Украінскі спецыяльны ўдарны батальён (дакументальныя фрагменты)

26 красавіка 1986 года ў тры гадзіны ночы, з вялікім спазненнем, дырэктар ЧАЭС Віктар Бруханаў нарэшце перадаў у Маскву паведамленне пра нязначны пажар на чацвёртым рэактары. Пра выбух адпаведным службам у Кіеў паведаміў нашмат пазней. Загінула два чалавекі, абстаноўка пад кантролем. Ніхто яшчэ не ведаў, што Чарнобыльскі выбух быў роўны шасцістам атамным выбухам у Хірасіме, 450 з іх прыпала на Беларусь. Раніцай на ЧАЭС з Кіева прыбыў 731-ы батальён войск грамадзянскай абароны. Гераічны батальён.



991d912445bd396599bbb31f697005bc.jpg

26 красавіка 1986 года ў тры гадзіны ночы, з вялікім спазненнем, дырэктар ЧАЭС Віктар Бруханаў нарэшце перадаў у Маскву паведамленне пра нязначны пажар на чацвёртым рэактары. Пра выбух адпаведным службам у Кіеў паведаміў нашмат пазней. Загінула два чалавекі, абстаноўка пад кантролем. Ніхто яшчэ не ведаў, што Чарнобыльскі выбух быў роўны шасцістам атамным выбухам у Хірасіме, 450 з іх прыпала на Беларусь. Раніцай на ЧАЭС з Кіева прыбыў 731-ы батальён войск грамадзянскай абароны. Гераічны батальён.
Пасля ўцёкаў ад чырвонага воблака, што раптам узбухцелася, паплыло ад разгневанага рэактара, рота ліквідатараў капітана Збароўскага разбіла лагер поруч вёскі Дзіцяткі. Прывезлі новыя палаткі, бялізну, абмундзіраванне. Старое абмундзіраванне, вопратка, боты пойдуць у станцыйны магільнік.
Тэрміновая лазня ўсім. Афіцэры мыліся апошнімі. Не паспеў капітан Пётр Збароўскі апрануцца, у вялізную палатку-лазню ўваліліся генерал і палкоўнік. “Хто капітан Збароўскі? — “Я. — “Збірайцеся, вас выклікае старшыня Урадавай камісіі. Гадзіна ночы, зранку ў Збароўскага ў роце ні крошкі. “Паснедаю, паабедаю, павячэраю — пайду, а так — не. Не запярэчылі вялікія начальнікі.
У Чарнобыльскім райкаме партыі, дзе праводзіла пасяджэнні Урадавая камісія, шмат народу, сумятня, спрэчкі, доказы. Разбіраюцца ўночы, калі і куды адводзіць мора вады пад чацвёртым рэактарам. Сівы ўладны чалавек нарэшце супыніўся поглядам на пасыльным генерале і капітане, выйшаў з-за стала прэзідыума, паціснуў абодвум рукі. Прытрымаў далонь Збароўскага:
— Гатовы выконваць урадавае заданне?
— Так точна.
— Генерал растлумачыў, чаго выклікаюць?
— Ніяк не. 
Сілаеў тлумачыць мякчэй:
— Збароўскі, адкачвайце ваду ў сховішча вадкіх паліўных адходаў! — Паўглядаўся ў ваеннага секундаў колькі. — Вы слухалі, чулі… Другога выйсця няма.
— Задача невыканальная, таварыш старшыня Урадавай камісіі, — выструнены, нягеглы, у мятай вопратцы капітан мужна нязгодніць аднаму з кіраўнікоў дзяржавы СССР, нязгібна паўтарае тое ж: немагчыма выканаць заданне.
— Вольна, капітан. Тлумачце.
— Да сховішча ад рэактара чатырыста метраў. Шлангі пракладваць зручна. Вадзе ісці можна, але поруч чацвёртага блока дзве тысячы васемсот рэнтгенаў, бліз сховішча — меней за тысячу. За паездку туды — назад і адну вылазку я спалю людзей. Усіх воінаў роты — за гадзіну. Немагчыма такое.
