Еўракамісія ўчора заявіла, што ў вайне загінулі 100 тысяч украінскіх салдат. А сёння — што гэта не так

У Еўракамісіі сёння растлумачылі сваю памылку пра нібыта 100 тысяч загінулых украінскіх салдат. Заяву  Урсулы фон дэр Ляен адрэдагавалі.

photo_2022_11_30_12_40_36.jpg

У Еўрапейскай камісіі прызналі памылку ў агучаных у сераду кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен лічбах пра страты ўкраінскіх вайскоўцаў, якія нібыта склалі 100 тысяч чалавек забітымі.

Намесніца галоўнага спікера Еўракамісіі і дырэктарка па пытаннях палітычнай камунікацыі Дана Спінант пракаментавала гэта ў Twitter і назвала памылковымі данымі.

Яна адзначыла, што ў папярэдняй версіі звароту фон дэр Ляен была «недакладнасць» у лічбах, і падзякавала тым, хто звярнуў увагу на памылку.

Спінант патлумачыла, што агучаная фон дэр Ляен ацэнка ўзята са знешніх крыніц і павінна была дадычыцца страт забітымі і параненымі, а таксама «была заклікана паказаць жорсткасць Расіі».

Пасля таго як фон дэр Ляен у сераду паведаміла, што ва Украіне «загінулі больш за 20 тысяч мірных жыхароў і 100 тысяч украінскіх вайскоўцаў», яе зварот быў адрэдагаваны і з яго прыбралі згадкі пра страты.

Па просьбе «Украінскай праўды» пракаментаваць ацэнку, агучаную фон дэр Ляен у першай версіі яе звароту, кіраўнік Упраўлення па сувязях з грамадскасцю УСУ Багдан Сенік адзначыў, што Генштаб не можа пацвердзіць гэтую лічбу, а звесткі аб стратах украінскай арміі з'яўляюцца службовай інфармацыяй і падпадаюць пад грыф «абмежаванне ў публікацыі».


Зрэшты, як пісаў «НЧ», лічба страт у 100 тысяч ужо з’яўлялася і раней. Так, старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Марк Мілі казаў, што да 40 000 украінскіх цывільных асоб і «значна больш за 100 000 расійскіх салдат» былі забітыя ці параненыя падчас вайны, якая працягваецца ўжо дзявяты месяц. «Тое ж самае, верагодна, і з украінскага боку», — дадаў Мілі.