320-ты дзень вайны. Саледар трымаецца, пад Крамянной расійцаў адкінулі
За мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы адбілі варожыя атакі ў раёне Бахмута, Саледара і яшчэ 10 населеных пунктаў на Данбасе. Пра гэта ў ранішняй зводцы 10 студзеня паведаміў Генштаб УСУ.
«Праціўнік вядзе наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Ліманскім кірунках, спрабуе палепшыць тактычнае становішча на Купянскім кірунку. Засяроджвае намаганні на захопе Данецкай вобласці (у яе адміністрацыйных межах), поспеху не мае. За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Чырвонапапоўка, Кузьміна Луганскай вобласці і Саледар, Падгароднае, Бахмут, Кляшчыеўка, Вадзяное, Курдзюмаўка, Маёрск, Мар'інка і Пабеда Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе таксама падкрэслілі, што за мінулыя суткі расійцы нанеслі 8 ракетных і 31 авіяцыйны ўдар. Ад абстрэлаў пацярпелі
некалькі гарадоў.
«Вораг здзейсніў 63 абстрэлы з рэактыўных сістэм
залпавага агню, у тым ліку па грамадзянскай інфраструктуры гарадоў Харкаў,
Херсон, Краматорск Данецкай вобласці і Ачакаў на Мікалаеўшчыне. Ёсць пацярпелыя
сярод мірнага насельніцтва. Пагроза нанясення ворагам авіяцыйных і ракетных
удараў па аб'ектах крытычнай інфраструктуры застаецца на ўсёй тэрыторыі
Украіны», — дадалі ў Генштабе.
Увечары 9 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў,
што бітва за Данбас працягваецца і, хоць акупанты цяпер сканцэнтравалі
найбольшыя свае намаганні на Саледары, усё роўна вынікам гэтай цяжкай і працяглай
бітвы стане вызваленне ўсяго Данбаса. Паводле яго слоў, у Саледары ўся зямля пад
трупамі расійцаў.
Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел
Кірыленка паведамляў, што расійскія акупанты сканцэнтравалі велізарныя
намаганні на штурме Саледара, але горад трымаецца дзякуючы ўкраінскім
абаронцам. Аднак ад інфраструктуры Саледара амаль нічога не засталося.
Між тым украінскія вайскоўцы дасягнулі поспеху каля Крамянной. Як адзначылі ў Інстытуце вывучэння вайны (ISW), нават расійскія прапагандысты ўжо кажуць пра тое, што абаронцы Украіны рыхтуюцца да аднаўлення наступу на Ліманскім участку.
«8 і 9 студзеня расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі
наступальныя дзеянні на лініі Сватава — Крамянная. Як паведамляў Генштаб Украіны,
8 і 9 студзеня ўкраінскія войскі адбівалі атакі расійскіх войскаў на
Стэльмахоўку (15 км на паўночны захад ад Сватава). Міністэрства абароны Расіі
заявіла, што расійскія войскі нейтралізавалі ўкраінскія дыверсійныя групы на
паўночны захад ад Сватава ў раёне Катляроўкі, Навасёлаўскага і
Двурэчнага», — пазначана ў справаздачы аб сітуацыі на фронце.
Аналітыкі прывялі заяву расійскага прапагандыста Рыбара, які
загаварыў пра тое, што ўкраінскае камандаванне праводзіць ратацыю сіл на лініі
Купянск — Сватава. У гэты ж час расійцы спрабавалі адбіць атакі ўкраінцаў у раёне Крамянной, так яны хацелі аднавіць страчаныя пазіцыі.
«Украінскі Генеральны штаб заявіў, што расійскія войскі
атакавалі раёны Макееўкі (22 км на паўночны захад ад Крамянной), Белагораўкі (10 км на поўдзень ад Крамянной) і Краснапапоўкі (6 км на поўнач ад Крамянной).
Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай заявіў 8 студзеня, што ў раёне
Крамянной ідуць жорсткія баі і што расійскія войскі перакінулі ў гэты раён некалькі дэсантна-штурмавых батальёнаў і цяжкую тэхніку для ўтрымання лініі
абароны», — прыводзяць інфармацыю эксперты.
Таксама аналітыкі ўспомнілі, што прапагандысты ўжо пачалі
панікаваць, кажучы аб аднаўленні наступлення УСУ на Ліманскім участку на захад ад
Крамянной. І пакуль расійскія «ваенкары» каторы раз не могуць схаваць
расчараванняў ад падзей на фронце, украінскія абаронцы працягваюць прыкладаць максімум
намаганняў, каб выбіць расійцаў з украінскіх тэрыторый.
«Баявыя кадры з геалакацыяй паказваюць дуэль паміж
расійскімі і ўкраінскімі танкамі да паўднёвым захадзе ад Крамянной каля Дзіброва,
што паказвае на тое, што ўкраінскія войскі, верагодна, дамагліся поспехаў у
лясным масіве на захад ад Крамянной. Расійскія крыніцы працягвалі абмяркоўваць
дзеянні ўкраінскай выведкі ў гэтым раёне», — рэзюмавалі аналітыкі.
Паводле unian.net.