— Падлікі ваенных маскоўскіх дазіметрыстаў дакладныя. І мы мералі, дадаткова. Я перакананы, капітан Збароўскі памыляецца, — паднімаецца генерал-маёр Кітаеў, адказны за ваенную дазіметрычную разведку на ЧАЭС, ва ўсіх трох сектарах/зонах, па-за імі.
У картачку капітану, як астатнім воінам роты, штодня запісвалі 19–19,5 рэнтгенаў. Капітан не пратэставаў супраць хлусні. Не ведаў. А каб ведаў, не было часу на пратэсты. Ён выконваў урадавае заданне, рабіў тое, што без яго ніхто ў тысячным Чарнобылі і ваколлі зрабіць не мог. Гладыятарнічаў.
— Што вам не зразумела? З чацвёртага блока перакачаць ваду ў сховішча вадкіх паліўных адходаў. Адлегласць за трыста метраў, — тое ж заводзіць недатумкачу ротнаму генерал-маёр Кітаеў. — Усё мы разлічылі, пракладку шлангаў у сховішча прадазімерылі маскоўскія спецыялісты.
На той жа ноце нязгоды выструнены капітан Збароўскі паўторна адмоўнічае: “Побліз блока 2800 рэнтгенаў, часта болей 3–4 тысяч, каля сховішча — за тысячу. Мералі ўкраінскія спецыялісты і мы.
Мужнасць праўдалюба ацаніў старшыня, распарадзіўся: Кітаеву, галоўнаму інжынеру, двум дазіметрыстам тэрмінова выехаць на аб’ект. У браневіку.
— Другі раз быў я там з капітанам Акімавым. Вымяралі. Ваенныя дазіметры змяншаюць дозу да сарака працэнтаў. Яна там фактычна большая, — адказвае Збароўскі Кітаеву.
Іван Сцяпанавіч Сілаеў, намеснік старшыні Савета Міністраў СССР, старшыня Урадавай камісіі пасля Шчарбініка, узняўся над сталом, акідвае ваенных, цывільных, садзіцца, глуха паўторна загадвае: галоўнаму інжынеру ЧАЭС тэрмінова ўзяць двух кемкіх дазіметрыстаў, генерала Кітаева, капітана Збароўскага, спраўдзіць замеры дозаў. Маскоўскія спецыялісты звычайна не памыляюцца, аднак усё можа быць.
Вадзіцель яфрэйтар Клімовіч раз-пораз пытаў у капітана, дзе паварочваць сярод возера пагнутых труб, бетону, хламу.
Дазіметрычны прыбор унутры браневіка з электроннай лічбавай шкалой абыякава лічыць дозы — 200, 350, 500, 600. Метраў сто дваццаць да чацвёртага блока. Разумны генерал Кітаеў парывіста хапаецца за адзін з чатырох рычагоў хуткасцяў, тузае. Хоча ўключыць заднюю перадачу. Пайшло яно ўсё… Назад, толькі назад. Генерал не проста кантралюе ЧАЭСную дазіметрыю — выдатна разбіраецца ў дозах.
— Таварыш капітан, скажыце яму! Нельга хапаць рычагі. Абломяцца… — просіцца па-беларуску яфрэйтар Клімовіч. У цяжкую хвіліну кожны ўспамінае Бога, маму, словы роднай мовы.
— Назад! Згодны, згодны з вашымі падлікамі! — Генерала няма, ёсць размяклая мужчынская постаць у генеральскім мундзіры.
Старшыня Урадавай камісіі адзначыў, што ім спатрэбілася не трыццаць і не пяцьдзесят хвілін, усяго дваццаць дзве.
— Таварыш генерал-маёр загадаў вярнуць назад. Двойчы.
Сярод гармідарнасці галоўнага пакоя ў райкаме партыі, крыху меншага за залу пасяджэнняў, увокамгненілася цішыня, наліваецца сілаю абвеснага дажджу.
— Там радыяцыя пастаянная, не змяншаецца, — капітан далей не асмельваецца працягваць.
— Чаму, па-вашаму, дозы генерала ў дваццаць разоў меншыя? — Сілаеў не мяккі і зычлівы — цвёрды камень.
— Яго людзі там не былі. Ён таксама. Так думаецца.
