Графіці ў гонар Паўстання 1863 года ў Мінску
Сама пастаноўка праблемы сведчыць пра цікавасць грамадскасці да падзеяў 150-гадовай даўніны. Штуршком да дыскусіі стала тэза кандыдата гістарычных навук Андрэя Кіштымава пра
тое, што задума і хада падзей 1863 году даюць поўнае права назваць іх нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыяй.
У доказаў спадар Андрэй прывёў шэраг аргументаў: класічнае пытанне кожнай рэвалюцыі аб змене ўлады было не толькі ўзнятае, але і рэалізаванае; быў створаны падпольны ўрад, які меў свае
правінцыйныя камітэты; збіраліся падаткі, дзейнічалі ўласныя ўзброеныя сілы, працавалі свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы за межамі краю.
Зыходзячы з такой ацэнкі, навукоўца перагледзеў характар усіх выступаў супраць расейскага самаўладдзя на землях Беларусі: 1794 год – нацыянальна-вызвольная вайна (не ішла гаворка пра
змену ўлады, намінальна дзяржава працягвала існаваць, проста апошні аскепак Рэчы Паспалітай вёў барацьбу з замежнымі інтэрвентамі за сваё выратаванне і вяртанне забраных зямель); 1830-1831 гады
– паўстанне (барацьба за ўзнаўленне згубленага – аўтаноміі Каралеўства Польскага і Канстытуцыі 1815 году), хаця ў польскай літаратуры гэтыя падзеі называюцца і як польска-расейская
вайна 1831 году; 1863 год – першая рэвалюцыя, радыкальны паварот да поўнай нацыянальнай незалежнасці; барацьба за БНР – другая беларуская рэвалюцыя, а абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь
-- трэцяя.
Гісторык назваў дыскусійным пытанне пра тое, ці праявіў сябе беларускі нацыяналізм у рэвалюцыі 1863 году. Аднак лічыць бясспрэчным – пасля 1863 году пра беларускі нацыянальны рух можна
гаварыць як пра з’яву (часопіс «Гоман», нараджэнне класічнай беларускай літаратуры, «Нашай Нівы» і першых беларускіх палітычных арганізацый). Разам з тым,
наўпроставай сувязі паміж падзеямі 1863 году і беларускім нацыяналізмам даследчык не праглядае (супадаюць толькі ідэя барацьбы з царызмам і пачуццё адказнасці за лёс народу і Бацькаўшчыны;
узнаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году не магло стаць канструктыўнай ідэяй для беларускіх нацыяналістаў, тым больш, што ў 1863 годзе не шукалі адказу на пытанне пра дзяржаўны лад новай Рэчы
Паспалітай).
Паэт і даследчык беларускай гісторыі Яўген Гучок ускосна падтрымаў тэзу Андрэя Кіштымава пра рэвалюцыйны характар падзей 1863 году, у якіх быў прадстаўленны ўвесь
сацыяльны склад тамтэйшага грамадства: разам змагаліся графы, абшарнікі, дробная шляхта, чыноўнікі, святары (пераважна каталіцкія), сяляне, адстаўныя вайскоўцы, нават падпалкоўнікі царскай арміі,
салдацкія дзеці, гімназісты і студэнты.
Паводле слоў гісторыка Васіля Герасімчыка, калі для расейцаў падзеі 1863 году застаюцца польскім мяцяжом, дык для беларусаў – нацыянальна-вызвольным паўстаннем. На
ягоную думку, гэтаму паўстанню для рэвалюцыі не хапіла тых пасіянарных людзей, якія б сваім радыкалізмам і націскам змаглі перахапіць кіраўніцтва і дзейнічаць у адным накірунку. Даследчык звярнуў
увагу на шырокі ўдзел у паўстанні сялянства, якое складала не менш траціны ўсіх інсургентаў.
Навуковы сакратар ІБГіК, прафесар Анатоль Тарас назваў падзеі 1863 году нацыянальна-вызвольным паўстаннем з элементамі шляхецкай рэвалюцыі, паколькі бяднейшая шляхта была яе
рухавіком. Навукоўца звярнуў увагу на тое, што хаця Кастусь Каліноўскі не арганізаваў сваёй партыі і не распрацаваў праграму рэвалюцыйнага руху, яго барацьба не была марнай: пасля стварэння
Беларускай рэвалюцыйнай грамады аб ім сталі гаварыць і пісаць браты Антон і Іван Луцкевічы, Аляксандр Цвікевіч і Вацлаў Ластоўкі, якія менавіта ў Каліноўскім бачылі свайго папярэдніка. На думку
спадара Анатоля, для такога меркавання былі ўсе падставы: з Каліноўскага у рэчышчы польскага вызваленчага руху пачалося афармленне уласна беларускіх («ліцьвінскіх»)
нацыянальных патрабаванняў (перш за ўсе ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Польшчы); Каліноўскі першым звярнуў увагу на сялянства як галоўную дзеяздольную сілу беларускага народу;
менавіта ён запачаткаваў злучэнне сацыяльна-эканамічных (аграрных), палітычных (аўтаномія роднага краю) і рэлігійных (духоўнае адзінства народа на каштоўнасцях уніяцтва) праблем
нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларусаў.
«Каліноўскі адыграў важную ролю ў працэсе параўтварэння рэвалюцыйнага руху “тутэйшай” шляхты, якая ставіла сваёй мэтай аднаўленне ўнітарнай Рэчы Паспалітай, у рух
беларускага адраджэння, што злучыў задачы нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. Прычым акцэнт на праблемах сацыяльнай няроўнасці стаў вызначальным для ўсёй культурна-асветніцкай і палітычнай
дзейнасці беларусаў-адраджэнцаў. Ва ўспрыманні патрыятычнай часткі сучаснай беларускай моладзі Каліноўскі застаецца нацыянальным героем, рамантычным маладым шляхцічам, які першым і адзіным у свой час
здолеў сказаць пра “мужыцкі народ”, але яшчэ не беларусаў, як пра людзей са сваімі гонарам, правам, вераю і гісторыяй», -- адзначыў Анатоль Тарас.
Нагадаем, што гэтая канферэнцыя – другая ў бягучым годзе па названай тэме. Па выніках першай, што адбылася ў сталіцы 23 сакавіка, выйшаў зборнік «Паўстанне 1863 году на
Беларусі і Кастусь Каліноўскі». Па гэтай тэматыцы запланавана выдаць другі зборнік раней не друкаваных прац.