Эпізод з жыцця беларускага этнамузыколага Антона Грыневіча

Падчас працы ў архівах Вільнюса мне трапіўся, лічу, цікавы дакументальны матэрыял — судовая справа, заведзеная Віленскім акруговым судом яшчэ ў той час, калі Віленшчына не была афіцыйна далучана да Польшчы, мела напаўатаномны юрыдычны статус Сярэдняй Літвы.


З акту абвінавачання Грыневіча вынікае, што ён быў арыштаваны ў цягніку ў Маладзечне агентам польскай контрразведкі. Пры вобшуку ў арыштаванага этнамузыколага была выяўлена ладная сума польскіх, царскіх, керанскіх і савецкіх грошай, некалькі лістоў ад менскіх беларусаў да віленскіх. Сваю паездку арыштаваны патлумачыў клопатам кааператараў. Як бухгалтар кааператыву друкароў, а ён такі быў на той час ім, маўляў, прывозіў вагон солі на станцыю Залессе, а рэалізаваўшы тавар, мусіў зрабіць закупку збажыны для сваёй кааперацыі. Можа, і сышла б тая версія за праўду, каб сышчыкі не знайшлі на дне карабка запалак у Грыневіча палатнянага ласкута, на якім чарнілам была зроблена лічбавая шыфроўка. Гэты факт даў падставу дэфензіве западозрыць кааператара не толькі ў камерцыйных інтарэсах. Пасля трохдзённых допытаў Грыневіч прызнаўся, што хадзіў пяхотай за граніцу. У Менску заставаліся з вясны, калі выехаў у Вільню, каб надрукаваць «Беларускі слоўнік», адзенне і бялізна. Трэба было неяк тое забраць.
Была гэта праўда, але не ўся. Далей следства высветліла, што пры выездзе з Вільні атрымаў грошы і лісты ад кааператара Эдварда Будзькі для Менскай цэнтралі беларускіх кааператываў, ліст ад кааператара Кісялеўскага да камісара земляробства Хатэнкі. Спыняўся ў Язэпа Лёсіка, які перадаў два лісты — адзін да В. Іваноўскага, а другі да М. Гарэцкага. Славінскі ж, з якім Грыневіча пазнаёміў Хатэнка, прасіў перадаць ліст Кісялеўскаму. Адным словам, набіралася некалькі фактаў, але адзін рэчавы доказ вінаватасці арыштаванага пераважваў усе іншыя — шыфроўка, яе загадкавы тэкст.
Капітан дэфензівы Дунін-Вэнсовіч як эксперт даў заключэнне, што Грыневіч не выглядае на прастака, які не ведаў, што перадае. Шэф секцыі дэфензівы 2-га аддзела «dwоjki» Генштаба Ферлецкі патрактаваў шыфроўку як дэпешу менскіх камуністаў да віленскіх, а самога Грыневіча — як «бальшавіцкага кур’ера». На падставе сабраных звестак і рэчдокаў пракуратура пры Віленскім акруговым судзе абвінавачвала «грамадзяніна Савецкай Расіі Грыневіча Антона, год 45, сына Антона і Фаўстыны, у тым, што, будучы чужаземцам зімой 1920–1921 гг. на тэрыторыі Віленскай зямлі дапамагаў Савецкай Расіі ў яе варожых дзеяннях супраць Польшчы. Пры гэтым дапамога гэта палягала ў падтрыманні сувязі паміж беларускімі дзеячамі-камуністамі ў Вільні, а таксама дзеячамі Усходняй Беларусі. Злачынства прадугледжана ў арт. 119 і 108 ч. 1 КК і згодна з арт. 208 УПК падлягае разгляду ў акруговым судзе Вільні». Судовы працэс над Грыневічам тым часам упіраўся ў важны, калі не самы істотны, аргумент віны падсуднага: дэфензіва не магла дэшыфраваць тэксту знойдзенай у яго старанна схаванай шыфроўкі... Кісялеўскі ж і Будзька ўцяклі ў Коўна. Пасля працяглага побыту ў турме восенню 1921 года Грыневіч быў звольнены пад сціслы паліцэйскі нагляд, даў распіску, што не пакіне цяперашняга (тагачаснага) месцы жыхарства. Усё гэта фігуруе ў справе 1132, ф. 129-га, воп. 2-га Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы.
Заўважым, што забарона пакідаць межы горада, хоць і такога самавітага, як Вільня, для збіральніка фальклору была пакараннем немалым. У першай палове 20-х гадоў запісы песень, мелодый, зробленыя Грыневічам, былі здзейснены адно ў горадзе. Этнамузыколаг натаваў і апублікаваў у спеўніку фальклорныя творы з вуснаў інтэлігентаў, беларускіх журналістаў, як Янка Пачанка, грамадска-палітычных дзеячаў Б. Тарашкевіча, С. Рака-Міхайлоўскага, мастака Яз. Драздовіча і інш. Што ж да польскіх пінкертонаў з дэфензівы, то ў прафесійным чуцці ім нельга было адмовіць. Шыфроўка, якая аказалася для іх цвёрдым арэшкам, належала, хутчэй за ўсё, А. Славінскаму, які нямала папрацаваў для экспарту рэвалюцыі на Захад.
Увогуле ж лісты, якія перадаў і меў перадаць Антон Грыневіч у Менску і Вільні, праліваюць крыху святла на кантакты беларускай інтэлігенцыі, раздзеленай у пераломныя 1920–1921 гады дзяржмяжой. Ліставанне іх мела не толькі чыста прыватны характар. І таму ж Яз. Лёсіку, і М. Гарэцкаму, і Э. Будзьку моцна карцела аб будучыні сваёй бацькаўшчыны.
Становішча А. Грыневіча, нягледзячы на звальненне з астрогу, заставалася няпэўным. Судовая справа была не закрытая, і ў любы час можна было чакаць позвы ў суд. Адчуваў музыка-фалькларыст, казаў пра тое П. Карузу, на сабе назойлівае вока шпікоў.
Пры першым знаку, што судовая расправа можа ўзнавіцца, у красавіку 1925 года падаўся на ўсход. Дзесяць месяцаў турэмнага мадзення даліся ў знакі, і не хацеў паўтарэння падобнага. Шкада было архіву, сабраных пачынаючы з 1906 года тысяч песень, розных фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў... Рызыкаваць пераходзіць граніцу з такім багажом не рашыўся, дый не паспеў усё сабраць.
Калекцыя фальклорна-музычных матэрыялаў Антона Грыневіча заставалася ў Вільні ў Беларускім музеі. Падчас вайны з ёй працаваў кампазітар Тадэвуш Шалігоўскі. Паводле ўспамінаў народнага артыста Г.І. Цітовіча, кампазітар-віленчанін быў захоплены яе багаццем, шкадаваў, што няма лібрэта, якое б стала асновай для напісання оперы. Мелодыі, што раіліся ў галаве музыкі пад уражаннем народнага меласу, прасіліся пакласці іх на партытуру. Сам жа Шалігоўскі прызнаваўся, што, перажыўшы дзве вайны ў Вільні, гатоў з’ехаць хоць на край свету з гэтага, па яго словах, горада-палігона. Па вайне ён такі выехаў у Польшчу.
Што ж да архіва фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў Антона Грыневіча, то яны, на шчасце, захаваліся. Выданне іх сёння магло б стаць помнікам рупліваму і самаахвярнаму беларускаму этнамузыколагу, жыццё якога трагічна абарвалася 8 снежня 1937 года ў Салаўках.