Шляхецкі род Язерскіх

Адна з вуліц у цэнтры Гомеля з 1919 года носіць імя Мікалая Білецкага. Але мала хто ведае, што гэты савецкі герой быў... дваранінам і сынам царскага генерала!

Сямён Язерскі, генерал-лейтэнант

Сямён Язерскі, генерал-лейтэнант

Ад Гомеля да Шыпкі

Зрэшты, імя і прозвішча рэдактара «Вестак» гомельскага рэўкама і першага старшыні Саюза журналістаў былі выдуманыя. На самай справе Білецкага звалі Павел Язерскі. Відавочна, псеўданім ён прыняў, каб схаваць сваё не зусім адпаведнае духу часу класавае паходжанне.

Сябра Гомельскага рэўкама Павел Язерскі-Білецкі нарадзіўся ў 1896 годзе ў сям’і генерал-лейтэнанта імператарскай арміі Сямёна Язерскага. Старадаўні шляхецкі род Язерскіх падзяляецца на некалькі гербаў. Найстаражытны з іх, герб «Прус», мае польскія карані і адносіцца да XVI стагоддзя. Нашы Язерская належаць да беларуска-ўкраінска-літоўскага гербу «Рогаля», вядомага з пачатку XVII стагоддзя.

Легендарны радавод гэтага прозвішча, нібыта ўзыходзячага да летапісных варагаў, апісаў нават Аляксандр Пушкін у няскончанай паэме «Язерскі». Праўда, яе аднайменны герой даўно страціў былы бляск і даходы сваіх феадальных продкаў: «А сам ён жалаваннем жыў і рэгістратарам служыў». Паводле задумы Пушкіна, паэма павінна была апавядаць пра лёс імкліва дэкласуючых дваранаў.

З такіх быў і бацька будучага гомельскага «камунара». Сямён Язерскі нарадзіўся ў 1852 годзе пад Гомелем. Праваслаўны, скончыў Гомельскую прагімназію. Але яго бацькі былі дробнамаёнткавымі дваранамі, і пракарміць юнака магла толькі служба. Сямён абраў ваенную. У 1870 годзе ён стаў вольнавызначаным у чыне унтэр-афіцэра 64 пяхотнага Казанскага палка, што кватараваў у Беластоку. Кажучы сучаснай мовай — «кантрактнікам». Праз чатыры гады армейскай службы Сямён паступіў у Рыжскую пяхотную юнкерскую вучэльню. У 1876 годзе скончыў яе па першым разрадзе і ў званні прапаршчыка. І вярнуўся да мінулага месца службы на Беласточчыну. А ў 1877 годзе 16-я пяхотная дывізія пераехала на Балканы, на фронт новай руска-турэцкай вайны. 4-ы армейскі корпус, у склад якога ўваходзіла дывізія, спачатку быў у рэзерве. Але пасля першых няўдач царскай арміі пад Плеўнай корпус перакінулі да гэтай турэцкай цвярдыні. Тады ж камандзірам 16-й дывізіі быў прызначаны Міхаіл Скобелеў, знакаміты «Белы генерал» (празваны ён быў так не за прыхільнасць да манархізму, а за звычку выязджаць пад кулі ў прыкметным белым мундзіры).

31 жніўня 1877 года пачаўся трэці штурм Плеўны. Часці 4 корпуса зазналі няўдачу і змяшаліся ў кучу пад агнём асманаў. Акрамя толькі атрада Скобелева. Штыкавым ударам ён выбіў туркаў з трэцяга грэбня ўмацаваных Зялёных гор. Пасля гэтага дывізія, з барабанным боем і разгорнутымі сцягамі, пайшла ва ўяўную вар’яцкую атаку на чацвёрты грэбень. Сам генерал Скобелеў — у перадавых баявых парадках. 400 метраў да варожых акопаў давялося падымацца па крутой гары, пад шалёным вінтовачны агнём. Але першы асманскі рэдут Каванлык быў узяты.

Услед за гэтым пяхота штыкамі выбіла турэцкіх аскераў і з другога рэдута — Іса-Ага. Два найважнейшыя ўмацаванні, ключы ад Плеўны, былі ўжо ў руках. Але галоўнакамандуючы вялікі князь Мікалай Мікалаевіч і цар Аляксандр II адмовілі Скобелеву ў падмацаваннях. Між тым, амаль усе сілы войска Асман-пашы былі кінутыя супраць 16-й дывізіі. І яна вымушана была адступіць з занятых вялікай крывёй вышынь.

