Катынская трагедыя не чужая Беларусі
16 красавіка Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу агучыў свой вердыкт па катынскай справе. Па меркаванні гэтай установы, расстрэл афіцэраў Войска Польскага можна трактаваць як ваеннае злачынства. Гэты факт ускалыхнуў інфармацыйную прастору ў Польшчы і Расіі.
Расійскі інфармацыйны партал «РИА Новости» апублікаваў грунтоўны артыкул Веры Рыклінай, а штодзённік «Московские новости» адзначыў, што «ЕСПЧ не
прызнаў Расію вінаватай у масавых забойствах палякаў у Катыні». Польскі журналіст Марцін Вайцэхоўскі з «Газеты выборчай» у адказе на публікацыю ў «МН»
заяўляе, што «ніхто ў Польшчы не абвінавачвае Расію ў катынскіх расстрэлах. Сем’і ахвяр трагедыі абвінавачваюць расійскія ўлады ў тым, што яны не прадставілі ўсёй інфармацыі аб тым,
што адбывалася з іх роднымі 70 гадоў таму, а таксама адмаўляюць у доступе да дакументаў расійскага следства па Катынскай справе».
Беларусь, на жаль, ніяк не рэагуе на працэсы, якія звязаны з Катынскай справай. І гэта дзіўна, таму што тыя падзеі вельмі цесна звязаныя з нашай краінай. Трэба ўсведамляць, што на тэрыторыі Беларусі
яшчэ ў верасні 1939 года з’явіліся першыя «Катыні» — месцы масавага знішчэння грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай.
Адной з такіх з’яўляецца маленькая вёсачка Падзяменне пад Кобрынам. У яе наваколлі дзейнічаў атрад «паўстанцаў» пад камандаваннем нейкага Савы Дранюка. Перад самай вайной
за крымінальнае злачынства гэты чалавек быў асуджаны польскім судом на турэмнае зняволенне і аказаўся ў лагеры ў Бярозе-Картузскай. Падчас вераснёўскай кампаніі польска-нямецкі фронт вельмі хутка
рухаўся на Усход. Пасля таго, як пала Брэсцкая крэпасць, паліцэйская ахова пакінула лагер, а яго вязні былі прадстаўленыя самі сабе. На адной з вуліц Сава Дранюк сарваў польскі сцяг, адарваў ад яго
чырвоную стужку і зрабіў з яе нарукаўную апаску. Адзінай яго марай была помста палякам за тое, што яны адправілі яго ў лагер.
У Падзяменні Дранюк і яго людзі затрымалі некалькі дзясяткаў вайскоўцаў Войска Польскага, паліцэйскіх, цывільных асоб і амаль усіх расстралялі. У архіве польскай Рады па ахове памяці аб бітвах і
пакутніцтве знаходзіцца ліст капрала Баляслава Горскага, у якім апісаны жудасныя падзеі, якія адбыліся ў вёсцы ў верасні 1939 года. Гэты чалавек пісаў, што мясцовае беларускае насельніцтва, у
асноўным старэйшага ўзросту, асуджала забойства польскіх вайскоўцаў. Але ап’янелым ад самагонкі і пачуцця ўлады ўзброеным злачынцам з чырвонымі апаскамі на рукавах цяжка было штосьці
растлумачыць. Баляслаў Горскі быў сярод 23 чалавек, якіх у адзін з дзён затрымаў «атрад самааховы» Савы Дранюка. Паляка выратаваў малады беларускі хлопец, жыхар вёскі, Васіль
Вашчанка, які пазнаўшы Горскага, падышоў да «рэўкомаўцаў» і сказаў, што гэта не афіцэр, а радавы, і ён ведае яго з даваенных часоў. Капрал быў у палявым мундзіры без знакаў
адрознення, і забойцы адпусцілі яго.
Па словах Горскага, затрыманых польскіх афіцэраў выводзілі да яру па тры чалавекі і расстрэльвалі. Першымі ахвярамі сталі палкоўнік, маёр і капітан. Усе вайсковыя медыкі. Аднаму капітану, у якога на
мундзіры было шмат баявых узнагарод, сярод якіх быў і крыж «Віртуці Мілітары», каты загадалі зняць мундзір, але той адмовіўся. Тады форму паспрабавалі зняць сілай, але капітан умела
пастаўленым баксёрскім ударам «вырубіў» аднаго з «рэўкомаўцаў». Адразу прагучалі стрэлы. Смяротна параненага афіцэра дабівалі штыкамі. Па колькасці вайсковых
шынялёў і грамадзянскіх паліто, якія былі зваленыя каля адной з хат, Горскі зрабіў выснову, што забітых было некалькі дзясяткаў.
Першы справа — Станіслаў Хмялеўскі
Ваўжынец Камінскі (другі справа)
У 2008 годзе байцы беларускага 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны правялі эксгумацыю парэшткаў забітых. Было знойдзена 42 чалавекі. Сярод забітых былі і польскія паліцыянты (быў
знойдзены нагрудны жэтон з нумарам 954), а таксама грамадзянскія асобы, сярод якіх былі жанчыны. У адной са знойдзеных ахвяр на частцы вопраткі быў знойдзены значок у выглядзе сцяга Даніі, а ў яго
кішэні ляжала партманэ з манетамі гэтай краіны. Ці гэта адзначае, што тады, у верасні 1939-га, бандытамі Дранюка быў забіты грамадзянін іншай краіны?
