Жыццё, якое не спраўдзілася

Застацца ў жывых у лагеры, выцягнуць шчаслівы білет вызвалення (датэрміновага!), знайсці не самую дрэнную працу — і тут жа легкадумна даверыцца здрадніку і паплаціцца за гэта жыццём. «Тройка» прыняла рашэнне аб расстрэле. У чарзе на расстрэл давялося прастаяць больш за месяц...

20120112001936_31d30db8_me.jpg

У маім дзяцінстве я не чула размоў дарослых пра рэпрэсіі. Гэта было свядомае маўчанне. Памятаю толькі фразы, зрэдку вымаўленыя сцішаным голасам, з асаблівай інтанацыяй: «Ён СЯДЗЕЎ!» Або: «Яго дапытваў сам Цанава!» Ці: «Маўчы, пра гэта нельга гаварыць!» Падрабязнасці не агучваліся і не абмяркоўваліся.

«Змова маўчання» прыводзіць да таго, што некаторыя ахвяры Сталінскага Халакосту раствараюцца ў часе, памяць пра іх сціраецца, як надпісы на старых надмагіллях. Адну з такіх «старанна забытых» персон я сустрэла пры складанні радаводу сваёй свякроўкі. Мяне ўразіў узрост гэтага чалавека, і вельмі захацелася аднавіць памяць пра яго.


Сваяк

Пошук пачаўся з кароткай нататкі на сайце «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР»: «Дыбовский Михаил Гольянович. Родился в 1908 г., Белоруссия; белорус; б/п; начальник части Самарлага НКВД. Проживал: г. Куйбышев. Арестован 29 декабря 1937 г. Приговорен: тройка при УНКВД по Куйбышевской обл. 31 декабря 1937 г., обв.: по ст. ст. 58-8 и 58-10. Приговор: расстрел. Расстрелян 10 февраля 1938 г. Место захоронения — Куйбышев».

Гэта ўсё, што было вядома пра малодшага брата бацькі свякрухі.

Дзіўнае імя па бацьку «Гальянавіч» было памылкай прачытання рукапіснай загалоўнай «Ю» як «Га». Расстраляны «начальнік часткі Самарлага НКУС» успрымаўся мною адназначна як афіцэр НКУС, які сам трапіў «пад раздачу». Але непрыемная неспадзяванка толькі павялічыла жаданне больш даведацца пра яго жыццё і лёс. Сабраўшы дакументы для пацвярджэння сваяцтва, мы адправілі запыт у УФСБ па Самарскай (Куйбышаўскай) вобласці, па месцы расстрэлу Міхаіла. Адказ чакалі нядоўга — дзякуй супрацоўнікам Самарскага архіва ФСБ! З тоўстага канверта мы дасталі копіі пратаколу допыту, абвінаваўчага заключэння, даведкі на арышт — і перад намі разгарнулася кароткае жыццё забытага ўсімі чалавека.

mailservice.jpg


Адзін з першых вагонаважатых Мінска

Міхаіл быў малодшым з чатырох дзяцей валаснога фельчара Слуцкага павета Юльяна Дыбоўскага, які атрымаў сваю спецыяльнасць падчас службы ў 13 Лейб-грэнадзёрскім Эрыванскім палку.

Калі Міхаілу было каля сямі гадоў, яго бацька загінуў. Карміцелькай сям’і стала яго старэйшая сястра, выпускніца Слуцкай жаночай гімназіі, якая атрымала месца настаўніцы (тады казалі: «шкраб» — «школьны работнік») у невялікай сельскай школе і клапацілася пра маці і малодшага брата. Скончыўшы сямігодку, Міхаіл, у адрозненне ад сястры і двух старэйшых братоў, не абраў педагагічны напрамак. У тыя часы былі папулярнымі прафшколы, якія разам з сярэдняй адукацыяй давалі працоўную спецыяльнасць. Паводле звестак з самарскай «анкеты арыштаванага», Міхаіл пасля заканчэння сямігодкі два гады вучыўся ў мінскай прафшколе будаўнікоў, потым два гады працаваў у Мінску «на розных стройработах у якасці сталяра».

