Гістарычны атлас Беларусі. Том 1

Трымаю ў руках унікальнае выданне: Гістарычны атлас Беларусі. Том І. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава — Мінск, 2008, галоўны навуковы рэдактар М.Ф. Спірыдонаў.

Выданне унікальнае адразу некалькімі пазіцыямі: якасцю сабранага матэрыялу і выключна кампетэнтным складам аўтараў, умовамі выхаду і рэзанансам, звязаным з яго з’яўленнем.



9f36407ead0629fc166f14dde7970f68.JPG

Трымаю ў руках унікальнае выданне: Гістарычны атлас Беларусі. Том І. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава — Мінск, 2008, галоўны навуковы рэдактар М.Ф. Спірыдонаў.
Выданне унікальнае адразу некалькімі пазіцыямі: якасцю сабранага матэрыялу і выключна кампетэнтным складам аўтараў, умовамі выхаду і рэзанансам, звязаным з яго з’яўленнем.
Пачнём з апошняга: толькі ў мінулым нумары «НЧ» (№ 29 за 21 жніўня) пісаў пра пакуты вядомага гісторыка Яўгена Анішчанкі, чые працы, у якіх без прыўкрас абмаляваны драматычныя абставіны падзелаў Рэчы Паспалітай драпежнымі суседзямі напрыканцы XVIII стагоддзя, абумовілі складанасці лёсу самога навукоўца — спыненне надання доктарскай ступені, выгнанне з Акадэміі навук.
Кіраўніцтва Інстытута гісторыі АН, займаючыся самацэнзурай на карысць расійскага міфалагізавання дачыненняў Беларусі з яе ўсходнімі суседзямі, трактаванымі не іначай як «браты», ставіць тлусты крыж на самой сутнасці навукі: працэсе пошукаў аб’ектыўных фактаў жыцця. Дададзім: з калектыву аўтараў «Гістарычнага атласа» не толькі Я. Анішчанака быў вымушаны пакінуць сцены Інстытута гісторыі. Такі самы лёс напаткаў Генадзя Сагановіча, вядучага даследчыка гісторыі катастрафічных войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя ў Беларусі і выдаўца акадэмічнай якасці незалежнага перыёдыка «Беларускі гістарычны агляд», які з’яўляецца адным з сувыдаўцоў згаданага «Гістарычнага атласа».
Сёння сітуацыя ўскладняецца: са з’яўленнем «Гістарычнага атласа» шэраг яго аўтараў, супрацоўнікаў Інстытута гісторыі, атрымліваюць «паўафіцыйныя» папярэджанні пра немагчымасць іх далейшай працы ў Акадэміі навук. Кіраўніцтва інстытута замаўляе закрытую адмоўную рэцэнзію на выданне і спрабуе перашкодзіць продажу атласа праз сістэму кнігагандлю Беларусі. Выглядае так, што кіраўніцтва дзяржаўнай навуковай установы жадае бачыць мінулае прыхарошаным у адпаведнасці з тым, як яму падаюцца прыярытэты сённяшняй палітыкі беларускай дзяржавы, нават апярэджваючы з’яўленне якой-кольвек афіцыйнай рэакцыі.
Іншымі словамі, займаючыся самацэнзурай у адносінах да сваіх супрацоўнікаў, якім ужо было паабяцана: распрацаваныя імі для «Гістарычнага атласа» унікальныя тэматычныя карты не ўвойдуць у выданне трохтомнага дзяржаўнага «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», першы том якога (прысвечаны перыяду да Люблiнскай унii 1569 года) з’явіўся на пачатку 2009 года. Чакайце ў афіцыйных выданнях замест арыгінальных напрацовак сціплыя кампіляцыі.
Сітуацыя з выданнем гістарычных карт не выглядала б, можа, так драматычна, каб некалькі год таму ўсе дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы, за выключэннем дзяржаўнага картаграфічнага выдавецтва РУП «Белкартаграфія», не былі пазбаўлены ліцэнзіі на картаграфічную дзейнасць. Хто не згодны з умовамі пазанавуковага цэнзуравання сваёй працы, што якраз і здараецца з гістарычнымі картамі і атласамі, вымушаны шукаць магчымасці выдавацца за мяжой. Так і адбылося з публікацыяй «Гістарычнага атласа» — ён пабачыў свет у Варшаве.
Між тым, інтэнцыя калектыву, які распачаў працу яшчэ ў 1995 годзе і працягваў яе ўвесь час без дзяржаўнага фінансавання, была выключна навуковай і высакароднай: «Паказаць гісторыю Беларусі ў … шырокім міжнародным гістарычным кантэксце, каб… [яна] магла знайсці сваё месца ў сусветнай навуковай дыскусіі на тэму гісторыі Усходняй Еўропы».
