Вядомыя беларускія спартоўцы будуць дапамагаць палку «Пагоня»

Беларускія вольныя спартоўцы з мэтай справаздачнасці збору сродкаў на патрэбы палка «Пагоня» заснавалі адмысловую Грамадскую камісію.

bye264b929e78.jpg

Полк паведамляе, што ️Грамадская камісія мае намер дапамагчы добраахвотнікам «Пагоні» ў пытаннях збору сродкаў і фінансавання. Камісія будзе адказваць за празрыстасць збору і рэгулярна справаздачыцца. Пасяджэнні камісіі будуць праходзіць раз на тыдзень. Справаздача будзе выходзіць напрыканцы кожнага месяца.

У склад камісіі ўвайшлі: Віталь Гуркоў — шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, заслужаны майстар спорту, Андрэй Краўчанка — беларускі лёгкаатлет, чэмпіён Еўропы, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2008, заслужаны майстар спорту, Канстанцін Якаўлеў (на фота) — беларускі гандбаліст і актывіст Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, Сямён Букін — беларускі гімнаст, артыст цырка «Дзю Салей», майстар спорту.

Ад палка «Пагоня» ў камісію дэлегаваны ваяр-добраахвотнік з пазыўным «Марс».

Полк падкрэслівае, што аўтарытэт вядомых спартоўцаў павінен дапамагчы павысіць давер беларускага грамадства і беларускай дыяспары да збору сродкаў.

Цяпер «Пагоня» рыхтуе далучэнне новых падрыхтаваных байцоў і спецыялістаў, што значна падвышае неабходныя лагістычныя і арганізацыйныя выдаткі.