У кастрычніку 1929 года ў Мінску з’явілася першая трамвайная лінія. Гэта было значнай падзеяй для горада, а праца вагонаважатага лічылася вельмі прэстыжнай і цікавай. Міхаілу пашанцавала атрымаць накіраванне на курсы вагонаважатых, і ў 1930 годзе ён ужо стаяў (бо сядзення для кіроўцаў у першых трамваях не было) у кабіне аднаго з мінскіх трамваяў.

З дасланых нам следчых матэрыялаў вынікае, што Міхаіл быў камсамольцам (пасля першага арышту камсамольскі білет у яго быў адабраны і накіраваны ў ЦК ЛКСМ Беларусі), і нават у 1933 годзе быў кандыдатам у чальцы КПСС. У наш час пра такога чалавека сказалі б, што ён паспяхова «рабіў кар’еру».

І арышт

На гэтым фоне выглядае дзіўным, што ў 1933 годзе старэйшы брат Міхаіла, які кіраваў сельскай школай у Бярэзінскім раёне, раптам забраў яго са сталіцы і ўладкаваў настаўнікам у школу вёскі Вялікія Логі. Не прайшло і паўгода на новым месцы, як Міхаіл быў арыштаваны і асуджаны «тройкай» пры ПП АДПУ па БССР паводле артыкула 85 КК БССР (махлярства).

Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне за падробку дзяржаўных папер (ад грашовых знакаў да «іншых праязных дакументаў»). Максімальным пакараннем па ім была «вышэйшая мера сацыяльнай абароны» — расстрэл з канфіскацыяй маёмасці, але Міхаіл атрымаў мінімальнае: тры гады папраўча-працоўнага лагера (ППЛ).

Што мог падрабіць былы вагонаважаты? Трамвайныя квіткі? Каб даведацца пра гэта, мы паслалі запыт у Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне УУС Мінаблвыканкама. Адказ быў нечаканым: аблігацыю!

25_rub._1930_hoda.jpg


Пазыкі Саветаў

Савецкая дзяржава ў першыя дзесяцігоддзі свайго існавання мела сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці. Саветы адмовіліся сплачваць дарэвалюцыйныя пазыкі царскай Расіі, а таму даваць крэдыты такой дзяржаве ніхто не хацеў. Пашукаць неабходныя сродкі дзяржава вырашыла ў сваіх грамадзян, друкуючы аблігацыі ўнутранай дзяржаўнай пазыкі.

Першыя такія аблігацыі з’явіліся ў 1922 годзе. Дзяржава брала ў людзей грошы на пэўны тэрмін (перыяд пагашэння), падчас якога яна карысталася большай часткай грошай укладчыкаў, а пэўны працэнт накіроўваўся на выплату выйгрышаў. Нявыйграўшыя аблігацыі па заканчэнні перыяду пагашэння можна было здаць — і вярнуць свае грошы.

Спачатку распаўсюд аблігацый праводзіўся на добраахвотнай аснове. Але з цягам часу раслі аб’ёмы выпуску, павялічваліся тэрміны пагашэння (пакуль не дасягнулі аж 20 гадоў) і, самае галоўнае, знікла добраахвотнасць набыцця аблігацый. З 1927 года паўстала новая форма іх распаўсюду: калектыўная падпіска з растэрміноўкай плацяжу.

Пасля выпуску чарговай пазыкі (гэта рабілася два-тры разы на год) кожны работнік прадпрыемства павінен быў падпісацца на абавязковую суму, якая складала частку яго месячнага заробку. Гэтую суму бухгалтэрыя вылічвала ў яго штомесяц. Калі ён цалкам разлічваўся з абавязацельствам, атрымліваў аблігацыі.

Абавязковая частка расла з кожным годам: калі ў 1927–1928 гадах яна складала 25% месячнага заробку, то ў 1930 годзе яна даходзіла нават да 100%. З добраахвотных мерапрыемстваў пазыкі ператварыліся ў абавязковыя фінансава-палітычныя акцыі. Калі звычайны працоўны, рызыкуючы быць падвергнуты астракізму, усё ж такі мог не падпісацца на гэтыя драпежніцкія 100%, то «ўдарнікам» і «стаханаўцам» падпіска на іх была абавязковай — яны павінны быць прыкладам для астатніх. І, такім чынам, 2–3 месячныя заробкі за год трэба было аддаць дзяржаве.