…Генерал арміі Герасімаў імклівіць да генерал-маёра Кітаева, зрывае пагон. Цішыня выбухае громам. Мацюкі сеюцца ў пакоі. Фуражка Кітаева на падлозе.
…Пад блокам рэактара — тэхналагічны канал. Каб дабрацца да яго, патрэбна прабіць дзірку ў тоўстай бетоннай сцяне. Цяжка, але зробім хутка. Прапановы розныя: прабіць сценку і канал стрэлам з гарматы ці гранатамёта, прапаліць кумулятыўнаю мінай.
А што стане з рэактарам пасля такой стральбы?
Капітану Збароўскаму даручылі прымаць рашэнне на месцы. У роце вырашылі не рызыкаваць, прабіваць дзірку ўручную.
Пройдзе час — у газетах зняпраўдзяць, як тады пісалі пра многае, звязанае з выбухам на ЧАЭС. На пытанне Збароўскага да воінаў пастроенай роты, хто добраахвотнікам пойдзе прабіваць уручную дзірку ў тоўстай бетоннай тунельнай сцяне неўздалёк рэактара, напішуць — выйшла наперад уся рота. Напішуць хлусню. Ступілі ўсяго шэсць чалавек — сяржанты Іван Максімчук, Павел Аўдзееў, яфрэйтары Ігар Маладушаў, Аляксандр Коршунаў, лейтэнант Генадзь Хацаў, сам Збароўскі.
На бронетранспарцёры прабраліся да тунельнай сцяны. Узровень радыяцыі велізарны. Збароўскі хуценька вылічыў — там чалавеку можна ў суткі працаваць не болей адзінаццаці хвілін. Воіны выбягалі з пад’ехалага БТРа ўдваіх, білі сцяну кувалдамі, дзяўблі. Удваіх, калі хто зняможацца, упадзе, паплечнік выцягне або пакажа іншым месца яго непрытомнасці.
Прабілі. Цемра, смурод.
… Спаць капітану даводзілася ўрыўкамі, па некалькі хвілінаў. Ужо не памятаў, колькі разоў страшэнна стомлены быў на Урадавай камісіі. У часе чарговага начнога даклада ўрэзаўся ў свядомасць паўночны званок Гарбачова Сілаеву. Голас чуўся па ўсім пакоі.
“Прынялі рашэнне, кудой пракладваць шлангі? А куды дзяваць ваду? У мяне тут рабочая група, сядзім, думаем. Думайце і вы. Прашу, спяшайцеся…
Старшыня Урадавай камісіі ўзняўся, прыняў строгую стойку, рукі па швах: “Перад вамі дзяржаўная задача, капітан Збароўскі. Тэрмінова і хутка адкачаць ваду з-пад чацвёртага блока. (“Ёсць!) Гатоўнасць да працы — дзевяць раніцы.
Удакладненне дэталяў. Парады спецыялістаў.
На адыходзе капітана адзін з кіраўнікоў дзяржавы СССР прылюдна абдымае яго: “Украіна вялікая, СССР большы. Адзін ты, сынок, можаш выручыць нас усіх, адкачаць ваду.
Капітан Збароўскі, абраныя ім афіцэры і салдаты не ведалі, што яны ратавалі не Украіну, Беларусь, Расію — усю планету. Калі б тысячатонны рэактар, прыборы, абсталяванне шухнулі ў мора накопленай пад імі вады, ад удару, ціску воблакаў пары, іскроўнасці правадоў узарваўся б трэці рэактар, ён быў пад адным дахам з чацвёртым, узляцелі б другі, першы рэактары ЧАЭС, узбунтаваліся рэшткі гаручага з чацвёртага. Катастрофа з маленькага раёна Украіны ператварылася б у сусветную.
Збароўскі выходзіць абамлелы. Уторыцца сто разоў думанае. Смяртэльная доза для чалавека — 500–600 рэнтгенаў. Поруч сцяны рэактара — 2500–2800 рэнтгенаў. Тут чалавеку можна знаходзіцца да 2–3 хвілінаў. Паслаць армію і пагоны падалей? Сам жыццё сабе ніхто не можа караціць — грэх вялікі. Разгубленасць у капітана, разгубленасць.