Каб пазнаёміцца з матэрыяламі праведзеных у 2008 годзе ў Падзяменні пошукавых прац, я звярнуўся ў Міністэрства абароны з афіцыйнай заявай, аднак у гэтай магчымасці мне адмовілі без тлумачэння прычын.
Што можа быць такога тайнага ў тых матэрыялах? Чаму ў нас са сталінскіх злачынстваў робяць «тайну стагоддзя»? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.
Падчас маіх даследаванняў гісторыі савецкіх рэпрэсій супраць грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Заходняй Беларусі да мяне звярнулася шмат асоб, родныя якіх сталі ахвярамі НКУС. Вось некалькі з
гэтых гісторый.
Нарадзіўшыся на Беласточчыне, Станіслаў Хмелеўскі з самога дзяцінства марыў аб вайсковай службе. Падчас савецка-польскай вайны ўдзельнічаў у Кіеўскай аперацыі, за што быў узнагароджаны асабіста
Юзэфам Пілсудскім. З 1924 года гэты чалавек служыў у Корпусе аховы памежжа і быў кіраўніком заставы Сачэўкі каля Вілейкі. 17 верасня 1939 года паранены Хмелеўскі трапіў у савецкі палон, але здолеў
збегчы і вярнуўся да сям’і. Аднак у снежні 1939-га яго арыштаваў НКУС. Толькі ў 1996 годзе родныя Хмелеўскага атрымалі з беларускай пракуратуры афіцыйную даведку аб тым, што сяржант
Хмелеўскі Станіслаў Антонавіч абвінавачваўся ў тым, што… шмат гадоў служыў у Войску Польскім. У даведцы таксама пазначалася, што 17 красавіка 1940 года справа Хмелеўскага была передадзена
на разгляд асобай нарады НКУС СССР. Гэта азначала смяротны прысуд. Ні ў адным з вядомых катынскіх спісаў прозвішча памежніка з Вілейкі не значыцца. Хутчэй за ўсё, ён быў адным з тых, каго забілі ў
Курапатах увесну 1940 года.
У верасні 1939 года ў шпіталі ў Нясвіжы быў арыштаваны падпалкоўнік памежнай аховы Казімеж Нядзведскі. Жыхар маёнтку Вялікія Жуховічы, што каля Нясвіжа, быў кадравым вайскоўцам, у свой час служыў у
86-м Мінскім пяхотным палку Войска Польскага ў Маладзечна, пазней узначальваў батальён КАП «Івянец». У верасні 1939 года Нядзведскага, які знаходзіўся ўжо на пенсіі, прызвалі ў
войска. Што здарылася з гэтым чалавекам пасля арышту НКУС, яго родныя не ведаюць да сённяшняга дня.
На адной з вуліц Баранавіч. Апошнія імгненні мірнай ідыліі
Вызваліцелі ў Заходняй Беларусі
12 мая 1940 года ў Косава быў арыштаваны школьны інспектар Ваўжынец Камінскі. У 1920–1923 гадах ён працаваў настаўнікам польскай мовы і геаграфіі ў Рускай жаночай гімназіі. Быў старшынёй
праўлення Саюза маладой вёскі, з 1933 па 1938 год з’яўляўся старшынёй «Саюза стральцоў» у Косаве. Такі чалавек не мог застацца па-за ўвагай НКУС. Сляды Ваўжынца Камінскага
губляюцца ў маі 1940 года. Яго родныя да сённяшняга дня нічога не ведаюць пра яго лёс.
Былі сярод рэпрэсаваных грамадзян ІІ Рэчы Паспалітай і асобы беларускага паходжання. Сярод іх трэба вылучыць арыштаванага ў кастрычніку 1939-га вядомага журналіста, палітыка, дырэктара беларускай
гімназіі ў Вільні Вячаслава Багдановіча. У Пінску НКУС быў арыштаваны супрацоўнік польскай паліцыі Пётр Мікалаевіч Хвесюк, які ў 1940-м быў накіраваны ў распараджэнне мінскага НКУС. Да смяротнага
пакарання па артыкуле 76 УК БССР (удзел у к/р арганізацыі) быў асуджаны праваслаўны беларус Патап Вайтэнка, бухгалтар з вёскі Парэчча Брэсцкай вобласці. Месцам яго пахавання пазначаны Мінск.
Гэты жалобны спіс можна працягваць далей. А колькі людзей было дэпартавана з заходніх абласцей БССР у 1940–1941 гадах... Іх як быдла вывозілі ў вагонах цэлымі сем’ямі.
Я прывёў толькі некалькі фактаў, якія даказваюць, што Катынская трагедыя — гэта боль не толькі палякаў, але беларусаў. На жаль, сёння гэтая тэма знаходзіцца ў Беларусі ў апале, што,
безумоўна, звязана з няпростымі беларуска-польскімі адносінамі на дзяржаўным узроўні. Аднак гісторыя сталінскіх злачынстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі павінна быць глыбока і ўсебакова
даследавана, бо народ, які кепска ведае сваю мінуўшчыну, рызыкуе паўтарыць старыя памылкі ў будучым.