На прадпрыемствах дзейнічалі створаныя на грамадскіх пачатках камісіі па распаўсюджванні аблігацый — «камсоды». Яны не толькі актыўна садзейнічалі распаўсюджванню, але і кантралявалі вяртанне і заклад аблігацый. 22 лютага 1930 года выйшла пастанова, якой забараняліся любыя аперацыі з дзяржаўнымі паперамі без дазволу камсодаў. Без пісьмовай згоды старшыні камсода ні адна аблігацыя не магла быць прададзеная або закладзеная ў ашчаднай касе. Выключэннем былі толькі аблігацыі, якія выйгралі.

Па афіцыйных дадзеных, на трэцюю пазыку індустрыялізацыі ў ліпені 1929 года падпісаліся амаль 10 мільёнаў чалавек, а на першы выпуск другой пяцігодкі ў маі 1933 года — ажно 40 мільёнаў чалавек. Можна ўявіць сабе маштабы практычна гвалтоўнага забрання заробкаў у рабочых і служачых!

І яшчэ: сума кожнай новай пазыкі, як сцвярджалася афіцыйна, «па просьбах працоўных», нязменна перакрывала планаваную суму яе эмісіі. Гартаю падшыўку газеты «Звязда» за 1931 год, і мурашкі паўзуць ад загалоўкаў: «ПАТРАБАВАННЕ перадавікоў фінпляну — рабочых завода імя Варашылава: «ПРОСІМ урад СССР выпусціць новую пазыку «Трэці рашаючы год пяцігодкі!». Альбо «Пазыкай сацыялістычнага наступлення ўдарым па ворагах бальшавіцкіх тэмпаў!».

Усяго па 1957 год уключна было 58 пазык (асабліва вызначыліся 1930-я гады — ажно 24 пазыкі!).

Адкрытая незадаволенасць прымусам дзяржпазык да сярэдзіны 1930-х гадоў пачала расцэньвацца ўладамі як контррэвалюцыйнае злачынства. Падобныя дзеянні караліся па вядомым 58 артыкуле КК РСФСР ці адпаведных артыкулах КК рэспублік.

Дэфолт

Рэгулярныя канверсіі — абмен аблігацый «старых» выпускаў на «новыя» (па рабаўніцкім курсе, які адрозніваўся ў разы), пастаяннае невыкананне тэрмінаў гашэння аблігацый і парадку выплаты працэнтаў па іх, «замарожванне» аблігацый — у канцы 1950-х гадоў стварылі сітуацыю, калі выдаткі дзяржавы па абслугоўванні ўсіх выпушчаных пазык перавысілі паступленні ў казну ад размяшчэння новых папер. Дзяржаве стала нявыгадна пазычаць! І ў 1957 годзе ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову, згодна з якой выпуск новых пазык спыняўся, раней абяцаныя плацяжы зноў былі адтэрмінаваныя на 20 гадоў, і тыражы выйгрышаў перасталі праводзіцца.

Гэты дэфолт з нахабным цынізмам быў паднесены як гарачае жаданне саміх абабраных працоўных. «Возьмем такі факт, як ажыццёўленыя па ініцыятыве працоўных мерапрыемствы ў адносінах да дзяржаўных пазык. Мільёны савецкіх людзей добраахвотна выказаліся за адтэрміноўку на 20–25 гадоў выплат па старых дзяржпазыках. Гэты факт раскрывае нам такія новыя рысы характару, такія маральныя якасці нашага народа, якія немагчымыя ва ўмовах эксплуататарскага ладу», — казаў Мікіта Хрушчоў на ХХ з’ездзе КПСС.

Памятаю афіцэрскі планшэт бацькі, набіты гэтымі рознакаляровымі паперкамі, якія і выкінуць было шкада, і захоўваць бескарысна — мне дазвалялі ў дзяцінстве з імі гуляцца. Куды яны потым зніклі — не ведаю.

Голад — не цётка

Міхаіл Дыбоўскі абраў уласную форму пратэсту гэтаму прымусу. Як вынікае з ліста Э.К.А. (эканамічнага аддзела) ПП АДПУ ў ЦК ЛКСМ Беларусі (са справы аб першай судзімасці Міхаіла), ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці «за выпраўленне (падробку) з дапамогай пяра і тушы №№ аблігацый і іх серый і атрыманне незаконных выйгрышаў».