…У сталовай нампатэх палка палкоўнік Букатынскі, генерал Шматко распытвалі дзяржаўнага чалавека Збароўскага, шкадавалі, многае падказалі смяротніку. Згадзіліся: лепш за самога Збароўскага ніхто не падбярэ неабходнае — станцыі, трубы, машыны, людзей.
Камандзір суседняй пажарнай роты капітан Мікалай Акімаў, цяпер намеснік Збароўскага, камандзіры ўзводаў лейтэнанты Вадзім Злобін і Генадзь Хацаў, даўнія сябры, выканальныя ўмелыя спецыялісты, згадзіліся быць у камандзе Збароўскага пры адпампоўванні вады.
Ва ўсіх газетах і выданнях таго часу напісана, што адпампоўванне радыеактыўнай вады з-пад чацвёртага і трэцяга энергаблокаў было даручана пажарным. Яны выдатна справіліся.
Гэту праўду і няпраўду Пётр Паўлавіч Збароўскі, капітан, паляк, сямейны чалавек, бацька сына, ведае, не абвяргае. У аднапартыйнай дзяржаве, перакананы, праўду даказаць немагчыма, нават самую дробную, усім ясную. Яго вопыт пацвярджаў гэта.
 Два капітаны — камандзір новасфармаванай роты Збароўскі і яго намеснік Акімаў — азіралі рэзервуары далекавата за тэрыторыяй станцыі, за паўтара кіламетра. Метрах у ста ад Прыпяці — два басейны, адзін пусты, другі напалову запоўнены чыстай вадой. Радыяцыйнасць невялікая, да 0,5 рэнтгена. Ёмістасць кожнага рэзервуара — за дваццаць пяць тысяч кубаметраў. З напалову запоўненага чыстую ваду лёгка адкачаць у Прыпяць. Раніцай яшчэ раз усё агледзелі.
Іван Сілаеў тут жа звязаўся з Масквой, папрасіў прапрацаваць варыянт капітана Збароўскага: знойдзена месца зліву вады з-пад рэактара; ці варта ваду ў рэзервуары заліваць негаручым тэхнічным маслам, каб не выпаралася, не разносілася радыяцыя. “Ваенны радавы інжынер прапанаваў, капітан Збароўскі, — тлумачыць Сілаеў у трубку.
Пётр Паўлавіч Збароўскі не здагадваўся, колькім палкоўніцка-генеральскім пагонам і навуковым ступеням прынёс прыніжэнняў яго розум, як стузанулася ў высокапасаднікаў звычайнае недабразычча да таленавітага чалавека з нізоў, як сённяшняе аргументаванае паведамленне горка адаб’ецца на далейшым яго жыцці. Паўторыцца ваенная эпапея з капітанам Марынеску, катораму Героя Савецкага Саюза прысвояць нашмат пазней пасля ваенных падводных подзвігаў і цывільнай пасляваеннай смерці.
Перапынак. Паўгалодны капітан пабег шукаць, дзе перакусіць.
За двое сутак многія ў батальёне, палку, усіх трох зонах уведалі, што на Збароўскага ўскладзена страшэннай адказнасці і радыеактыўнасці праца, давалі смяротніку парады і падказкі самыя зычлівыя, як заўжды невінаватаму абняшчасніку.
Задумаўся, чаму маскоўскія і кіеўскія ўмельцы запланавалі перакачваць ваду па нягнуткіх металічных трубах. У ваеннай тэхнікі краіны няма іншай магчымасці, але ў цывільных пажарных насосных станцыях (ПНС–110) шлангі і рукаўныя ходы гнуткія, прадукцыйнасць у два разы большая, чым у ваенных непаваротных насосаў.
Са строю пажарных згадзіўся ісці на дапамогу ваенным адкачваць ваду з-пад чацвёртага рэактара разлік маёра Нагаеўскага з Белай Царквы, пяць чалавек. Праз гадзіну дадаўся разлік з Жытоміра, пяць чалавек.
У гадзіну ночы Збароўскі даклаў сакратару Сілаева пра поўную гатоўнасць станцыяў да выезду. Той удакладняўся ў старшыні.
