Уладзімір Зяленскі: стаўленне беларусаў да ўкраінцаў нашмат лепшае, чым стаўленне расійцаў
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што Аляксандр Лукашэнка мусіць улічваць стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне пры ажыццяўленні сваёй палітыкі ў дачыненні да Украіны.
«Я спакойна стаўлюся... Якім бы ні быў лідар у той ці іншай
дзяржаве, ён павінен слухаць народ, які яго абраў. Усё роўна ён не можа
праводзіць выключна сваю палітыку», — сказаў Уладзімір Зяленскі, каментуючы па
просьбе журналістаў вынікі выбараў у Вугоршчыне.
У якасці прыкладу ён узгадаў Аляксандра Лукашэнку:
«Мы можам паглядзець на таго самага Лукашэнку. На жаль,
такая сітуацыя, якая яна ёсць паміж нашымі дзяржавамі. І, на жаль, ракеты
ляцелі ад яго, і ён цудоўна пра гэта ведае і разумее. Але мы бачым, што ён
нешта, нейкія крокі ён там рабіў, каб не ўступіць цалкам у вайну. Не факт, што
ён увойдзе, не факт, што не ўступіць. Мы гэтага не ведаем да канца. Вайна не
закончылася, але тым не менш, таму што яму трэба глядзець на свой народ», — цытуе Зяленска беларускае радыё, прызнанае «эстрэмісцкім».
«А народ Беларусі супраць вайны з Украінай. Дарэчы, калі
параўноўваць статыстыку, трагічную, дарэчы, статыстыку народу Расійскай
Фэдэрацыі і народу Беларусі, то вы можаце пабачыць, што стаўленне Беларусі
нашмат лепшае да ўкраінцаў, чым стаўленне расійцаў. Гэта праўда», — дадаў
украінскі прэзыдэнт.
Украіна ад пачатку расійскага ўварвання ўвяла абмежаванні
ў банкаўскай сістэме супраць грамадзян Беларусі, але так і не далучылася да
міжнародных санкцый, уведзеных супраць Аляксандра Лукашэнкі і вайсковага
кіраўніцтва Беларусі ўрадамі Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Швейцарыі,
Аўстраліі, Японіі, а таксама Еўрапейскім Саюзам.