Сапраўды, паліграфічнае выкананне аблігацыі было не вельмі дасканалым. Дамаляваць адзінку да чацвёркі і нуль да васьмёркі ўяўляецца магчымым. Але, каб знайсці «зыходны матэрыял» для вырабу «выйграўшай» аблігацыі з патрэбнымі лічбамі, якія стаяць на патрэбных месцах, трэба было мець значную колькасць аблігацый. У святле гэтага фраза згаданага вышэй дакумента, што «за ўвесь час Дыбоўскім такім шляхам было атрымана выйгрышаў на суму каля 1000 рублёў», выклікае вялікі сумнеў.

Атрымаць грошы па аблігацыі, якая выйграла, можна было ў любой мінскай ашчадкасе. Мяркуючы па тым, што Міхаілу гэта ўдалося, і, магчыма, неаднойчы, — ён не квапіўся на буйныя выйгрышы (аблігацыі, выйгрыш па якіх складаў больш за 1000 рублёў, адпраўляліся на праверку ў Маскву). Падобна, што работнікі банка не турбавалі сябе дбайнай праверкай дробных выйгрышаў, лічачы, што дзеля невялікай сумы чалавек рызыкаваць не будзе.

Сыты чалавек, магчыма, і не будзе. Але 1932–1933 гады — часы голаду, арганізаванага савецкай уладай. Голад быў вынікам кампаніі па гвалтоўнай калектывізацыі сялянства, раскулачванню і дэпартацыі за межы БССР паспяховых працаўнікоў-сялян, што прывяло да значнага скарачэння колькасці сялянскіх гаспадарак і вырабляемых імі прадуктаў. Галадамор 1932–1933 года афіцыйна прызнаны ва Украіне, але наіўна думаць, што ён не закрануў Беларусь.

Якім жа быў заробак першых мінскіх вагонаважатых? Думаю, не менш сярэдняга па краіне. У СССР у 1933 годзе ён складаў прыкладна 125 рублёў. З іх як мінімум 20 рублёў трэба было аддаць за падпіску на аблігацыі.

З 1929 года ў краіне была карткавая сістэма размеркавання прадуктаў. Па нормах забеспячэння харчаваннем працоўных Масквы і Ленінграда — гарадоў першай (найвышэйшай) катэгорыі забеспячэння — звычайны працаўнік мог атрымаць па картцы штодня 400 г. хлеба (палова бохану), 25 г. (сталовая лыжка) крупаў, 100 г. мяса, 10 г. (чайная лыжка) сметанковага масла і 7,5 г. алею, тры чайныя лыжкі цукру. У межах гэтай нормы прадукты можна было набыць па дзяржаўных цэнах.

466630_600.jpg

Мінск наўрад ці быў прыроўнены да Масквы і Ленінграда. Прадукты маладому, здароваму юнаку, які працуе «на свежым паветры», трэба было купляць па камерцыйных цэнах.

Мабыць, Міхаіл быў акрылены поспехам свайго першага «мерапрыемства» і пахваліўся маці або сястры. У сумленнай сям’і ўчынак Міхаіла выклікаў трывогу. Верагодна, таму старэйшы брат вырашыў звезці малодшага далей ад гарадскіх спакусаў. Але Міхаіл не змог стрымацца — бо есці хацелася кожны дзень.

Дакладную лічбу колькасці ашчадных кас у Мінску ў 1933 годзе мне знайсці не ўдалося, а ў маленькай вёсцы Вялікія Логі іх, бачна, зусім не было. Таму 28 снежня 1933 года Міхаіл паехаў атрымліваць «выйгрыш» у райцэнтр — мястэчка Беразіно. Бярэзінскі касір быў больш пільным за мінскіх, і «шчасліўчыка» адразу затрымаў начальнік РАГПУ Гарбузаў.

Паўтара месяцы доўжылася следства. Міхаіл ва ўсім прызнаўся, 10 лютага 1933 года ён быў асуджаны «тройкай» пры ПП АГПУ па БССР на змяшчэнне ў папраўча-працоўны лагер на тры гады.

Працоўны лагер

ППЛ, як правіла, ствараліся пад пэўны будаўнічы аб’ект, каб выкарыстоўваць дармавую рабочую сілу зняволеных. Не выключэннем быў і Змітраўскі лагер, куды трапіў Міхаіл. Лагер быў створаны 14 верасня 1932 года адмыслова для будаўніцтва канала Масква — Волга.

