1019-ты дзень вайны РФ супраць Украіны. Трамп кажа пра мірныя перамовы, а Пентагон абяцае зброю Украіне

За мінулыя суткі на франтах ва Украіне зафіксавана 182 баявыя сутыкненні. Украіна і Расія абмяняліся дронавымі ўдарамі, а Дональд Трамп пасля сустрэчы з Зяленскім заявіў пра магчымасць пачатку перамоваў пра мір ва Украіне.

4274909.jpg

Як паведамляе Генштаб УСУ, на франтах самыя актыўныя баявыя дзеянні вядуцца на Пакроўскім, Курахоўскім і Времаўскім кірунках. 

На Пакроўскім кірунку за мінулыя суткі абаронцы Украіны спынілі 35 штурмавых і наступальных дзеянняў расійскіх войскаў. Таксама сілы абароны Украіны адбілі 42 атакі на Курахоўскім кірунку. На Врэмаўскім кірунку расійцы здзейснілі 30 штурмаў украінскіх пазіцый.

На Валынскім і Палескім кірунках прыкмет фарміравання наступальных груповак РФ не выяўлена.

Працягваецца ўкраінская аперацыя ў Курскай вобласці Расіі, за мінулыя суткі адбылося 17 боесутыкненняў. Паводле паведамлення Генштаба УСУ, украінскія войскі наносяць расійцам адчувальныя страты ў жывой сіле, тэхніцы і актыўна падрываюць наступальны патэнцыял ворага ў тыле.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне галоўнага «ўкраінскага плацдарма» ў Курскай вобласці. Геалакацыйныя кадры ад 7 снежня паказваюць, што УСУ прасунуліся ў цэнтры Паграбкоў і, верагодна, узялі пад кантроль Арлоўку, Мар'еўку, Малую Локню, Старую Сарочыну і Новую Сарочыну (усё — на паўночны захад ад Суджы).

На поўначы Харкаўскай вобласці расійскія войскі працягнулі наземныя атакі, але не прасунуліся. У Луганскай вобласці расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Купянска: уздоўж дарогі Р-79 Круглякоўка — Купянская шаша.

Войскі РФ 7 снежня працягвалі наступальныя дзеянні ў раёне Часавага Яра, але не прасунуліся.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 снежня, паказваюць, што акупанты прасунуліся ў цэнтральнай і паўднёва-заходняй частцы Тарэцка.

Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Курахоўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 снежня, паказваюць, што акупанты прасунуліся ва ўсходняй частцы зары (на паўночны захад ад Курахава) і захапілі Навадзмітрыроўку (на ўсход ад Зары).

7 снежня ў Мінабароны РФ заявілі аб захопе н.п. Бярэсткі (на поўнач ад Курахава і на паўночным беразе Курахоўскага вадасховішча), але ў выніку войскі РФ акупавалі вёску яшчэ 27 лістапада.

Расійскія блогеры сцвярджалі, што пуцінскія войскі прасунуліся ў межах Курахава і паблізу Сонцаўкі і Старых Церняў, але ў ISW не знайшлі пацвярджэння гэтаму.

* * *

Узброеныя Сілы Украіны атрымаюць пашыраны доступ да Starshield — больш абароненай спадарожнікавай сеткі для тэрміналаў Starlink. Гэта дасць украінскім войскам перавагу ў тэхналагічнай гонцы ўзбраенняў з войскам Расеі, пішуць экспэрты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У справаздачы экспэрты спасылаюцца на інфармацыю агенцтва Bloomberg ад 6 снежня аб тым, што SpaceX нядаўна атрымала кантракт Пентагона на пашырэнне доступу Украіны да Starshield. Гэта зашыфраваная Версія спадарожнікавай сеткі Starlink, якая здольная перадаваць сакрэтныя дадзеныя і якую складаней заглушыць альбо ўзламаць.

Ва ўпраўленні камерцыйных спадарожнікаў касмічнага камандавання паветраных сіл ЗША адзначылі, што 3 тысячы ўкраінскіх тэрміналаў Starlink атрымаюць доступ да больш абароненай сеткі.

