Лётчыца з Катынскага спісу

Увесь свет абляцеў відэазапіс допыту захопленай тэрарыстамі штурмана верталёту МІ-24 украінскіх ВПС Надзеі Саўчанкі. Гэта нагадала мне допыт супрацоўнікамі НКУС грамадзянкі ІІ Рэчы Паспалітай, пілота Яніны Левандоўскай.



Дачка генерала

Яніна Антаніна нарадзілася 22 красавіка 1908 года ў Харкаве, які ўваходзіў тады ў склад Расійскай імперыі. Бацька дзяўчыны палкоўнік Юзаф Рамуальдавіч Доўбар-Мусніцкі быў (у той момант) афіцэрам штаба 10-га армейскага корпусу Рускага імператарскага войска, які дыслакаваўся ў Кіеўскай вайсковай акрузе.

Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. З вясны 1917 года займаўся фарміраваннем польскіх вайсковых частак на Усходнім фронце. У 1918 годзе ён, ужо генерал, узначаліў І польскі корпус і кіраваў ім падчас баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

3_juzaf_do_bar_musn_ck_.jpg

Юзаф Доўбар-Мусніцкі

Пасля дэмабілізацыі разам з сям’ёй пераехаў у польскі Сандамір. У студзені 1919 года ўзначаліў Велькапольскае паўстанне, пазней удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне, але з-за палітычных рознагалоссяў з Юзафам Пілсудскім у 1920 годзе вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Набыў у мястэчку Батораў-Люсаў 150 гектараў зямлі, дзе арганізаваў гаспадарку.

11_jan_na_do_bar_musn_ckaja.jpg

Яніна Доўбар-Мусніцкая (Левандоўская) у дзяцінстве

Пасля смерці жонкі ў 1920 годзе былому адстаўному генералу прыйшлося самому займацца выхаваннем дзяцей. Для сына Альгерда і дачкі Яніны ён зняў кватэру ў Познані. Яшчэ адна дачка Агнешка нарадзілася за год да смерці маці (падчас Другой сусветнай вайны яна будзе ўдзельнічаць у польскім падполлі, трапіць у рукі гестапа і загіне 21 чэрвеня 1940 года). Другі сын Доўбар-Мусніцкага Гедымін у міжваеннае дваццацігоддзе выехаў на вучобу ў Тулузу, дзе і пражыў да канца жыцця.

 

Спявачка? Не — пілот

Пасля заканчэння вучобы ў жаночай гімназіі ў Познані Янка (так дачку генерала называлі родныя) паступіла ў Музычную кансерваторыю, дзе вучылася па класе фартэпіяна і спеву. Марыла зрабіць кар’еру спявачкі, тым больш, што голас мела добры. Але бацьку гэта вельмі не падабалася. «Прозвішча Доўбар-Мусніцкі на афішах? Дзеля рэкламы? Ганьба!» — крычаў адстаўны генерал. Пасля вучобы дзяўчына ўладкавалася на працу на пошту, а таксама падпрацоўвала канцэртамі ў адным з познаньскіх кінатэатраў.

6_jan_na_levando_skaja_1930_ja_gadi.jpg

Але яшчэ ў гімназіі Яніна ўступіла ў аэраклуб і ўдзельнічала ў авіяцыйных паказах у Лавіцы ля Познані. Паступова хобі ператварылася ў сапраўднае захапленне. Дзяўчына скончыла курсы пілатажу і скокаў з парашутам.

У 1930 годзе яна, першая з жанчын у Еўропе, ажыццявіла скок з вышыні 5 кіламетраў. У 1933–1934 гадах Яніна скончыла курсы па радыёсправе ў Львове і Дэмбліне. Нарэшце, яе прынялі ў Вышэйшую школу пілатажу ў Лавіцы, а ў 1936 годзе дачка знакамітага генерала атрымала дыплом пілота. Часцей за ўсё Яніна лятала на польскім самалёце RWD-8.