Асноўным прызначэннем канала было забеспячэнне Масквы пітной вадой. Канал даўжынёй 128 кіламетраў быў пракапаны зняволенымі за пяць гадоў — уручную, з дапамогай рыдлёвак і тачак. На канале і на Маскве-рацэ было пабудавана 11 суднаходных шлюзаў з камерамі даўжынёй да 300 метраў, 7 гідраэлектрастанцый, 10 плацін і безліч дапаможных збудаванняў. Праца была не па-чалавечы цяжкай, такімі ж былі і ўмовы ў лагеры. У красавіку 1937 года, перад заканчэннем будаўніцтва канала, у Змітраўскім лагеры ўтрымлівалася 147 695 зняволеных.

Па заканчэнні будоўлі пачалося масавае вызваленне вязняў, якія пагасілі тэрмін ударнай працай. Усяго было вызвалена каля 55 тысяч чалавек. Міхаілу пашчасціла трапіць у лік вызваленых, нягледзячы на тое, што, адбываючы тэрмін, ён прымудрыўся атрымаць яшчэ адну судзімасць практычна па тым жа артыкуле: стаў «падбухторшчыкам або памагатым» у падробцы нейкага дакумента. Так што ён меў дзве судзімасці па 3 гады, але адбыў пакаранне на працягу толькі трох з паловай, і быў вызвалены датэрмінова з 1937 годзе.

Тым, хто вызваліўся, дазвалялася ўладкавацца на працу вольнанаёмнымі ў лагеры на будаўніцтве іншых збудаванняў, у тым ліку Куйбышаўскага гідравузла. Мабыць, Міхаіл пры вызваленні атрымаў накіраванне на працу менавіта туды, але перад гэтым усё ж такі наведаў сваякоў у Мінску.

Навіны ў сваякоў былі невясёлыя. Расстраляны 60-гадовы цесць сярэдняга брата — нібыта быў сябрам Партыі вызвалення сялян. За расстрэлам пачыналіся затрыманні астатніх чальцоў сям’і. Рыхтуючыся да рэпрэсій, старэйшы брат з сям’ёй пераехаў пад Мінск, бліжэй да польскай мяжы, каб мець магчымасць нелегальна перайсці на польскую тэрыторыю — і тут жа, седзячы ў піўной, дазволіў сабе ўголас абмеркаваць расстрэл Тухачэўскага.

Па сямейным паданні, выратавала яго ад арышту тое, што ў ордэры было запісана прозвішча «Дубоўскі», а не Дыбоўскі, а прыехаўшыя па яго чэкісты былі вялікімі педантамі. У абстаноўцы, калі хмары сыходзіліся над галавой, ні ў каго не ўзнікла жаданне прыняць у сям’ю былога зняволенага ды звярнуць на сябе дадатковую ўвагу «органаў». І Міхаіл выправіўся на працу ў Самару.

Выклікае пытанні пасада, на якую прынялі Міхаіла: начальнік улікова-размеркавальнай часткі (своеасаблівы аддзел кадраў), якая займалася ўлікам і размеркаваннем вязняў, што прыбывалі на ўчастак. Як магчыма было атрымаць яе двойчы судзімаму землякопу?

Стваральнік сайта, прысвечанага будаўніцтву канала «Масква — Волга», moskva-volga.ru Ігар Кувыркоў адказаў: «Пра Змітраўскі ППЛ вядома, што здольных і таленавітых людзей не пакідалі на цяжкіх работах. Быў страшэнны дэфіцыт у кадрах для суправаджэння работ — чарцёжніках, канторшчыках, пісарчуках. Пісьменныя і кемлівыя людзі досыць хутка з «агульных работ» траплялі ў канторскія служачыя і часам падымаліся дастаткова высока па службовай лесвіцы. Тое, што чалавек у інжынернай пасадзе мог быць адначасова зняволеным, — гэта было нармальна».

snimok3.jpg

Нядоўгае вольнае жыццё

Міхаіл пасяліўся ў Зубчанінаўцы недалёка ад Самары. Самарскі ППЛ быў арганізаваны 02.09.1937 года, а дакладная дата пачатку працы Міхаіла ў Самарлагу ў дакументах не пазначаная. Ён мог прапрацаваць там ад аднаго (снежань) да чатырох (верасень-кастрычнік-лістапад-снежань) месяцаў 1937 года. У чарговы раз Міхаіла арыштавалі 29 снежня 1937 года. Падставай для арышту сталася тое, што «ў трэці аддзел Самарлага НКВД паступілі дадзеныя...»

