Жахліва, што Расія імкнецца выкарыстоўваць харчаванне і энергію як зброю — Нэд Прайс

ЗША не здымуць санкцыі з Расіі ў абмен на доступ да ўкраінскіх партоў. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс заявіў, што ЗША адпрэчваюць прапановы Расіі аб скасаванні санкцый у абмен на разблакаванне доступу да ўкраінскіх партоў.

Фота з сайта www.lves.by

Фота з сайта www.lves.by

Пра гэта Нэд Прайс сказаў на брыфінгу ў сераду, паведамляе "Еўрапейская праўда".

"Вядома, мы не будзем здымаць санкцыі ў адказ на пустыя абяцанні. І раней мы чулі пустыя абяцанні ад Расійскай Федэрацыі. Я думаю, у нас ёсць падставы для скептыцызму, калі мы чулі розныя абяцанні і прапановы з Расіі", — сказаў Прайс.

Ён назваў жахлівым тое, што Расія імкнецца выкарыстоўваць прадукты харчавання і энергію як зброю. Нэд Прайс адпрэчыў таксама сцвярджэнне Расіі, нібыта гэта санкцыі супраць яе выклікалі харчовы крызіс, і заявіў, што РФ займаецца дэзінфармацыяй.

"Больш хуткае вырашэнне праблемы росту коштаў на сыравіну, росту коштаў на прадукты харчавання ва ўсім свеце — гэта спыненне расіянамі гэтай жорсткай вайны, спыненне Расіяй блакады партоў Украіны, спыненне нападаў на збожжавыя элеватары, спыненне нападаў на караблі са збожжам", —дадаў Прайс.