Чакайце каманды… Раніцай — чакайце. У абед — чакайце каманды.
Тым часам зранку да абеду Збароўскі мусіў вырашаць нечаканую перашкоду. На яе ніхто дасюль не звярнуў увагі. Да развалінаў чацвёртага рэактара пад’ехаць можна, да ўцалелых сценаў чацвёртага, да любога з трох астатніх рэактараў пад’езду/падыходу не было. Строгую ахову дапаўнялі бетонныя шэрагі, металічная агароджа. Па дроце ішоў ток.
…Цэлых паўдня прайшло бюракратычнай валтузні. Вырашалі дробязныя пытанні — адключэнне напружання на дроце агароджы патрэбнага ўчастка, дазволу праезду праз яго двух бэтээраў, гусенічнага браневіка, установак ПНС–110. Тэлефонныя размовы, абмен тэлеграмамі. Спешка.
Усё застопарылася.
Каманда Збароўскага, разлікі пажарных насосных станцыяў не ведалі складанасці абстаноўкі над Украінай, Беларуссю, Расіяй. Над Кіевам віселі каманды на высяленне ўсяго горада. Прыасветленыя сем’і начальнікаў і падначальнікаў тры дні самавалам выязджалі з горада на чым маглі. Чакаўся выбух рэактара ў Чарнобылі. Калаціліся ўсе — установы, народ.
У Мінску таксама неспакойна. Два дні шэптамі і адкрыта ў народзе пераказвалася — можа быць выбух. Слюнькову пазваніў Лігачоў: што можаце, рабіце, рыхтуйцеся. На ЧАЭС можа быць нашмат большы выбух.
Вечарам 5 мая капітану Збароўскаму нарэшце паступіла каманда: “Наперад! Хутчэй, браток, не марудзь, Просім, хутчэй.
Нарыхтаваныя на подзвіг і барацьбу ваенна-пажарныя разлікі пад’ехалі да бетоннага плоту станцыі. Ніякіх праходаў для тэхнікі не зроблена. Абяцалі — і не зрабілі. Шум нядаўніх перагавораў ветрам каціўся ўверсе, над кронамі і вершалінамі дрэваў, да ляснога травастою нішто не дайшло.
Змікітлівасць і жыццёвы вопыт поўняць Пятра Збароўскага. Спасцярожна кідае кусок дроту на адключаную ад току агароджу. Сузгадненні вялікіх начальнікаў адразу сталі бачныя разлікам — нуль! Яшчэ раз цана ім — нуль.
Капітан Збароўскі дае каманду: “Хлопцы, слухаць мяне! Так каравульныя не ўчуйваюцца ў каманду старшага па каравуле, як прыехалыя ліквідатары і пажарнікі ў словы капітана. Ветлівага і вытрыманага ціхмянца Збароўскага не пазнаць. Аднекуль узялася рашучасць: “Бранявік на сценку агароджы! На хуткасці.
У вырашальную хвіліну рашучыя словы наплылі самі. Ваенныя і пажарнікі выканаюць каманду гэтага чалавека, якую б ні даў. Ведае ён, ведаюць астатнія.
Бэтээрам абвалілі бетонныя слупы і пліты агароджы.
Каравульныя звоняць, крычаць, супыняюць. Стральбой не грозяць.
Другі бранявік, на гусеніцах, накіравалі на драцяныя агароджы.
— Вадзіцель, Клімовіч! Уключай хуткасць, а сам выкульвайся. Барджэй. Пускай яго ўдоўж, па дроце. Не папярок — у даўжыню, па агароджы.
Гусенічны бранявік пайшоў мяць і рваць электрычны дрот, валіць слупы. Іскры, маланкі, пыл. Гарыць трава, зямля. Дыміць бранявік, тракі гусеніцаў ядуць дрот, валяць слупкі.
Прарвалі ўчастак ушыркі метраў за дваццаць. Вокрыкі адабрэння Пётр Збароўскі чуе і не чуе. Камандуе. Дрот не іскрыць, зусім не іскрыць. Адчайны адчайна кідае на дрот дошкі, ступае на іх.
Прабілі другі праход у агароджы. Усё на імпэце прарыву, на сіле высокай справы вялікіх людзей. Замёр бранявік.