Пры гэтым украінскія вайскоўцы нядаўна паведамілі пра ўсё больш частае выкарыстанне расійцамі тэрміналаў Starlink для каардынацыі баявых дзеянняў і сувязі, а таксама для павышэння дакладнасці свайго тактычнага агню.

«Пашыраны доступ Украіны да больш дасканалай і больш абароненай сеткі Starshield можа даць украінскім войскам тэхналагічную перавагу для больш эфектыўнай каардынацыі баявых дзеянняў і прымянення новых распрацовак у тактычным разведвальна-ўдарным комплексе, апераджальным расійскія войскі», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

* * *

photo_2024_12_08_07_27_50.jpg

* * *

У ноч на 8 снежня расійскія войскі атакавалі Украіну 74 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў, паведаміла прэс-служба паветраных сіл УСУ ў нядзелю, 8 снежня. Збіта 28 варожых БПЛА, яшчэ 46 варожых беспілотнікаў было «лакацыйна страчана». З-за падзення збітага дрона ў Каменскім на Днепрапятроўшчыне пашкоджаныя дамы і маёмасць грамадзян. Пацярпелым аказваецца неабходная дапамога.

Расія заявіла пра атаку 46 украінскіх беспілотных лятальных апаратаў па сваёй тэрыторыі ў ноч на 8 снежня. Традыцыйна Мінабароны РФ паведаміла, што ўсе беспілотнікі былі збітыя. Мясцовыя каналы паведамілі, што серыя выбухаў прагрымела ў Таганрозе, а пазней – у Курску і Курчатаве. Там абвяшчалася небяспека БПЛА і ракетная небяспека. Пра наступствы невядома, бо мясцовыя ўлады сітуацыю не каментуюць.

* * *

Міністэрства абароны ЗША абвясціла аб новым пакеце дапамогі Украіне па бяспецы на суму 988 мільёнаў долараў ЗША, якая забяспечыць Украіну боепрыпасамі для ракетных сістэм і беспілотных лятальных апаратаў. Гэты пакет таксама ўключае падтрымку праграм тэхнічнага абслугоўвання і рамонту, якія дапамогуць Украіне аднавіць свае ўзброеныя сілы, развіваць і падтрымліваць баявую моц. Пакет уключае, у прыватнасці:

  • боепрыпасы для артылерыйскіх ракетных сістэм (HIMARS);
  • беспілотныя авіяцыйныя сістэмы;
  • абсталяванне, Кампаненты і запасныя часткі для абслугоўвання, рамонту і капітальнага рамонту артылерыйскіх сістэм, танкаў і бронетэхнікі.

* * *

Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social заклікаў да «неадкладнага спыненьня агню» ва Украіне і заявіў пра неабходнасць пачатку перамоваў па вайне.

Трамп пракаментаваў падзенне рэжыму Башара Асада ў Сірыі і ўцёкі дыктатара. Ён заявіў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не быў зацікаўлены ў тым, каб абараняць уладу Асада.

«Для Расіі наогул не было ніякіх прычын быць там. Яны страцілі якую-небудзь цікавасць да Сірыі праз Украіну, дзе блізу 600 тысяч расійскіх жаўнераў ляжаць параненымі або мёртвымі ў вайне, якая ніколі не павінна была пачынацца і можа доўжыцца вечна», — напісаў Трамп.

Абраны прэзідэнт ЗША сцвярджае, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і Украіна нібыта гатовыя да заключэння пагаднення па спыненні вайны. «Занадта шмат жыццяў дарэмна страчана, занадта шмат сем'яў знішчана, і калі гэта будзе працягвацца, гэта можа абярнуцца чымсьці значна вялікім і нашмат горш. Я добра ведаю Уладзіміра. Гэта яго час дзейнічаць. Кітай можа дапамагчы», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, што ў суботу, 7 снежня, у Парыжы адбылося ўрачыстае адкрыццё Сабора Парыжскай Божай Маці пасля пажару ў 2019 годзе. На гэтую падзею ў Францыю прыбылі Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі.

У Елісейскім палацы адбылася трохбаковая сустрэча Уладзіміра Зяленскага, Дональда Трампа і Эмануэля Макрона. Пазней прэзідэнт Украіны заявіў, што сустрэча была «добрай і прадуктыўнай», а свет праз сілу магчымы.