У 1937 годзе памёр Юзаф Доўбар-Мусніцкі. Пахаваннем бацькі займаліся яго дочкі Янка і Ага. Праз год сям’ю спасцігла новая трагедыя: застрэліўся сын генерала Альгерд, які служыў пілотам Трэцяй вайсковай эскадрыльі ВПС ІІ Рэчы Паспалітай.

4_jan_na_levando_skaja_z_muzham_paslja_shljubu.jpg

Яніна Левандоўская з мужам Мечыславам, пасля шлюбу, 1939 год

Напярэдадні Другой сусветнай вайны на авіяцыйным шоў у Тэнгобожу Яніна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, пілотам-інструктарам Мечыславам Левандоўскім. У чэрвені 1939 года яны ажаніліся, а праз два месяцы пачалася Другая сусветная вайна.

3 верасня, разам з калегамі па аэраклубе, Яніна вырашыла ўступіць у Войска Польскае. Нават не дачакаўшыся прыезду мужа. Яе знаёмыя пасля вайны тлумачылі гэты яе ўчынак тым, што дзяўчына была вялікай патрыёткай і рвалася ў бой з нацыстамі.

Муж таксама ваяваў, трапіў у рукі гестапа, аднак яму ўдалося збегчы ў Францыю, а адтуль у Англію, дзе ён ваяваў у 307-й вынішчальнай эскарыльі Каралеўскіх ВПС.

Палон

Яніне Левандоўскай і яе калегам удалося далучыцца да адступаючых на ўсход падраздзяленняў Трэцяй паветранай базы з Лавіцы. Разам з вайскоўцамі добраахвотнікі дабраліся спачатку да Любліна, а пазней да Бучача ля Тарнопаля. Лётчыкі спадзяваліся, што на Усходзе захаваліся не кранутыя бамбёжкамі аэрадромы, дзе будуць вайсковыя самалёты. Аднак на станцыі Капычынцы даведаліся, што з Усходу польскую мяжу перайшлі часткі Чырвонай Арміі. Спрабавалі эвакуіравацца ў паўночным накірунку да мяжы з Венгрыяй і Румыніяй, аднак 22 верасня ля Гусяціна трапілі ў атачэнне савецкіх танкаў.

5_jan_na_levando_skaja_z_muzham_1939_god.jpg

Лётчыкі, муж і жонка Яніна і Мечыслаў Левандоўскія, 1939 год

Капітан ВПС Юзаф Сідар, які камандаваў гэтым атрадам, вырашыў здацца ў палон. Афіцэраў адразу аддзялілі. Да гэтай групы далучылі і дзяўчыну ў лётным камбінезоне. Калег дачкі генерала па аэраклубу накіравалі ў перасыльны лагер для цывільных асоб, а вось пілотаў і Янку этапавалі ў лагер у Асташкаў, а пазней, у лістападзе 1939 года, у Казельск.

На допытах у НКУС Яніна вырашыла не гаварыць пра тое, што з’яўляецца дачкой польскага генерала, які ў 1918 годзе ўвёў з-пад носа бальшавікоў Бабруйскую крэпасць. Назвалася прозвішчам мужа, пазначыла, што яе бацьку звалі Мар’ян, і нарадзілася яна не ў 1908-м, а ў 1914 годзе. Аднак большасць сучасных польскіх даследчыкаў упэўненыя, што савецкія спецслужбы ведалі, якая птушка трапіла ў іх сілкі. Памяталі генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, мемуары якога былі апублікаваны ў 1935 годзе.

Палонных польскіх афіцэраў размясцілі ў будынках былога Казельскага манастыру. Для жанчыны-пілота адвялі асобнае памяшканне. Па ініцыятыве афіцэрскага савету на чале з генералам Хенрыхам Мінкевічам Яніне выдалі мундзір падпаручніка. Ён павінен быў засцерагчы жанчыну ад розных непрыемнасцяў як з боку лагернай аховы і адміністрацыі, так і ваеннапалонных.