Неназваны дабразычлівец паведамляў: «Працуючы на 2-м участку Зубачанінскана р-на Самарлага НКУС, будучы скрайне антысавецкі настроены Дыбоўскі сярод зняволеных сістэматычна праводзіць к.р. тэрарыстычную дзейнасць, накіраваную супраць правадыра народаў і кіраўніцтва партыі і ўраду. Дыбоўскі, карыстаючыся сваім службовым становішчам, стасуючым яго са зняволенымі лагера, 14 і 16 снежня г.г. сярод апошніх усхваляў расстраляных ворагаў народа Тухачэўскага і інш., распаўсюджваючы з гэтай народы правакацыйныя чуткі».

Гэта агульныя фразы. А вось і канкрэтныя факты: «16 снежня г/г Дыбоўскі ў прысутнасці зняволеных у памяшканні ўлікова-размеркавальнай часткі казаў: “У нас у пагранпаласе каля станцыі Негарэлае арыштоўваюць людзей і абвінавачваюць іх у сувязях з Польшчай у той час, калі яны нічога не ведаюць. Такі лёс напаткаў майго брата, які, седзячы ў піўной, усхваляў Тухачэўскага і іншых, як добрых людзей, якіх таксама арыштавалі”».

snimok2.jpg

Гэтая цытата пацвярджае, што пасля вызвалення з лагера Міхаіл да родных усё ж з’ездзіў, — немагчыма ўявіць, каб у 1937 годзе хто-небудзь са сваякоў наважыўся даслаць яму такое па пошце. Немагчыма таксама паверыць, каб чалавек, які толькі вызваліўся з аднаго ППЛ і ўладкаваўся на працу ў другі, дазваляў сабе такія размовы са зняволенымі. Расказаць гэта можна было толькі ў прыватнай гутарцы, шэптам, чалавеку, якому можна цалкам давяраць. З улікам таго, што ў Самарлагу Міхаіл працаваў нядоўга, можна выказаць здагадку, што гэта быў сябар па Змітраўскім лагеры.

Справу на Міхаіла завёў спецыяльны 3-ці аддзел Самарлага, які ўзначальваў старшы палкоўнік Мікалай Емец (у сістэме НКУС з 1919 года, арыштаваны 01.12.1938, расстраляны 10.03.1939, у рэабілітацыі адмоўлена. — звесткі з nkvd.memo.ru).

Памочнік оперупаўнаважанага гэтага аддзела Фамін 29 снежня 1937 года правёў першы і, падобна, адзіны допыт Дыбоўскага, бо 30 снежня справа ўжо была накіраваная на разгляд «тройкі» УНКУС па Куйбышаўскай вобласці.

Вінаватым сябе Дыбоўскі не прызнаў, нават здзівіўшы Фаміна заявай, што «гатовы ісці на любое злачынства, але не палітычнае». І хоць у той час прызнанне лічылася «царыцай доказаў», падобна, што яго ад Дыбоўскага ніхто асабліва не дамагаўся. Для такой «звычайнай» справы (проста расстраляць!) цалкам дастаткова было паказанняў трох «сведкаў».

На допыце Міхаіл спрабаваў схаваць інфармацыю пра сям’ю брата, казаў, што не ведае, хто з іх арыштаваны. Але гэта нікога не хвалявала. Ужо 31 снежня «тройка» прыняла рашэнне аб расстрэле Міхаіла Дыбоўскага. У чарзе на расстрэл яму давялося прастаяць больш за месяц — мабыць, у катаў надта шмат было «працы».

* * *

Так скончылася кароткае жыццё, якое склалася з узлётаў і падзенняў, шчасця і няшчасця. Як быццам вагаліся шалі, на адной чашы якіх — ранняя страта бацькі, пошукі свайго месца ў жыцці; на другой — галодныя пакуты, саступка спакусе лёгкіх грошай і траплянне ў ППЛ. Застацца ў жывых у лагеры, выцягнуць шчаслівы білет вызвалення (датэрміновага!), знайсці не самую дрэнную працу — і тут жа легкадумна даверыцца здрадніку і паплаціцца за гэта жыццём…