Бясталентнае царскае камандаванне прывяло да вялізных стратаў рускай арміі пад Плеўнай. Адзін толькі 64-ы пяхотны Казанскі полк, у якім служыў падпаручнік Язерскі, страціў 20 афіцэраў і 661 чалавека, ніжэйшых званнем.

Ужо ў кастрычніку 1877 года, пасля доўгай аблогі Плеўны, 16-й дывізіі зноў давялося браць з боем Зялёныя горы. У баі яшчэ раз праявіў сябе «маладзецкім чынам» Казанскі пяхотны полк. Праз месяц спакутаваная блакадай армія Асман-пашы, пасля няўдалай спробы прарыву, вымушана была капітуляваць. Турэцкія палонныя былі разасланыя па розных гарадах Расійскай імперыі. Частка з іх апынулася ў Гомелі, на радзіме паручніка Язерскага.

Далей 16-я дывізія ўдзельнічала ў цяжкім зімовым пераходзе праз Балканскія горы. Пераадолеўшы Балканы, людзі і коні літаральна скочваліся па заснежаных кручах да Даліны Ружаў. І амаль адразу ж — у бой. Ля Шыпкі-Шэйнава зноў разгарэлася кровапралітная бітва. У вырашальны момант Скобелеў скіраваў у атаку на Шэйнава ўсё той жа Казанскі полк. І туркі паднялі над курганам белы сцяг. Шматмесячная блакада Шыпкінскага перавалу была знятая.

Пасля бою Міхаіл Скобелеў выйшаў перад строем салдат: «Імем Айчыны, віншую вас, браты!» «Куды трэба» адразу ж паляцелі даносы — малады генерал, які выклікаў дзікую зайздрасць, не згадаў у віншаванні імя цара!

Генерал Скобелеў

Генерал Скобелеў

Пасля казанцам былі падараваныя знакі на шапкі «За Шэйнава», а Скобелеў быў залічаны ў спісы палка. У 1882 годзе самы папулярны генерал рускай арміі, які камандаваў IV армейскім корпусам у Мінску, памёр пры загадкавых абставінах. Яго знайшлі мёртвым у нумары маскоўскай гасцініцы ў прастытуткі-немкі. Хадзілі чуткі, што Скобелева атруцілі — ці то нямецкая выведка, ці то царская ахранка. І ў тых, і ў іншых былі для гэтага важкія падставы. Скобелеў марыў пра вызваленне славян з-пад улады Германіі і Аўстра-Венгрыі і стварэнне вольнай федэрацыі народаў. У 1863 годзе ён прымаў удзел у падаўленні паўстання на тэрыторыі Польшчы. Але цяпер генерала падазравалі ў кантактах з рэвалюцыянерамі з «Народнай Волі» і магчымай падрыхтоўцы ваеннай змовы супраць цара.


Няроўны бой з карупцыяй

Паручнік Язерскі за руска-турэцкую вайну 1877–1878 гадоў быў узнагароджаны ордэнамі: Ганны 4 ступені, Святога Станіслава 3 ступені з мячамі і бантам, Ганны 3 ступені з мячамі і бантам. Малады афіцэр пачаў рабіць дастаткова нядрэнную кар’еру. У 1879 годзе Сямён Язерскі стаў старшым ад’ютантам штаба дывізіі. А ў 1884 годзе яго перавялі ў памежную варту і прызначылі камандзірам Богушскага памежнага атрада на заходнім кардоне. Потым Язерскі зноў вярнуўся ў войска, — старшым ад’ютантам штаба 8-га корпуса.

Пасля яго службовы шлях яшчэ не раз рабіў зігзагі. Служба ў Галоўным штабе і на пасадзе іркуцкага паліцмайстра, у Вайсковым міністэрстве і ваенным савеце Маскоўскай ваеннай акругі. У 1903 годзе, у 50 гадоў, Сямён Язерскі быў пераведзены ў генерал-маёры.