Урэшце сталі займацца непасрэдна працай, укладвалі трубаводы. Прайсці паўтара кіламетра складана ў любых умовах, радыяцыйных тым болей.
Расчышчалі ад завалаў дарогу. Камбінавалі, паспрабавалі пажарныя шлангі злучаць з ваеннымі трубамі. Выходзіла кепска, але штосьці выходзіла. Злучылі муфты, умацавалі скрэпы. Праверылі звязку. Вада біла, дзюрыла са злучэнняў. Адмовіліся ад трубаў.
Кожныя 20–30 метраў крапілі муфты.
Натрапіўся ўчастак асабліва небяспечны: 250–600 рэнтгенаў. Бліжэй да першага блока рэзкі спад радыеактыўнасці — 80–50–40–30 рэнтгенаў.
У тунелі ўстанаўлівалі першую насосную станцыю. Гусенічным браневіком вырвалі лесвіцу — замінала апусціць усмоктвальны рукаў. Адцягнулі лесвіцу. У браневіку нешта лопнула, не заводзіцца.
Запусцілі насос. Вада пайшла. Запусцілі другі. Вада пайшла і па ім. Па трэцім. Адзін рукаў перастаў працаваць. Не ўздыхае і ўсё тут.
Збароўскі з Акімавым подбегам у тунель, разбірацца. “Пялёсткі з твараў не здымаюць. Усе ў скляпеннях, калідорах, тунелях і тут хадзілі па двое — адзін самлее, другі выцягне або паведаміць выратавальнікам.
Тунель усё паўней у дыме. Адкрылі вароты. Радыяцыя падскочыла ў дзесяць разоў — 180 рэнтгенаў.
Афіцэры трымалі вароты прыадчыненымі. Адна прабежка ад варотаў да помпаў і назад — дадатковы захоп на сябе 3–4 рэнтгенаў. Дзявацца няма куды. Па чарзе правяралі шлангі, помпы, маторы. Рамантавалі сумесна з майстрамі. Кожныя тры з паловай гадзіны далівалі бензін.
Адна з чатырох станцыяў канчаткова сапсавалася. Не замянілі адразу, не было каму шукаць паломку.
На паверхні нейкія разведчыкі на танку пад’ехалі да чацвёртага рэактара, пашкодзілі трубаправоды. З верталёта паведамляюць: бачаць вадзяныя фантаны.
У камандзе Збароўскага з дваццаці засталося шэсць чалавек. У засталых таксама болей двух дзясяткаў рэнтгенаў. Ледзь дабіліся папаўнення. Ідуць салдацікі і афіцэры з неахвотаю. Баяцца. Уведалі пра лёс вывезеных у Маскву пажарнікаў, што памерлі ці паміраюць, пра гаркэчную соладзь працы ў камандзе капітана Збароўскага, пра перапады радыяцыі на мясцінах выкачвання вады — справядліва выкручваюцца.
Кожную гадзіну каманда Збароўскага замярае ўзровень радыяцыі, тэмпературу вады ў басейне, дакладвае Сілаеву, ноччу яго сакратарам.
У адзін з першых асабістых дакладаў самому старшыні капітан папрасіў прыслаць яшчэ адзін бранявік.
— Трох мала?
Збароўскі замяўся. Няма як перасоўвацца, цягацца са шлангамі ўручную цяжка. Ліквідатары баяцца перанапружыць ПНСы.
— Два браневікі спалілі. Верагодна. Не працуюць.
— Тлумачце.
— Прарывалі сценку і драцяную агароджу. Ток па дроце ішоў, кіеўцы не адключылі. Скамандаваў вадзіцелю ўключыць хуткасць, накіраваць машыну па драцяной лініі, удоўжкі. Ірвалі.
Бранявік рваў, у канцы стаў. Намёртва. Не працуе. Згарэў другі. Прабачце. Іначай не выходзіла, не маглі.
— Капітан, не выбачайся. Вы не асягаеце, колькі тэхнікі мы выкідваем. Вывозім на магільнікі. Яшчэ раз дзякую вам, капітан.