Варта зазначыць, што працэс падрыхтоўкі навуковых гістарычных атласаў нашай краіны выключна малады і наватарскі, ён фактычна распачаўся толькі пасля аднаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1991 годзе. Толькі некалькі выданняў, такіх, як «Нацыянальны атлас Беларусі» 2002 года пад рэдакцыяй М. Мясніковіча і «Атлас гісторыі Беларусі. Ад старажытнасці да нашых дзён (дадатак да 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»)», складзены Г. Шыкуновай і Л. Языковіч, падрыхтаваныя навукоўцамі той жа Акадэміі навук, а таксама атласы, распрацаваныя ў БДУ, паспелі дарасці да ўзроўню сучаснай картаграфічнай і навукова-гістарычнай метадалогіі, вызначаючыся дакладным навуковым апаратам і метадалагічным падыходам.
Тым не менш, «вычарпальны паказ гістарычных з’яў і падзей на землях Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці», да якога імкнецца калектыў аўтараў новага «Гістарычнага атласа», дагэтуль застаецца ідэальнай задачай з прычыны фактычнага замоўчвання многіх тэм ваеннай, палітычнай, рэлігійнай і культурнай гісторыі беларускіх земляў. Таму і задачай аўтараў новага выдання было даць уважліваму чытачу непадцэнзурны матэрыял да параўнання з тым, што ўжо пабачыла свет у дзяржаўных выдавецтвах. Дапытлівы розум знойдзе шлях да аднаўлення гістарычнай праўды.
Такім чынам, з заканчэннем першай стадыі незалежнага праекта, на якаснай крэйдавай паперы пад цвёрдай вокладкай, на 164 старонках павялічанага фармату А4 чытачу прапануецца каля ста спецыяльных і некалькі дзесяткаў гістарычных карт беларускіх земляў, што ахопліваюць перыяд ад палеаліту да падзелаў Рэчы Паспалітай. А таксама тэкст навуковага каментара і зводная табліца гістарычных назваў.
Кожная спецыяльная карта ў знятым выглядзе канцэнтруе інфармацыю спецыяльных гістарычных штудый. Назавем толькі асабліва значныя або унікальныя. Упершыню ў сусветнай картаграфіі даецца карта еўрапейскай міграцыі славян на базе археалагічных і гістарычных крыніц. Шматэтнічныя працэсы на беларускіх землях ілюструе мовазнаўчая карта гідронімаў, падрыхтаваная У. Ісаенкам.
Падаюцца карты ранніх дзяржаўных утварэнняў на ўсходнеславянскіх землях, а затым працэс фармавання Вялікага княства Літоўскага і яго спаборніцтва з Маскоўскім княствам. Асобныя старонкі — надзвычай цікавыя і арыгінальныя — па рэлігійнай гісторыі і асобных канфесіях і манаскіх ордэнах, а таксама па рассяленні габрэяў і габрэйскім самакіраванні.
Карты па гісторыі асветы (уключаючы адукацыйныя ўстановы) і гісторыі культурных кантактаў. Новыя, таму пакуль не сістэматычна распрацаваныя тэмы — структура зямельнай уласнасці (карта на 1567 г.), прамысловасць і гандаль Беларусі (на XVIII ст.) — унікальнае абагульненне з эканамічнай гісторыі.
Дададзім планы найважнейшых бітваў і замкаў, карты асноўных войнаў, з дэталёвай фіксацыяй падзей вайсковых кампаній. Планы асноўных гарадоў Беларусі і план Варшавы як сталіцы Рэчы Паспалітай з пазначэннем палацаў беларускіх магнатаў на ёй — так што прагулка турыста па сучаснай Варшаве набывае канкрэтную рэтраспектыўную змястоўнасць. І шмат што іншае, уключаючы ўлюбёную тэму беларускіх картографаў — гісторыю назвы «Белая Русь» на старажытных еўрапейскіх картах, у трактатах і дакументальных згадках.
Выдадзены на высокім навуковым і метадалагічным узроўні, дакладна апрацаваны, і галоўнае, сістэматызаваны картаграфічна, «Гістарычны атлас», безумоўна, вырашае сфармуляваную аўтарамі задачу: «паказаць духоўныя і гістарычныя карані народа», даць «аналіз паходжання і прыняцця канчатковай саманазвы беларусаў». Ён ажывіць навуковыя дыскусіі, зробіцца фактам дыскурсу гістарычных даследаванняў. Справакуе даследаванне тэмаў эканамічнай і культурнай гісторыі, дэмаграфіі — тых накірункаў, недастатковасць вывучанасці якіх выяўляецца якраз у працэсе падрыхтоўкі падобных гістарычных атласаў.
Аўтары выдання, у сваю чаргу, атрымаўшы магчымасць апублікаваць плён сваёй шматгадовай працы дзякуючы падтрымцы Праграмы польскай замежнай дапамогі МЗС Польшчы і Цэнтра EEDC на чале з П. Казанецкім, спадзяюцца, што здолеюць падрыхтаваць не толькі другі том «Гістарычнага атласа», але і перавыданне першага. Выправіць непазбежныя рэдактарскія і выдавецкія памылкі (што рабіць, калі том рыхтаваўся паміж Мінскам і Варшавай), абнавіць некаторыя састарэлыя дадзеныя — усё ж такі праца без падтрымкі сваёй дзяржавы зацягнулася амаль на 15 гадоў.