канфлікце.
Паводле gazetaby.com