327-мы дзень вайны. «Ваша маўчанне скончыцца тым, што гэтыя ж тэрарысты прыйдуць за вамі»

Мы назбіралі самае істотнае, што адбылося да гэтай раніцы на вайне.

ip73z6nlt98wfv8hjayvvg.webp

«Ваша маўчанне скончыцца тым, што гэтыя ж тэрарысты прыйдуць за вамі»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце па выніках 326-га дня вайны перайшоў на рускую мову і звярнуўся да грамадзян РФ наконт удару расійскай ракеты па жылым дзевяціпавярховым доме ў Дняпры.
«Жадаю сказаць усім тым у Расіі — і з Расіі, — хто нават цяпер не змог вымавіць нават некалькі слоў асуджэння гэтага тэрору… Хоць выдатна ўсё бачаць і ведаюць…
Ваша баязлівае маўчанне, спроба "перачакаць" тое, што адбываецца, скончацца толькі тым, што аднойчы гэтыя ж тэрарысты прыйдуць і за вамі.
Зло вельмі адчувальнае да баязлівасці. Зло заўсёды запамінае тых, хто яго баіцца ці спрабуе згандлявацца. І калі яно прыйдзе за вамі, не будзе каму вас абараняць».
Каля 500 украінскіх вайскоўцаў 15 студзеня прыступілі ў Германіі да пашыранай баявой падрыхтоўкі ў рамках праграмы ЗША, паведаміў кіраўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША Марк Мілі.
Як піша Associated Press, падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў пачалася на палігоне ў Графенверы ў Баварыі. Вайскоўцы, якія праходзяць падрыхтоўку, з'ехалі з Украіны некалькі дзён таму. Іх плануюць вярнуць на поле бою на працягу пяці-васьмі тыдняў.
За мінулыя суткі расійскае войска 90 разоў абстраляла Херсонскую вобласць з артылерыі, РСЗА, мінамётаў і танкаў, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч.
У выніку загінулі тры чалавекі, яшчэ 14 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.
Херсон абстралялі 21 раз. Паводле звестак Янушэвіча, пад агонь трапілі будынак Чырвонага Крыжа, гарадская бальніца, цэнтр рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю, суднабудаўнічы завод, аб'екты крытычнай інфраструктуры і жылыя дамы.
Уначы расійскія войскі некалькі разоў абстралялі з цяжкай артылерыі Нікапольскі раён Днепрапятроўскай вобласці, паведамляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.
Сярод загінулых у выніку ракетнага ўдару ў Дняпры 14 студзеня быў трэнер па боксе Міхаіл Караняноўскі, пішуць украінскія СМІ.
Расійскія вайскоўцы ў ноч на 16 студзеня нанеслі ракетны ўдар па Запарожжы, паведаміў сакратар мясцовага гарсавета Анатоль Курцеў.
У выніку абстрэлу шпіталізаваны трое пацярпелых, у тым ліку дзеці дзевяці і 15 гадоў.