Адзін з вязняў, вайсковы доктар, капітан Вацлаў Муха, успамінаў: «У Казельску я сустрэў Яніну Левандоўскую. Яна часта прыходзіла ў дом №27, дзе акрамя мяне жыў, між іншым, яе знаёмы: урач авіяцыйнага палку з Віленскага ваяводства, паручнік Міхал Кулікоўскі. Яна была апранута ў мундзір польскага вайсковага пілота». Таксама пра тое, што Яніна Левандоўская знаходзілася ў Казельску паведамляў былы познаньскі ваявода Рафал Бнінскі, якому цудам пашчасціла вызваліцца з савецкай няволі.

Ахвяра сталінскага рэжыму

5 сакавіка 1940 года савецкія ўлады выдалі сумнавядомы загад аб расстрэле польскіх ваеннапалонных, а ўжо 3 красавіка з Казельску вывезлі першыя партыі афіцэраў. Звычайна гэта выглядала так: начальніку лагера тэлефанавалі з Масквы і зачытвалі спіс чарговых ахвяр (ад 100 да 300 асоб). Прозвішча Яніны Левандоўскай пазначана ў этапным спісе пад нумарам 0401. Яе вывезлі з лагеру 20 красавіка 1940 года.

9_asab_stija_rechi_pol_sk_h_af_cera_znojdzenija_u_katin_.jpg

Асабістыя рэчы польскіх афіцэраў, знойдзеныя у Катыні

 

Прызначаных да расстрэлу афіцэраў везлі цягнікамі на станцыю Гнездавая пад Смаленскам, а адкуль аўтобусамі ў раён ля вёскі Катынь, дзе і адбываўся расстрэл. Усяго там было забіта каля 24 тысячы польскіх вайскоўцаў.

10_pareshtk_pol_skaga_af_cera_znojdzenija_katin_.jpg

Парэшткі польскага афіцэра, знойдзеныя ў Катыні

У красавіку 1943 года Берлінскае радыё паведаміла, што ў лесе пад Смаленскам знойдзены парэшткі тысяч палякаў, знішчаных бальшавікамі. Нацыстам удалося знайсці 8 брацкіх магіл. Нямецкія ўлады прывезлі ў Катынь экспертаў са шматлікіх краін. Тыя канстатавалі, што сярод ахвяр знойдзена шмат цел вайсковых капеланаў, а таксама парэшткі жанчыны. Працамі па эксгумацыі кіраваў прафесар судовай медыцыны Герхарт Бутц з Брэслаў.

7_m_zhnarodnaja_kam_s_ja_kat_in_1943_god.jpg

Міжнародная камісія ў Катыні, 1943 год

Частку парэшткаў, знойдзеных у Катынскім лесе, у тым ліку і чэрап жанчыны, немцы вывезлі ў Брэслаў, які пасля 1945 года ўвайшоў у склад Польшчы і стаў Вроцлавам. Польскім навукоўцам удалося ўратаваць гэтыя артэфакты ад НКУС і спецслужбаў сацыялістычнай Польшчы. Пасля вайны муж Яніны шукаў сляды жонкі па ўсім свеце. Не раз даваў аб’явы ў польскія і замежныя газеты, але безвынікова. Пазней Мечыслаў ажаніўся з англічанкай.

8_eksgumacija_pareshtka_pol_sk_h_vajsko_ca_u_katin_1943_god.jpg

Эксгумацыя парэшткаў польскіх вайскоўцаў у Катыні, 1943 год

Пасля праведзенай у 2005 годзе спецыяльнай экспертызы з прымяненнем сучасных методык удалося ўстанавіць, што косткі чэрапа, знойдзеныя ў 1943 годзе ў Катыні, сапраўды належалі Яніне Левандоўскай. Пазней яе парэшткі з вайсковымі ўшанаваннямі былі пахаваныя ў сямейнай магіле роду Доўбар-Мусніцкіх у Люсаве.