«Ад маскаля дабра не спадзявайся…»

150 гадоў таму выйшаў у свет першы нумар газеты «Мужыцкая праўда», аўтарам і выдаўцом якой быў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.



aa85e45da94cb0d78853c50ba636a15a.jpg

150 гадоў таму выйшаў у свет першы нумар газеты «Мужыцкая праўда», аўтарам і выдаўцом якой быў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.
Улетку 1987 года, звольніўшыся з савецкага войска, я закінуў свой дэсантніцкі блакітны берэт на гарышча і, захмялелы ад доўгачаканай свабоды, паехаў на пару дзён у Гародню. Пра тыя пару дзён атрымаўся б неблагі прыгодніцкі фільм, дзе фігуравалі б светлай памяці гарадзенскі рэстаран «Зубр», купанне ў хуткаплынным Нёмане проста ля падножжа Каложы, дэманстрацыя рукапашнага бою ў студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Парыжскай Камуны.
Але ўсё пералічанае ўспамінаецца неяк фрагментарна і — нібы ў тумане. Кантрастна і да драбніц запомнілася іншае. Аднойчы пасля вясёлай ночы мы з сябрам зайшлі на зацішнай вуліцы ў Музей Максіма Багдановіча. Там на сцяне вісеў плакат са словамі Кастуся Каліноўскага: «Я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».
Уражаныя, мы з сябрам надоўга спыніліся каля таго плаката. Прачыталі ўслых, з выклікам паглядваючы на прысутную супрацоўніцу музея. Нуль увагі. Учарашнія савецкія вайскоўцы, мы добра ведалі, што такое інтэрнацыянальныя адносіны ў дзеянні і што дзевяноста адсоткаў канфліктаў у войску адбываліся акурат на нацыянальнай глебе. Прычым пераважна з удзелам тых самых маскалёў, якія ў любым вайсковым фармаванні, як правіла, колькасна пераважалі. Дык тое ў войску, пасля адбою, дзе-небудзь у сушылцы ці ў ленпакоі. А тут у савецкім дзяржаўным музеі навідавоку вісіць плакат выразнай антырускай скіраванасці — і ніхто і ў вус не дзьме.
Ледзьве дачакаўшыся восені, я аднавіўся на родным філфаку БДУ і найперш пачаў шукаць твор Каліноўскага, цытата з якога так мне запомнілася ў гарадзенскім музеі. Добрыя людзі далі пачытаць «Лісты з-пад шыбеніцы» і «Мужыцкую праўду».
Сто пяцьдзесят гадоў таму з гэтай самай нелегальнай «праўды» пачалася беларуская незалежніцкая прэса. «Мужыцкая праўда» ад шляхціца Каліноўскага, першы нумар якой датуецца чэрвенем 1862 г., за кароткі час разварушыла чатыры губерні — Гарадзенскую, Менскую, Берасцейскую і Віленскую. Пярэдадзень паўстання ўвідавочніўся і для селяніна адкуль-небудзь з-пад Саколкі, і для найвышэйшых чыноўнікаў у Пецярбурзе.
«Мужыцкая праўда» стала тым крэсівам, ад якога запаліўся народны гнеў. Пра яе складалі цыркуляры прыставы і губернатары. Гэта ёй аддавалі пальму першынства выдаўцы «Нашай нівы», калі ў падзагаловак свайго выдання «першая беларуская газета» дадалі: «з рысункамі». Бо «без рысункаў» газета ўжо існавала. Яна аднымі тэкстамі ператварала ўчарашніх мірных касцоў у ваяўнічых касінераў.
Кастусь Каліноўскі быў не толькі адважным і таленавітым аўтарам, але і распаўсюднікам-рызыкантам. Ён сам развозіў «Мужыцкую праўду» па чытачах. Прыстаў Слонімскага павета зафіксаваў у адным з данясенняў: 7 кастрычніка 1862 г. невядомы ехаў балаголам па дарозе Слонім — Ваўкавыск і не хаваючыся раскідваў крамольную газету па навакольных вёсках. Гэтым невядомым быў Каліноўскі.