Дзве бронеаўтамашыны, бронетранспарцёр і бранявік на гусенічным ходзе, прыбылі да іх праз паўтары гадзіны.
Хадзілі да помпаў ліквідатары праз першы, другі і трэці рэактары. Па двое.
Мяняліся людзі, змены. Зусім рэдка адыходзіў ад помпаў капітан Збароўскі. Яго аўтарытэт рос паўсюдна. Усім у батальёне, палку, сектары было ясна: не проста герой — двойчы смяротнік.
…Уночы з 7 на 8 мая іх полк змяніў адэскі полк.
Болей двух сутак капітан Збароўскі і запаснікі з трэцяй роты 731-га хімспецбатальёна адкачвалі ваду. Знізілі яе ўзровень з шасці з лішнім метраў да 70 сантыметраў. Спіс дваццаці пяці добраахвотнікаў з гэтай роты шырока вядомы. Яны атрымалі падзякі, грашовыя прэміі — па тысячы рублёў. Збароўскаму — таксама падзяка і тысяча рублёў.
На раніцу капітана Збароўскага выклікалі на Урадавую камісію. Форма яго свяцілася яшчэ ў першыя гадзіны адкачвання вады: замяніў — выкінуў, замяніў — выкінуў; капітан два разы на дзень пры мажлівасці салдатам, афіцэрам і сабе мяняў белыя штаны і пінжак, станцыйную вопратку, кірзачы.
У кабінеце чалавек дваццаць. Як і ў першую сустрэчу, Іван Сцяпанавіч падняўся з-за стала, стаў па стойцы “смірна:
— Ад імя Савецкага Урада і ЦК КПСС за ўзорнае выкананне асабліва важнага задання аб’яўляю вам падзяку.
— Служу Савецкаму Саюзу!
— Вы — украінскі спецыяльны ўдарны батальён. Выдатна спрацавалі.
— Служым Савецкаму Саюзу!
— Падыдзі, сынок.
Сілаеў ведаў, адкуль прыйшоў капітан, як фаніць яго цела і вопратка, не спужаўся. Паціснуў руку, абняў.
— Чым мог тут, я вас аддзякаваў. Астатняе — за Урадам. Пра вас даложаць, абавязкова даложаць.
Сілаеў убачыў бела-белы твар капітана, ведаў пра тры страты прытомнасці Збароўскага бліз помпаў, у тым ліку гэтай ноччу пры дакладзе ва Урадавую камісію, непасрэдна яму.
— А цяпер у шпіталь. Усю роту. Неадкладна.
…У шпіталі Збароўскаму тройчы пералівалі кроў. Пасля кожнага пералівання хворага трэсла, як бліз чацвёртага рэактара. Тэмпература высокая, а целу холадна: у мышцах, касцях, руках і нагах — лёд, арктычны мароз.
Аналізы за аналізамі.
У Кіеве паўсюдна размовы, што капітана Збароўскага прадставілі да звання героя Савецкага Саюза. У штабах, шпіталях. Да Збароўскага чуткі даходзілі, ніякай рэакцыі. Нікому ад яго ні слова, тым болей просьбы-напаміну. Баяўся сурочыць.
Каму з медыкаў і начальнікаў ні гаварыў, што яго індывідуальны ваенны дазіметр разлічаны на пяцьдзесят рэнтгенаў, зашкаліў да пачатку адкачвання вады з-пад рэактара — не верылі. Ён, як і многія афіцэры, карыстаўся прыборамі персаналу станцыі, лепшымі — медыкі не верылі. Звычайныя ваенныя дазіметры часта змяншаюць паказчыкі ўдвая ў параўнанні з цывільнымі — не верылі. Асобным салдатам пералічылі дозу абпраменьвання, атрымалася ўтрая болей, чым запісана ва ўліковай картачцы — не верылі.
