273-ці дзень вайны. Інтэнсіўнасць расійскіх абстрэлаў знізілася, Украіна рыхтуе «Пункты нязломнасці»

Ва Украіне трывае вайна, развязаная пуцінскай Расіяй пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі. Сабралі апошнія звесткі з вайны і не толькі.

fpnhxrwxeau2qia.jpg

Расійскія войскі абстралялі ракетамі радзільнае аддзяленне Вальнянскай бальніцы ў Запарожскай вобласці. «Гора перапаўняе нашы сэрцы — забітае немаўля, якое толькі што з'явілася на белы свет», —напісаў у сваім Telegram-канале старшыня Запарожскай АВА Аляксандр Старых. Ён дадаў, што на месцы працуюць ратавальнікі.

З «Градаў» і цяжкай артылерыі былі абстраляныя дзве грамады ў Днепрапятроўскай вобласці — Пакроўская і Марганецкая. Кіраўнік Днепрапятроўскай ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка адзначыў, што па папярэдняй інфармацыі ўсе «прылёты» былі па адкрытых тэрыторыях населеных пунктаў, людзі не пацярпелі.

Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы паведамляе, што за мінулыя суткі праціўнік нанёс 5 ракетных удараў па населеных пунктах Харкаўскай і Данецкай абласцей, здзейсніў каля 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і гарадах і вёсках.

Зніжэнне інтэнсіўнасці абстрэлаў заўважылі ў амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW). На думку экспертаў, расійскія вайскоўцы значна патрацілі свой арсенал высокадакладных ракет, але, верагодна, у бліжэйшы час яны ўсё яшчэ змогуць атакаваць крытычна важную інфраструктуру Украіны ў вялікіх маштабах.

«Скарачэнне высокадакладнага ракетнага арсенала расійскіх узброеных сіл, верагодна, не дазволіць ім наносіць ракетныя ўдары ў высокім тэмпе. ISW працягвае лічыць, што расійскія вайскоўцы не змогуць дасягнуць сваёй мэты па паслабленні ўкраінскай волі да барацьбы з дапамогай сваёй скаардынаванай кампаніі супраць украінскай інфраструктуры», — лічаць эксперты.

Прэзідэнт Украіны Уладізмір Зяленскі паведаміў, што ўжо падрыхтавана больш за чатыры тысячы пунктаў прадастаўлення базавых паслуг, якія пачнуць дзейнічаць, калі энергетычныя аб'екты Украіны будуць выведзеныя з эксплуатацыі на доўгі час. Гэтыя аб’екты атрымалі назву «Пункты нязломнасці». Там людзі змогуць атрымаць бясплатныя базавыя паслугі, а менавіта інтэрнэт, цяпло, ваду і іншае.

«Разгортваем па ўсёй краіне наш новы праект падтрымкі людзей — Пункты нязломнасці. Па выніках гэтага дня, падрыхтавана ўжо больш чатырох тысяч такіх пунктаў. Запланавана яшчэ больш», — заявіў Зяленскі.

Паводле яго слоў, калі зноў адбудуцца масіраваныя расійскія ўдары і калі будзе разуменне, што за гадзіны пастаўкі электрычнасці не аднавіць, актывуецца праца гэтых пунктаў. Пункты будуць працаваць пры ўсіх абласных і раённых адміністрацыях, таксама пры школах, будынках ДСНС.

У той жа час той жа Інстытут вывучэння вайны лічыць, што Крэмль, магчыма, стварае інфармацыйны фон для атакі пад чужым сцягам у Белгарадскай вобласці ў спробе вярнуць грамадскую падтрымку вайне ва Украіне. Гэтая выснова зробленая з аналізу рыторыкі крамлёўскіх прапагандыстаў, якія пачалі вылучаць гіпотэзы аб тым, што ўкраінскія вайскоўцы імкнуцца ўварвацца ў Белгарадскую вобласць, а іншыя расійскія крыніцы адзначаюць, што расійскім войскам неабходна аднавіць кантроль над Купянскам Харкаўскай вобласці, каб мінімізаваць пагрозу нападу Кіева.

Гэтыя заявы даўно цыркулююць у супольнасці мілітары-блогераў, якія крытыкуюць расійскае вайсковае камандаванне за пакіданне пазіцый і заклікаюць вярнуць вызваленыя тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці.

Расійскія заявы аб непазбежным нападзе Украіны на Белгарадскую вобласць абсурдныя і накіраваны толькі на тое, каб запалохаць грамадскасць, каб яна падтрымала вайну, пішуць эксперты ISW. Украіна не мае стратэгічнай цікавасці ва ўварванні ў Расію і не здольная зрабіць гэта ў такіх маштабах, заключаюць яны. Пры гэтым падтрымка бессэнсоўнага ўварвання Расіі зніжаецца сярод жыхароў памежных рэгіёнаў і астатняй часткі краіны пасля мабілізацыі і ваенных няўдач.

Паводле ВВC, Карэспандэнт, УНІАН, РБК-УкраінаУкраінская праўда