«Мужыцкую праўду» часам знаходзілі ў самых нечаканых месцах. Так, тэрмінова пасланы ў Гарадзенскую губерню штабс-капітан Чарнапятаў дакладваў, што выявіў газету на прыдарожных крыжах. Скрыжаванні былі сялянскімі чытальнямі. Едзеш на кірмаш ці на вяселле — спыніся і пачытай.
У мястэчку Дзятлава прыстаў знайшоў «Мужыцкую праўду» ў згубленым на вуліцы вузельчыку з медзякамі.
Трыццаць сем асобнікаў «Мужыцкай праўды» пры раптоўным вобшуку ўлады выявілі нават у казённай установе — у Гарадзенскай палаце дзяржаўнай маёмасці. У газетны скрутак была ўкладзеная запіска: «Разаслаць у вёскі непрыкметным спосабам у форме лістоў. Зямляк, не парушай веры, у адваротным выпадку — спалі».
«Мужыцкую праўду» завучвалі на памяць, каб пераказаць тым, хто не ўмеў чытаць. Жыхар Сакольскага павета Міхал Зянцюк прызнаўся на допыце, што чытаў газету з памяці свайму суседу, калі яны разам збіралі ў лесе ламачча.
Яшчэ ў 1960 годзе «Мужыцкую праўду» знайшлі рамонтнікі на гарышчы старога дома ў Вільні. У схоўніцы ляжаў нумар газеты і заржавелы штык, прыхаваныя, відаць, да новага паўстання.
 «Мужыцкая праўда» трапіла і ў далёкае замежжа — у Лондан, дзе расейскі палітэмігрант Аляксандр Герцэн назваў яе «лятучым лістком». А прадстаўнік другога лагера славянафіл Іван Аксакаў абазваў першую беларускую газету «паскудным польскім творам, поўным паклёпаў на Расею». Польскім, відаць, таму, што «Мужыцкая праўда» друкавалася лацінкай, якую расейцы (не толькі славянафілы) почасту блыталі з польскай мовай.
Невядома, дзе знаходзіўся той друкарскі варштат, з якога зляцелі ў свет сем нумароў «Мужыцкай праўды». Даследчыкі называюць толькі верагодныя гарады — Беласток, Гародню, Вільню. Невядомы і друкар, які на свой страх і рызыку падклаў бомбу пад усю паўночна-заходнюю ўскраіну велізарнай імперыі. Вось каму пасаваў бы (хай сабе і пасмяротна) ордэн Францішка Скарыны! А то апошнім часам беларуская ўлада чапляе яго на грудзі такім дзеячам, што хочацца наўслед за Высоцкім залямантаваць: «Отберите орден у Насера, не подходит к ордену Насер!»
Сто пяцьдзесят гадоў прамінула, а «Мужыцкая праўда» і сёння актуальная, яе нумары можна даваць перадавіцамі ў цяперашніх незалежных газетах, і які-небудзь «станавы прыстаў» з Міністэрства інфармацыі абавязкова знойдзе там крамолу — «распальванне нацыянальнай варажнечы» ці штосьці падобнае.
Дзіву даешся, як малады (дваццацічатырохгадовы!) Кастусь Каліноўскі, для салідарнасці ўзяўшы сабе псеўданім Яська-гаспадар з-пад Вільні, так трапна і празорліва вызначыў, што павінны былі зрабіць беларусы яшчэ ў XIX стагоддзі, не зрабілі ў XX і не спяшаюцца зрабіць у XXI. А Каліноўскі ўсё распісаў, склаў для сваіх суайчыннікаў навырост своеасаблівы кодэкс будаўніка Беларускай дзяржавы.
Вось у першым нумары «Мужыцкай праўды» гучыць яго палымяны заклік да салідарнасці: «Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмася разам!». Галоўная тэма другога нумара — грамадзянскае непадпарадкаванне: «Калі хочаце бараніць сваю зямлю, то не служэце паншчыны і не плаціце падаткі ў казну — от і будзе справядлівасць». У трэцім нумары — на першым месцы імператыў свабоды і несакрушальная вера ў свой народ, кіраваны Божым провідам: «Нам вольнасці трэба, але такой, якую мы самі паміж сабой зробім. Толькі, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваць трудна, бо Боская моц вялікая, а народу многа».