У 1904 годзе, з пачаткам руска-японскай вайны, Сямён Іванавіч быў прызначаны інспектарам шпіталяў у Маньчжурскай арміі. Працы для ваенных лекараў было надзвычай шмат — царская армія цярпела паразу за паразай і несла вялікія страты. Дзеючай арміяй камандаваў былы начальнік штаба 16-й пяхотнай дывізіі Аляксей Курапаткін. У руска-турэцкую вайну ён быў ініцыятыўным афіцэрам, аднак праз чвэрць стагоддзя праявіў сябе нерашучым і бясталентным камандуючым. Што тычыцца ваенна-медыцынскай службы, то дзякуючы намаганням прагрэсіўных лекараў «на сопках Маньчжурыі» ўпершыню былі ўжытыя рэнтгенаўскія апараты і індывідуальныя медыцынскія пакеты. Але ў той жа час у адсталай Расійскай імперыі фактычна адсутнічала фармацэўтычная прамысловасць, большасць лекаў і нават сталь для хірургічных інструментаў даводзілася закупляць за мяжой. У тыле лютавалі брушной і сыпны тыф, сібірская язва, малярыя, грып і венерычныя захворванні. Да ўсяго дадаваліся невынішчальныя крадзяжы і бюракратызм.

Генерал Унтэнбергер

Генерал Унтэнбергер


Пасля вайны генерал Язерскі служыў у кіраўніцтве Прыамурскай ваеннай акругі, быў там прадстаўніком ваеннага міністэрства. І ў 1911 годзе падаў рапарт на імя ваеннага міністра і цара Мікалая II аб жахлівым казнакрадстве і раскраданні з боку ваенных і грамадзянскіх уладаў. Карупцыя — родавая загана царскай бюракратыі. Але ў глушы Далёкага Усходу яна набыла асаблівы размах. Камандуючы Прыамурскай ваеннай акругай Павел-Сымон Унтэрбергер засяродзіў у сваіх руках велізарную і амаль бескантрольную ўладу. Унтэрбергер быў адначасова і генерал-губернатарам, і наказным атаманам мясцовага казацтва, і сенатарам, і чальцом Дзяржаўнага Савета ад групы правых расійскіх нацыяналістаў. Сапраўды — «і цар, і бог, і воінскі начальнік»! Зразумела, што сумленны служака, якім быў Язерскі, хай і з баявымі ўзнагародамі ды бездакорнай службай, змагацца з такім мацёрым саноўнікам і яго клікай не даў рады. Вынікам рапарту на высокае імя стала адстаўка праўдалюбца. Праўда, ганаровая — з мундзірам, пенсіяй і фармулёўкай «па хатніх абставінах».

Але да карупцыі і генерал-лейтэнант Язерскі заставаўся не літасцівым не зважаючы ні на што. Яго старэйшы сын ад першага шлюбу Мікалай служыў у Ізмайлаўскім палку, але растраціў казённыя грошы. А затым яшчэ і звязаўся з блізкім да царскага двара рэлігійным авантурнікам Рыгорам Распуціным. За гэта бацька пракляў яго.

Сямён Язерскі, генерал-лейтэнант

Сямён Язерскі, генерал-лейтэнант


Майскі жук

Пры гэтым Сямён Іванавіч у традыцыях таго часу быў шматдзетным бацькам. Ад першага шлюбу ў генерала былі ўжо згаданы сын Мікалай і дачка. Затым ён ажаніўся другі раз з удавой капітана Генеральнага штаба Мэры Карлаўнай, народжанай Берг. Дзяўчына з нямецкага прыбалтыйскага роду з англійскімі і шведскімі каранямі, Мэры выйшла замуж за капітана Модэрава, але той памёр неўзабаве пасля вяселля ад запалення лёгкіх. З маладой удавой і звязаў сваё далейшае жыццё Сямён Іванавіч. У новым шлюбе ў іх нарадзіліся сын Павел, дачка Вера ды дочкі-блізняты Агнія і Наталля. Мэры была лютэранкай, але ўсе яе дзеці былі праваслаўнымі.

Мэры Язерская-Берг з дзецьмі — Паўлам, Агніяй і Наталляй

Мэры Язерская-Берг з дзецьмі — Паўлам, Агніяй і Наталляй


Павел Язерскі быў ахрышчаны ў царкве лейб-гвардыі егерскага палка, але «вернападданым» не стаў. Ён вучыўся ў гімназіі імя Карла Мая ў Пецярбургу. Гэтая школа была заснаваная прагрэсіўнымі педагогамі, прапанаваўшы наўзамен палкавай дысцыпліны ўзаемную павагу і супрацоўніцтва вучняў і настаўнікаў у духу Яна Каменскага. У гімназію Мая прынцыпова не дапускаліся выкладчыкі-цемрашалы і чарнасоценцы. У гэтай адной з лепшых адукацыйных устаноў Расіі навучаліся дзеці з сямействаў Бенуа, Рымскіх-Корсакавых, Рэрыхаў, Сямёнавых-Цянь-Шанскіх і Дабуджынских. «Майскімі жукамі» былі і будучы акадэмік Дзмітрый Ліхачоў і пісьменнік Леў Успенскі.

