Картузія Святога Крыжа
У Бярозе адбудоўваюцца ўязная брама і шпіталь самага вялікага ў Беларусі кляштара картузіянцаў. Ва ўсёй Рэчы Паспалітай мелася ўсяго тры картузіянскія кляштары ўключна з тым, які быў закладзены каля Гданьска яшчэ пры крыжаках.
Картузіянскі касцёл у Бярозе на літаграфіі паводле малюнка Напалеона Орды. radzima.org
Заснавальнікі
Леў Сапега, канцлер, гетман ВКЛ, вядомы як заснавальнік цэлага шэрагу касцёлаў. Нарадзіўшыся ў праваслаўнай сям’і, ён у 17 гадоў, калі вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце, перайшоў у
кальвінізм, а ў 1585 годзе, атрымаўшы пасаду падканцлера ВКЛ, — у каталіцтва.
Леў Сапега ахвяраваў сродкі на будаўніцтва касцёла Міхаіла Архангела ў Вільні, заснаваў касцёл Святой Сёмухі ў Ружанах, а ў 1624 годзе — Дзятлаўскі касцёл. Заснавальнікам Гарадзенскага
касцёла дамініканцаў быў Фрэдэрык Сапега. Касцёл і манастыр францысканцаў у Гальшанах пабудаваныя Паўлам Стэфанам Сапегам у 1618 годзе. Траецкі касцёл бернардынаў у Друі з’явіўся на
ахвяраванні Казіміра Сапегі ў 1646 годзе. Яго ж стараннямі і на яго сродкі быў адкрыты тэалагічны факультэт Віленскай Акадэміі, якой ён перадаў таксама бацькаўскую бібліятэку ў тры тысячы тамоў. Але
найбагацейшы «фундуш» — 10000 залатых манет — Казімір Сапега вылучыў на будаўніцтва кляштара картузіянцаў у Бярозе.
Выпадковая пакупка
Яшчэ ў 1590 годзе Леў Сапега атрымаў ад удавы Стэфана Баторыя, каралевы Ганны, вёску Блудзень, землі якой суседнічалі з Бярозай. У 1611 годзе Сапега па выпадку купляе Бярозу, але праз тры гады прадае
яе Марціну Няміры, які, аднак, улез у даўгі перад габрэйскім кагалам. Па гэтай прычыне Сапега ў 1617 годзе адкупіў Бярозу і землі, яе якія атачалі, за 24000 злотых. Спробы некаторых аўтараў прыпісаць
Льву Сапегу жаданне ўпрыгожыць Бярозу картузіяй не маюць дакументальнага пацверджання. Ён памёр у 1633 годзе.
У 1648 годзе пачынаецца ўзвядзенне кляштару картузіянцаў. Асноўнае будаўніцтва працягвалася без малога дваццаць гадоў. На гэты час выпалі паўстанні ва Украіне і Беларусі, затым вайна, вядомая ў нашай
гісторыі пад назвай Патопу. У недалёкім Янове ўкраінскія казакі ў 1657 годзе падверглі варварскай кары езуіцкага прапаведніка Андрэя Баболю. Не пашкадавалі б і кляштара, але сцены манастыра і касцёла
толькі пачыналі паднімацца над падмуркам і чуткі аб картузіянцах яшчэ не будзілі агрэсіўнай цікавасці.
Загадкавыя картузы
Паводле волі заснавальніка, касцёл атрымаў назву Святога крыжа, святога Казіміра і святога Юзэфа. Першым плябанам манастыра стаў айцец Ян Хаген з картузіі Парадзіс каля Гданьска, і першыя шэсць
братоў-картузіянцаў былі адтуль жа. Эрэмы (жытло) манахаў размяшчаліся з трох бакоў замкнёнага манастырскага двара. Галерэя злучала іх з касцёлам. Шэсць эрэмаў былі гатовыя да дня асвячэння, астатнія
восем — «уступілі ў лад» у 1689 годзе. З мясцовага жыхарства першым картузіянцам стаў Мікалай Крываблоцкі, які правёў у кляштары наступныя 45 гадоў. Мовай службаў,
малітваў, зносін у Бярозаўскай картузіі была лацінская. Картузы не вялі пропаведзі сярод мясцовага насельніцтва, нават ад вернікаў у касцёле іх аддзяляла каменная сцяна, за якою яны сядзелі ў
крэслах, падобных на келлі, адмежаваныя адна ад адной.
