282-гі дзень вайны. Рускія войскі пакідаюць Запарожжа?
Расійская армія выводзіць свае падраздзяленні з захопленых вёсак паблізу лініі фронту ў Запарожскай вобласці, паведамляе ўкраінскі Генштаб. Незалежных пацвярджэнняў гэтаму пакуль няма.
Уначы расійскія войскі абстралялі Запарожжа. Як піша кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксандр Старух, мэтай абстрэлаў было разбурэнне прамысловай і энергетычнай інфраструктуры горада. У выніку ракетнага ўдару пачаўся пажар. Пакуль аб ахвярах не паведамлялася.
«Вораг яшчэ раз нанёс удар па Запарожжы. Яго мэтай было разбурэнне прамысловай і энергетычнай інфраструктуры абласнога цэнтра», — адзначыў Старух.
Старух канстатаваў, што з-за расійскіх нападаў успыхнуў пажар. Полымя аператыўна патушылі выратавальнікі.
Учора ўвечары, 1 снежня, у Харкаўскай вобласці прагрымелі выбухі. Рускія патрапілі ракетай у жылы шматпавярховы дом у Чугуеўскім раёне.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў паранена шэсць мірных жыхароў — чацвёра ў Бахмуце і двое ў Курахаве, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
Расіяне за мінулыя суткі абстралялі тэрыторыю Херсоншчыны 42 разы — тры чалавекі загінулі, яшчэ сямёра паранены, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.
У Херсонскай вобласці рускія зрабілі больш жорсткімі фільтрацыйныя меры. У прыватнасці, на прапускных пунктах на ўезд і выезд з Генічаска расіяне правяраюць усе транспартныя сродкі, дакументы і тэлефоны мясцовых жыхароў.
Тым часам у Крыме супрацоўнікі ваенных камісарыятаў праводзяць падрыхтоўку да чарговай хвалі мабілізацыі. У прыватнасці, у Керчы праводзяцца зверкі даных ваеннаабавязаных на дзяржаўных прадпрыемствах.
* * *
За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі расіян у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Стэльмахоўка, Краснапопаўка і Белагораўка Луганскай вобласці і Грыгароўка, Выемка, Бахмут, Вопытная, Кляшчыеўка, Курдзюмаўка, Першамайскае, Краснагораўка і Мар'інка Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
СБУ праводзіць контрразведвальныя мерапрыемствы на аб'ектах Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата ў Жытомірскай, Ровенскай і Закарпацкай абласцях. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Свята-Мікалаеўскі мужчынскі манастыр Хусцкай епархіі УПЦ (МП) у Закарпацці; Свята-Анастасіеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр (г. Жытомір); скіт Свята-Анастасіеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра (Жытомірскі раён); скіт Іверскай іконы Божай Маці жаночага стаўрапігіяльнага манастыра (Жытомірскі раён); Ровенска-Астрожскую епархію, Гарадоцкі жаночы манастыр, Свята-Георгіеўскі падворак, Храм усіх Валынскіх Святых, Свята-Васкрасенскі храм, Свята-Успенскі храм (Ровенская вобласць).
* * *
Генштаб Украіны агучыў прыкладныя страты рускай арміі на раніцу 2 снежня — больш за 90 тысяч чалавек. Адзначаецца, што найбольшыя страты праціўнік панёс на Бахмуцкім і Ліманскім напрамках.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што страты ўкраінскіх войскаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі склалі ад дзесяці да трынаццаці тысяч чалавек загінулымі.
* * *
Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну планавала не толькі захоп тэрыторыі і звяржэнне ўрада, але і рыхтавала пры інтэрвенцыі масавыя забойствы грамадзян. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе брытанскага Каралеўскага аб'яднанага інстытута Узброеных Сіл (RUSI).
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй новай зводцы шмат увагі надае заявам Аляксандра Лукашэнкі і яго міністра абароны Віктара Хрэніна ды ваенным пагрозам Беларусі з боку Украіны і NАТО.
На думку экспертаў ISW, Лукашэнка не хоча ўступаць у вайну з Украінай, а толькі стварае інфармацыйны фон. У гэтага ёсць дзве мэты. Першая — стварыць напружанасць на мяжы з Украінай, каб яна трымала там групоўку войскаў і не задзейнічала яе на фронце. Другая — пераканаць грамадства, што нібыта нарастае пагроза з боку NАТО, каб беларускія вайскоўцы знаходзіліся ўнутры краіны. У гэтым ISW бачыць супраціў ціску з боку Крамля для прамога ўдзелу Беларусі ў вайне.
Таксама ў новай зводцы ISW пішуць пра заявы з боку Украіны пра сыход расійскіх войскаў з Запарожскай і Херсонскай абласцей. Эксперты адзначаюць, што яны знайшлі мінімум адзін нядаўна апублікаваны пост у сацсетках, які паказвае, што вайскоўцы Расіі застаюцца ў Новай Кахоўцы (Херсонская вобласць). Што за перадыслакацыя расійскай арміі цяпер адбываецца, незразумела, адзначаюць у ISW.
Пры гэтым у Расіі захоўваюцца рэзервы ў анексаваным Крыме, якія яна можа выкарыстоўваць у выпадку ўкраінскага наступлення на ўсход Херсонскай або поўдзень Запарожскай вобласці.
* * *
Краіны Еўрасаюза папярэдне дамовіліся аб столі коштаў на расійскую нафту — 60 долараў за барэль. Толькі Польшча настойвала на больш нізкім кошце і пакуль не пацвердзіла сваю згоду.
* * *
У Кангрэс ЗША ўнеслі законапраект аб прызнанні ПВК «Вагнера» тэрарыстычнай арганізацыяй. У дакуменце таксама прапануецца прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі «любыя афіляваныя» з ПВК структуры.
* * *
Еўрапейская авіябудаўнічая карпарацыя «Airbus» хоча на працягу некалькіх месяцаў адмовіцца ад расійскага тытану. Да 24 лютага кампанія купляла 65% неабходнага ёй тытану ў расійскай кампаніі «ВСМПО-Ависма».
* * *
ЗША вядуць перамовы з некаторымі краінамі Блізкага Усходу аб перадачы Украіне сістэм СПА «NASAMS», якія стаяць на іх узбраенні, паведаміў «Politico» гендырэктар кампаніі-вытворцы гэтых сістэм «Raytheon» Грэг Хейс. Калі гэтыя краіны пагодзяцца, то новыя комплексы Украіна зможа атрымаць «на працягу наступных трох-шасці месяцаў». Будаўніцтва ж новых займае два гады.
У сваю чаргу, амерыканцы вырабяць і перададуць на Блізкі Усход аналагічныя сістэмы СПА праз 24 месяцы. Але здзелку яшчэ павінны ўхваліць не толькі на Усходзе, але і ў адміністрацыі Байдэна.
Паводле korrespondent.net, Украінская служба РБК; www.ukrinform.ua, suspilne.media