Валерый Сахашчык: Разбуральныя наступствы ўступлення Беларусі ў вайну выявяцца ў лічаныя тыдні

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспекі распавядае аб тым, што адбудзецца, калі Расія ўцягне Беларусь у поўнамаштабную вайну з Украінай.

sachat_1208_0a87effa17a8ae01ae7a9c86aa0c3c5756b522bb.jpg


— Кіраўніцтва РФ, якое даўно страціла сувязь з рэальнасцю, як апошні шанец спрабуе ўцягнуць у сваю вайну Беларусь. Што нас чакае, калі ім гэта ўдасца? — задаецца пытаннем Валерый Сахашчык у звароце да вайскоўцаў і ўсіх беларусаў. І адразу ж на яго адказвае:

— Цягам першых некалькіх дзён будуць знішчаныя Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і большасць буйных аб'ектаў на памежнай паласе, а таксама ўся крытычная інфраструктура. Трэба разумець, што пры гэтым можа пацярпець і загінуць вялікая колькасць людзей.

Беларускія ўзброеныя сілы страцяць большую частку афіцэрскага складу, як гэта ўжо адбылося з расійцамі, бо сродкі сувязі ў УС РБ яшчэ больш старыя і прымітыўныя, чым у РФ.

Уся сістэма кіравання будзе раскрытая і знішчаная. Стаўленне да захопнікаў-беларусаў будзе яшчэ больш жорсткае, чым да расійцаў. З расійцамі ўжо ўсё ясна, беларусаў жа да нядаўняга часу лічылі брацкім народам і добрым суседам, а подлы ўдар у спіну выкліча страшную рэакцыю.

Былы вайсковец папярэджвае: украінцы добра гатовыя да нападу з боку Беларусі, а значыць, пры ўступленні ў гэтую вайну ў Беларусі будуць вялікія страты.

— Жыхары Беларусі гатовыя прымаць сотнямі і тысячамі сваіх сыноў у чорных поліэтыленавых пакетах?

Па словах Валерыя Сахашчыка, саўдзел у агрэсіі выкліча актывізацыю беларускіх патрыётаў, гатовых змагацца за сумленнае імя і міжнародную рэпутацыю беларускай нацыі.

— Колькасць нашых добраахвотнікаў ва Украіне істотна вырасце. Вайскоўцаў Беларусі будуць сустракаць свае ж беларусы, толькі значна лепш падрыхтаваныя і больш матываваныя.

Прадстаўнік пераходнага кабінета таксама адзначыў, што ў выпадку прамога ўступлення ў вайну, Беларусь стане краінай-ізгоем у свеце, падзеліць з РФ ганьбу паразы і будзе доўгія дзесяцігоддзі выплачваць рэпарацыі.

— Цана памылкі па пытанні ўдзелу ў вайне фатальна высокая, а яе разбуральныя наступствы праявяцца ў лічаныя тыдні.