Казімір Сапега
Па легендзе, падканцлер Казімір Сапега спыніў свой выбар на ордэне картузаў з-за павагі да іх самапазнання ў Богу. У рэальнасці картузы з кляштара Парадзіс самі звярнуліся да яго з лістом, у якім
распавялі гісторыю ордэна. Заснавальнікам першай картузіі ордэна манахаў-містыкаў быў прафесар Рэймскага універсітэта Бруна. У 1084 годзе ён адчуў прызначэнне да манаскага жыцця і адправіўся ў Альпы,
дзе шэсць гадоў займаўся медытацыяй. У мясцовасці Шартрэз Бруна заснаваў першы свой манастыр «La Grand Chartreuse», на латыні — Cartusiae (адгэтуль назва ордэна —
картузы, картузіянцы).
Ордэн лічыцца Патрыярхам заходніх манахаў і аўтарам манаскага Статуту, які змяшчае 72 простых запаветы, але яны патрабуюць сталай духоўнай працы, навучання. Вось, да прыкладу, некаторыя з іх. Любіць
блізкага, як самога сябе. Не рабіць іншым таго, чаго б мы не жадалі сабе. Адпрэчвацца ад самога сябе. Не прывязвацца да таго, што прыемна пачуццям. Дапамагаць бедным. Падтрымліваць змешчаных у
выпрабаванні. Прыпісваць Богу ўсё тое добрае, што знойдзеш у сабе, а ў зле заўсёды вінаваціць самога сябе. Не гаварыць бяздзейных слоў.
Усё запаветы картузіянцы выконвалі з магчымай строгасцю. Яны елі два разы на дзень, не ўжывалі мяса і тлушчу, іх пост доўжыўся з паловы верасня да Вялікадня, яны клаліся спаць у шэсць вечара, спалі
чатыры гадзіны, выходзілі на трохгадзінную службу ў касцёл, потым спалі яшчэ тры гадзіны, іх дзень быў прысвечаны малітве, сузіральнай працы, чытанню, працы ў агародзіку пры сваім эрэме. Раз на два
тыдня эрэміт голіць галаву і бараду. Картузіянцы не давалі зарок маўчання, але яны тыднямі не прамаўлялі ні слова. Раз на тыдзень ім быў дазволены шпацыр у наваколлях манастыра па вядомым маршруце
— ад варот да капліцы за некалькі кіламетраў. Спевы картузаў не суправаджаў арган, яны трымаліся традыцыі харалу. Толькі ў нядзельныя і святочныя дні, калі ў касцёл збіраліся простыя
вернікі, служба праходзіла па рымскім рытуале з арганам.
У жыллё манаха з галерэі вёў калідор, па-лацінску — амбулаторыум, на першым паверсе была каморка для дроў, садок, на другім — кубікулум, жылы пакой, у якім размяшчаліся малельня з
распяццем, алькоў з нарамі, печ і стол. Галерэя аб’ядноўвала ўсе эрэмы ў камунію.
Картузы ў манастыры насілі белую вопратку і каптуры, якія глыбока насоўвалі на твар, каб не адцягвацца ўвагай на знешні свет. На шпацыр за сцены манастыра або ў пераход са свайго манастыра ў іншы
картузіянец апранаў чорную сутану.
У картузіі імкнуліся людзі вызначаных духоўных памкненняў, псіхалагічна і душэўна гатовыя жыць у адхіленасці ад свету. Але што складала прадмет іх роздумаў, што ім адчынялася ў іх сузіраннях
— цалкам невядома. Ні іх бібліятэка, ні іх музычныя зборнікі не захаваліся, ва ўсякім разе, лёс іх невядомы.
Закладнікі
Для годнага ўтрымання манастыра Сапегі прыпісалі да яго некалькі вёсак, мястэчка Бяроза таксама падпарадкоўвалася прыёрству. Манастыру належала немалая гаспадарка — ад цаглянага цэха да саду
і сажалак, разам з зямельнымі ўгоддзямі і кірмашамі яны давалі картузам стабільны прыбытак. Таму спакойны парадак жыцця картузаў часта парушалі аматары пажывіцца.
