240-ы дзень вайны ва Украіне. Ранішнія ракетныя абстрэлы Запарожжа і Харкава

Страта Украіны ад поўнамаштабнай вайны перавысіла 127 мільярдаў долараў, падлічыў KSE Institute. Больш за ўсё пашкоджаны жыллёвы фонд — 39,7% або 50,5 мільярдаў долараў. У параўнанні з пачаткам чэрвеня гэтая сума вырасла на 11,2 мільярда.

photo_2022_10_20_22_54_06.jpg

У Кіеўскай вобласці расце спажыванне электраэнергіі, таму з 9:20 раніцы пачаліся вымушаныя часовыя адключэнні. Пра гэта паведаміў кіраўнік Абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксей Кулеба. Ён заклікаў усіх жыхароў вобласці татальна эканоміць электраэнергію і не ўключаць ні адзін энергаёмісты прыбор.

Войскі РФ атакавалі Запарожжа.

Раніцай 21 кастрычніка войскі Расіі атакавалі Запарожжа ракетамі. Ад удараў пацярпелі жылыя дамы і інфраструктура. Таксама мясцовыя жыхары пішуць пра тое, што ёсць ракеты, якія не разарваліся. Пра гэта паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух. Ён падкрэсліў, што ў выніку абстрэлу на тэрыторыі горада могуць заставацца абломкі ракет і заклікаў не падыходзіць да іх.




Дарадца МУС Антон Герашчанка паведаміў, што ракета трапіла ў пяціпавярховік.


У Харкаўскай вобласці за мінулыя суткі рускія войскі абстрэльвалі гарады Купянск і Ваўчанск, а таксама населеныя пункты Купянскага, Чугуеўскага, Харкаўскага і Багадухаўскага раёнаў. Шпіталізаваны з раненнямі чатыры чалавекі. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.

Раніцай рускія ўдарылі ракетамі па Харкаве, паведамляецца пра серыі выбухаў у горадзе. Ёсць траплянне ў адно з прадпрыемстваў, папярэдне — у адміністрацыйна-вытворчы будынак, размешчаны на тэрыторыі прадпрыемства. Кіраўнік АВА Алег Сінягубаў удакладніў, што ў выніку ранішніх удараў раненні атрымалі шэсць чалавек, ёсць разбурэнні прамысловай інфраструктуры ў Кіеўскім раёне.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што рызыка расійскага наступу з Беларусі застаецца нізкай. Аналітыкі адзначаюць, што ў расійскіх сіл няма магчымасці нават перакрыць украінскія шляхі паставак з захаду з дапамогай наземнага наступу.

У Данецкай вобласці, у Бахмуце, за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў. Акрамя таго, праваахоўнікі знайшлі целы дзевяці цывільных асоб, забітых расіянамі падчас акупацыі: сямёра знойдзены ў Навасёлаўцы і двое — у Лімане. Яшчэ адзін чалавек за ўчора атрымаў раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

За мінулыя суткі ўкраінскае войска адбіла атакі расійскіх захопнікаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці; Вопытнае, Бахмут і Мар'інка Данецкай вобласці, паведаміў Гештаб Украіны ў ранішняй зводцы.

Паводле інфармацыі Генштаба, на тэрыторыю Херсонскай вобласці для ўзмацнення падраздзяленняў прыбыло да 2000 чалавек расійскіх мабілізаваных.

Прарасійскія ўлады выдалі распараджэнне аб падрыхтоўцы эвакуацыі для банкаўскіх устаноў, падрыхтаваны эвакуацыйныя спісы расійскіх медработнікаў і настаўнікаў. Аб'екты гуманітарнай сферы ў Херсоне спыняюць працу.

Учора ўвечары зноў пачалі казаць, што пад ціскам УСУ расійскія войскі падчас адступлення ў Херсонскай вобласці, каб схаваць свой правал, могуць пайсці на гістарычную катастрофу — узарваць плаціну.

Амерыканскія чыноўнікі лічаць, што ў Украіны ёсць акно магчымасцей на працягу 1,5 месяца, каб адваяваць Херсон. Асобныя расійскія падраздзяленні могуць адступіць пад пастаянным ціскам Украіны, што дазволіць украінскім войскам адваяваць гарады на ўсходзе, а таксама Херсон, піша «NYT».

Генштаб агучыў прыкладныя страты рускай арміі на раніцу 21 кастрычніка: асабовага складу — каля 66 750 (+100) чалавек ліквідавана, танкаў — 2573 (+6), баявых браніраваных машын — 5258 (+3), артылерыйскіх сістэм —1648 (+2).

roz21_2.jpg

Праблем з абслугоўваннем тэрміналаў StarLink у Украіны паўстаць не павінна, перакананы Рэзнікаў. Паводле яго слоў, з Маскам наўпрост кантактуе міністр лічбавай трансфармацыі Міхаіл Фёдараў: «У іх асабістыя стасункі, і Міхаіл вельмі станоўча ацаніў сітуацыю падчас іх апошняга абмеркавання гэтага пытання».

Рэзнікаў дадаў, што калі пытанне грошай зноў будзе падымацца, то ў Кіева ёсць «прынамсі, тры крыніцы: сродкі з пакета падтрымкі ад Пентагона, з Еўропы або ад прыватных донараў». «Незалежна ад фінансавання Украіна працягне стасункі на тэхнічным узроўні з кампаніяй Ілана Маска», — падкрэсліў украінскі міністр.

Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць Ірана праз пастаўкі дронаў у Расію. У прыватнасці, Лондан замарозіў актывы і забараніў уезд тром іранскім вайскоўцам, а таксама замарозіў актывы «Shahed Aviation Industries» — кампаніі-вытворцы дронаў. А ўчора Еўрасаюз увёў антыіранскія санкцыі за пастаўку зброі ў Расію. Еўрапейцы дамовіліся наконт іх усяго за тры дні!