У 1913 годзе Павел паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. З пачаткам Першай сусветнай вайны Язерскі падаў прашэнне аб залічэнні яго вольнавызначаным у войска, але потым вярнуўся ва ўніверсітэт. Аднак у 1915 годзе ён перавёўся ў Мікалаеўскае інжынернае юнкерскае вучылішча. Пасля паскоранага выпуску прапаршчык Язерскі ў 1916 годзе выправіўся на Паўночна-Заходні фронт у Віцебскую губерню.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Павел Язерскі ўступіў у РСДРП(б), быў абраны чальцом палкавога камітэта і прыняў імя Мікалая Білецкага. Працаваў у Наркамаце юстыцыі ў Петраградзе і Маскве. Але пакінуў ціхую службу сталічнага клерка і добраахвотнікам сышоў на фронт. Удзельнічаў у баях на Усходнім фронце і ўзяцці Казані. Пасля вызвалення Гомеля ад немцаў у студзені 1919 года вярнуўся на сваю «малую радзіму». Стаў галоўным рэдактарам «Вестак рэўкама Гомеля і павета». Пісаў яркія, запальныя артыкулы. Адзін з іх у сакавіку 1919 года быў прысвечаны пакараным камунарам Парыжа. У ім ён нібы прадказаў свой хуткі лёс.

Праз некалькі дзён у Гомель уварвалася 2-я Тульская брыгада, што падняла мяцеж на фронце. Пад правадырствам начальніка інтэнданцкай службы, сына тульскага купца Уладзіміра Стракапытава мяцежнікі абвясцілі ў Гомелі «Рускую народную рэспубліку» і распалілі ў горадзе вэрхал габрэйскіх пагромаў і рабаванняў. Білецкі-Язерскі да апошняга ўдзельнічаў у абароне гасцініцы «Савой». А ў палоне ў мяцежнікаў, перад тварам смерці, ён чытаў таварышам па камеры навуковыя лекцыі.

Павел Язерскі-Білецкі

Павел Язерскі-Білецкі


Паўла Язерскага-Білецкага, як і шэраг іншых арганізатараў абароны горада, стракапытаўцы па-зверску забілі пры адступленні з Гомеля ў ноч з 25 на 26 сакавіка 1919 года. Загінулых пахавалі на вуліцы, якую потым назвалі імем Білецкага. Сквер жа з іх магіламі першапачаткова насіў імя «25 Сакавіка».

Дырэктарка музея

На бок рэвалюцыі адразу ж перайшла і дачка генерала Агнія Язерская, курсістка-­«бястужаўка» і студэнтка Жаночага медыцынскага інстытута ў Пецярбургу. Адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі Агнія і яе сястра-блізнятка Наталля паехалі ў складзе студэнцкай валанцёрскай дружыны ў вёску. Мужы сялянак усё яшчэ былі на фронце, і дзяўчыны-гараджанкі арганізавалі яслі і садок для сялянскіх дзяцей, выходзілі ў поле на праполку проса і канопляў.

Пры гэтым неўзабаве цяжкія матэрыяльныя праблемы накрылі генеральскую сям’ю. У канцы 1917 года пенсіі бацькі хапала толькі на 2 фунты хлеба. Сёстры кінулі вучобу і пайшлі працаваць у аптэчны склад грамадскай арганізацыі «Саюз гарадоў». Затым, як брат Павел, Агнія актыўна выступіла на баку новай рэвалюцыйнай улады. У 1919 годзе Агнія Язерская ўдзельнічала ў раззбраенні прыхільнікаў Юдзеніча ў Петраградзе (калі б яе бацька не з’ехаў у Гомель, ці не давялося б дачцэ арыштоўваць бацьку?).

Пры наступе «Паўночна-Заходняй арміі» белых на Петраград дзяўчына з санітарным атрадам адправілася на фронт. У 1920 годзе Агнія выйшла замуж і прыняла прозвішча Язерс­кая-Бурле. Жыццё таксама нанесла ёй некалькі цяжкіх удараў. У 1921 годзе яна цяжка захварэла і доўга лячылася. У 1924 годзе ў Агніі памерла яе першае дзіця.