Падчас вайны Сапегаў з так званымі «рэспубліканцамі» ў кляштар перад Калядамі 1700 года ўвайшлі дзве харугвы канфедэратаў-рэспубліканцаў, якім давялося аддаць акрамя коней і кароў
яшчэ 6000 фларынаў. Праз год на манастырскіх землях былі на пастоі ўжо 9 харугваў «рэспубліканцаў», якія старанна рэквізавалі ўсё, што маглі. Асабліва запомніўся картузам май 1706
года, калі іх наведаў шведскі кароль з пяхотным і конным батальёнамі і ўзяў у закладнікі трох эрэмітаў, патрабуючы за іх выкуп у 300 поўных дублонаў, які павінны аддаць праз тры дні, іначай эрэмітаў
заб’юць. Картузы ўзялі грошы са скарбніцы і заплацілі за трох манахаў.
У 1708 годзе шведы паўтарылі візіт у картузію і зноў узялі трох закладнікаў, але паколькі дублонаў у скарбніцы не было, манастыр выкупіў братоў за касцельнае літургічнае срэбра. З прычыны гэтага
ўзрушэння прыёр і дванаццаць картузіянцаў, пакінуўшы ў сценах кляштара чатырох братоў, сышлі перачакаць бурны час у гданьскую картузію Парадзіс. Праз тры гады яны вярнуліся, але жаданага спакою канец
вайны не прынёс.
Вядомая на Палессі Пяцігорская харугва войска ВКЛ у 1715 годзе стаяла зіму ў Бярозе і манастырскіх фальварках, што абышлося картузіі стратамі ў 4050 злотых, у дадатак да якіх былі рэквізаваныя
«для пражытку» 100 кароў і 44 авечкі. Прыёр кляштара дасылаў гетману вялікаму літоўскаму просьбу аб кампенсацыі страт, якая, зразумела, была пакінутая без увагі.
Канец
Паборамі з кляштара адзначаныя 1740-я гады, потым 1760-я, а падчас паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка даў картузіі распіску, што атрымаў ад манастыра срэбныя і залатыя рэчы коштам каля мільёна
злотых. Натуральна, у сувязі з паразай паўстання, палонам Касцюшкі і наступнай яго эміграцыяй ні золата, ні грошы да бярозаўскіх картузаў не вярнуліся.
Пры Мікалаю I, які не меў сентыментаў да каталіцкіх манахаў, мінулыя кантакты картузіянцаў з начальнікам паўстання 1794 года і ўдзел некалькіх манахаў у якасці духоўнікаў у паўстанцкіх атрадах у 1831
года сталіся падставай для ўказу аб ліквідацыі кляштара.
Праз трыццаць гадоў пасля паўстання Каліноўскага асноўныя пабудовы Бярозаўскай картузіі з вялікай акуратнасцю, каб захаваць якасную цэглу, руйнуюць. 54 пахаванні з касцельнай крыпты, у тым ліку 11
трунаў Сапегаў, перанеслі на местачковыя могілкі. Гэта адбылося ў 1866 годзе на 200-гадовы юбілей манастыра. Цэгла пайшла на пабудову «чырвоных казарм» і новай праваслаўнай
царквы.
* * *
Зараз руіны картузіі адчыненыя і даступныя сузіранню. Можна ўвайсці на вялізны двор, акружаны сцяной, убачыць рэшткі званіцы, прыёрскі двор, кутнюю вежу, пастаяць на тым месцы, дзе некалі былі магілы
картузаў. Невядомыя іх імёны — яны былі ананімы.
Бярозаўскія манахі-картузіянцы выпалі з гістарычнай памяці. Нават некаторыя экскурсаводы, тлумачачы падарожнікам, чаму горад зваўся раней Картуз-Бярозай, лічаць магчымым пераказаць недарэчную
легенду, што Сувораў павесіў тут на дрэва свой картуз і забыў яго надзець, што і ўвекавечылі жыхары ў назве горада. Мноства людзей гэтаму верыць. Больш узнёслыя гісторыі аб кляштары картузіянцаў
пакуль што хвалююць мала людзей.