Каліноўскі, відаць, быў выдатным прамоўцам. «Мужыцкая праўда» літаральна нашпігаваная афарызмамі. У чацвёртым нумары адразу кідаецца ў вочы крылаты выраз, з якога павінны пачынацца ўсе беларускія падручнікі па паліталогіі: «Не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу — гэтак, дзецюкі, ёсць на цалюсенькім свеце». Тамсама знаходзім словы пра зрусіфікаваную школу: «У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаць па-маскоўску, каб цябе зусім спраўна перарабіць на маскаля». У часы Каліноўскага гэткай школе ў дапамогу прызначаўся расейскі штык, а сёння свае ж айчынныя міністры і падміністры без усякіх штыкоў, самахоць нішчаць нацыянальную адукацыю на карані.
Мы безліч разоў чулі, як доблеснае беларускае войска збіраецца касцьмі легчы, а не прапусціць натаўскія танкі на Расію. А адносна нядаўняя дамова пра калектыўную бяспеку дазваляе ў выпадку патрэбы кінуць беларускі спецназ на разгон маскоўскіх мітынгаў. Вось жа і пра гэта яшчэ сто пяцьдзесят гадоў таму ведаў і пісаў Кастусь Каліноўскі ў пятым нумары сваёй «Мужыцкай праўды»: «Нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае ўсіх нас у вечную няволю».
Шосты нумар газеты прысвечаны пытанню веры, і тут Каліноўскі не вагаецца: «Цар маскоўскі перакупіў многа папоў і вялеў нас у схізму запісаць і, як антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру». За прыхільнасць да ўніяцтва аўтара «Мужыцкай праўды» шмат хто ўшчуваў, нават найлепшы знаўца тае эпохі Генадзь Кісялёў. Шматлікіх праваслаўных бацюшак, узнагароджаных расейскім дзяржаўным медалём з надпісам «За усмирение польского мятежа 1863 года», Каліноўскі наўрад ці паспеў пабачыць. Але галоўную ролю РПЦ на беларускіх землях ён разумеў выдатна. Пройдзе паўтара стагоддзя, і беларускі аддзел гэтай разгалінаванай структуры збярэцца кананізаваць самага зацятага змагара з уніяй — мітрапаліта Іосіфа Сямашку.
І, нарэшце, сёмы, апошні нумар «Мужыцкай праўды» адкрыта заклікае да ўзброенага паўстання: «Трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі ды косамі туды, дзе дабіваюцца волі і праўды, адкуль цягне на нас нячыстая маскоўская сіла».
Мяркуючы па арэале распаўсюджвання, наклад «Мужыцкай праўды» сягаў некалькіх тысяч асобнікаў. Але спрацаваў прынцып «прачытай і перадай (перакажы) другому», і ў паўстанцкія шэрагі сталі каля дваццаці пяці тысяч чалавек. Супраць ста дваццаці тысяч рэгулярнага войска. Косы ды вілы — супраць штуцэраў і гарматаў.
Праз год з чытачоў «Мужыцкай праўды» будуць фармавацца арыштанцкія роты, брыгады катаржнікаў у сібірскіх рудніках. 128 чалавек будуць павешаныя — на распараджэнне генерал-губернатара Мураўёва. Паводле сучасных беларускіх падручнікаў па гісторыі — «таленавітага адміністратара», чыю дзейнасць некаторыя высакалобыя дактары навук называюць амбівалентнай. Маўляў, ён не толькі караў бунтароў, але і школы адчыняў. Але шыбеніца не бывае амбівалентнай!
На прапанову пакаяцца Кастусь Каліноўскі адказаў следчаму: «Усведамленне сваёй годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляе мне ісці іншым шляхам». І пайшоў на эшафот.
У камеры смяротнікаў дапісваў Кастусь Каліноўскі сваю «Мужыцкую праўду». Прычым калі напярэдадні паўстання ён звяртаўся да дзецюкоў і мужыкоў, то з-за кратаў ён ужо прамаўляў да народа. І стоячы на Лукішках халоднай сакавіцкай раніцай, ён бачыў перад сабою народ, дзеля якога ішоў на смерць.
Якая ж асноўная думка Каліноўскага, якую ён хацеў данесці да свайго народа? Які ягоны, кажучы сучаснай мовай, мэсыдж? Што ж, пачуйма — ціхі голас з таго свету часам больш чутны для нас, чым адчайныя лямантацыі з гэтага. Вось цытаты з тае самае «Мужыцкай праўды»:
«Ад маскаля няма чаго дабра спадзявацца… Маскаль хітры, урад маскоўскі нас дурманіць… Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма… Жыццё пад маскалём — горкая доля… Паспрыяеш маскалю — саграшыш перад Богам… Маскаль — як саранча, што худобу гаспадарскую глуміць… Храмы нашы маскаль перарабіў на стайні… Як дзень з ноччу не сходзяцца, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай… З усіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку аб сваім брацтве з намі, але брацтва там нямнога знойдзеш».
Ясна ўсё як Божы дзень.
Цяпер зразумела, чаму афіцыйная гістарыяграфія Кастуся Каліноўскага на дух не пераносіць і з нацыянальнага героя спрабуе ператварыць у тэрарыста з варшаўскай арыентацыяй. Вось чаму, нягледзячы на ўсе высілкі інтэлігенцыі і безліч праектаў, ні ў сталіцы Беларусі, ні нават у абласных цэнтрах так і не з’явілася ніводнага помніка Каліноўскаму. Адзіны ў Беларусі помнік герою яшчэ за савецкім часам усталяваны ў мястэчку Свіслач на Гарадзеншчыне. Сучасная ўлада дэмантаваць яго не адважылася. Затое паставіла непадалёк помнік Сталіну. Так і стаіць Кастусь Каліноўскі пад пільным наглядам генералісімуса — каб, крый Божа, зноў якога паўстання не арганізаваў.
 

Міхась СКОБЛА