Былая дваранка на працягу доўгага часу працавала, як тады казалі, на «культурным фронце», загадвала рознымі клубамі і бібліятэкамі. Язерская-Бурле свабодна валодала нямецкай, ведала французскую, англійскую і фінскую мовы. У 1931 годзе яна стала дырэктарам Маскоўскай абласной бібліятэкі. А ў красавіку 1937 года па прадстаўленні Надзеі Крупскай была прызначаная першым дырэктарам Бібліятэкі-музея Маякоўскага. Шмат у чым дзякуючы ёй апошняя палюбоўніца паэта Вераніка Палонская напісала свае ўспаміны. А вось з Ліляй Брык у Агніі склаліся няпростыя адносіны. Брык падчас выступу ў музеі публічна выказала прэтэнзіі Язерскай за набыццё мемуараў, якія кампраметуюць гэтага «члена сям’і» Маякоўскага. Эксцэнтрычная прадстаўніца творчай багемы заявіла: «Уявіце сабе, Агнія Сямёнаўна, што я купіла ўспаміны, дзе сцвярджалася б, што вы — прастытутка?» Сама Агнія Язерская пакінула ўспаміны пра Мікалая Астроўскага і скульптара Веру Мухіну, якіх добра ведала.

Агнія Язерская. Фота з партбілетаў. Фота mamastya.livejournal.com

Агнія Язерская. Фота з партбілетаў. Фота mamastya.livejournal.com


Рэпрэсіі шчасліва абмінулі Язерскую-Бурле, дачку царскага генерала. Магчыма, з-за блізкасці да жонкі Уладзіміра Леніна? Хоць часам і сама Надзея Крупская, якая выступала супраць «сталінскага» тэрору на пленумах ЦК ВКП(б), вісела на валаску. Таксама малавядомы факт — яе бацька Канстанцін Крупскі, чалец нелегальнай афіцэрскай арганізацыі, быў звольнены са службы і аддадзены пад суд за дапамогу паўстанцам 1863 года.

Памерла Агнія Язерская ў 1970 годзе.


Што да самога генерала Сямёна Язерскага, то ў 1918 годзе ён з’ехаў з Петраграда. Прычынай ад’езду мог стаць і голад, і «чырвоны тэрор». Пасля шэрагу тэрарыстычных актаў ЧК увяло ў практыку ўзяцце закладнікаў з «буржуазнага» асяроддзя. Інстытут закладнікаў актыўна ўжываўся падчас Першай сусветнай вайны германскай арміяй у Бельгіі і Францыі, царскімі ўладамі — у Беларусі і Украіне. Адстаўны генерал-лейтэнант Язерскі пасяліўся ў вёсцы Глухаўка Гомельскага павета ў сваякоў, дзе і памёр у 1921 го­дзе. Яго жонка Мэры, народжаная Берг, памерла праз год.


І іншыя Язерскія

Акрамя таго, у нашай найноўшай гісторыі адзначылася мноства іншых прадстаўнікоў роду Язерскіх.

Сцяпан Венядзіктавіч Язерскі ўдзельнічаў у студэнцкіх выступах 1869 года ў Пецярбургу. У рэвалюцыйным лагеры супрацьстаяў сумна знакамітаму Сяргею Нячаеву, прапаведніку крайняга радыкалізму, фанатызму і беспрынцыповасці. Быў высланы з Пецярбурга. Пасля арганізаваў у Магілёве малочную ферму, адначасова вёў сацыялістычную прапаганду сярод мясцовых навучэнцаў. З узростам стаў больш умераным, але працягваў лічыцца «нядобранадзейным». Сцяпана Язерскага неаднаразова абіралі гарадскім галавой Магілёва, але па існуючых у Расійскай імперыі правілах выбары зацвярджаліся губернатарам. Зразумела, Сцяпан Язерскі ні разу не быў узгоднены.

Яго родны брат Давід Язерскі ў маладосці таксама ўдзельнічаў у спробе арганізацыі ўцёкаў з турмы вядомага беларускага анархіста-народніка Сяргея Каваліка. А ў 1881 годзе ён арандаваў маёнтак Блонь, каб даць магчымасць яе ўладальніку Анатолю Бонч-Асмалоўскаму, вядомаму беларускаму дзеячу, цалкам прысвяціць сябе сацыялістычнаму руху. Маці Сцяпана і Давіда Язерская належала да роду Бонч-Асмалоўскіх і даводзілася Анатолю Восіпавічу стрыечнай бабуляй.

У снежні 1917 года Анатоль Бонч-Асмалоўскі, як адзін з самых старэйшых дэлегатаў, быў абраны чальцом Савета старэйшын Усебеларускага з’езда ў Мінску.