Пётр Збароўскі пасля ўважнага стаўлення да сябе на пасяджэннях Урадавай камісіі сутыкнуўся з побытавай абыякавасцю, нават хцівасцю. Прычынаў не ведаў. Засмуціўся, калі падсумаваў выказванні асобных кадравікоў: мажліва, разнарадкі для грамадзянскай абароны на Героя не было. Даўным-даўно камандзір узвода Збароўскі вяртаўся дадому, хуліганы збілі, абрабавалі, партбілет скралі, а несправядлівыя савецкія разборы-праверкі абярнуліся супраць пацярпелага, вымову на службе атрымаў, дванаццаць гадоў пасля “сядзеў на ўзводзе. Нацыянальнасць не тая — паляк. Генералы не забылі сваю прыніжанасць на пасяджэннях Урадавай камісіі; праявілася зайздрасць асцярожненькіх і тупых да мужных і адважных. Маўклівае жаданне зацерці подзвіг капітана Грамадзянскай абароны; яшчэ болей узвялічыць істотную дапамогу арміі. Верталётчыкі, акадэмік Лягаса, генерал-маёр Тараканаў таксама адважнічалі, нахваталі радыеактыўнасці, званне героя ім не прысвоілі. Цывільным і ваенным палітыкам у Кіеве і Маскве было не да асобнага капітана, яны змяншалі ўвагу свету да чарнобыльства, бо чым болей герояў, тым страшнейшая аварыя, а яе ўсямогна зніжалі. У тагачаснай кругаверці не знайшлося справядліўца палкоўніка ці генерала, каторы змог бы нагадаць міністру, урадаўцам, таму ж Сілаеву пра ўчынкі чалавека, якому варта пры жыцці ставіць залаты помнік.
Змікітлівы розум, вынаходлівасць і рашучасць Пятра Збароўскага дазволілі сцэментаваць каманду, знайсці месца адпампоўвання вады з-пад рэактара, спосаб і, асноўнае, хуткасць пампоўкі. Своечасовай, неадкладнай ні на хвіліну.
Узнагародай стала замоўчванне яго подзвігаў.
Пётр Паўлавіч Збароўскі не крыўдаваў, калі ў снежні 1986 года ўзнагароджвалі чарнобыльцаў, а з іх палка нікога не адзначылі; калі ў лютым 1987 года 64 чалавекі з палка атрымалі ўзнагароды, а яго і камандзіраў палка і батальёна палкоўнікаў Грабянюка і Босага ў спісках узнагароджаных не было.
Праўдалюб Сашка Лагачоў, не Сашка, а Санька, Аляксандр, Алеська, пачаў дабівацца праўды ў ваенных міністраў Кіева і Масквы, генсека Гарбачова.
Смех і грэх — аказваецца, подзвіг героя даўно патрэбна адзначыць, украінскія ваенныя і чарнобыльскія начальнікі схамянуліся, выправілі промах. Штабныя таксама паправілі дапушчаную бюракратычную абыякавасць, уключылі яго прозвішча ў чарговы спіс. У маі 1987 прыйшла ўзнагарода і капітану Збароўскаму: ордэн Чырвонай Зоркі “…за асваенне новай тэхнікі і зброі.
Маёру Пятру Збароўскаму стала зусім прыкра і моташна ад савецкай “праўды, калі старанніка рана звольнілі ў запас.
Аддзячыла ўлада герою! “Выгналі з арміі героя, каб не мянтрэжыў душы недалёкім, тупым, зайздросным, — са злосцю на былую савецкую сістэму і яе выкармышаў у краіне рэзалі ліквідатары ўкраінскага спецыяльнага ўдарнага батальёна, пісаў намеснік камандзіра батальёна Уладзімір Гудаў. Не здагадваліся, што паўтаралі жаллівыя словы беларускіх забытых ліквідатараў.
Нават званне падпалкоўніка Пятру Паўлавічу Збароўскаму прысвоілі не па-людску — калі быў цывільным. Яго сыну, афіцэру, горкі лёс бацькі пёк, пячэ, будзе пячы. З пяці батальёнаўцаў праз дваццаць гадоў жывым застанецца адзін.
“Слава героям! Гэтыя словы павінны быць не на плакатах і ў прамовах, а на яве. Так думаюць малады Збароўскі і рэдкія жывыя ліквідатары ўкраінскага ўдарнага спецыяльнага батальёна. Цяжка думаюць…
Усе лічбы, факты — з адкрытых публікацыяў, не сакрэтных архіваў, паведамленняў ліквідатараў.

Валер Санько