334-ты дзень вайны. Самае істотнае на гэтую гадзіну
Мы працягваем штодзень збіраць для вас галоўную інфармацыю.
Два мінныя караблі класа «Sandown», якія Вялікабрытанія перадала Украіне ў 2021 годзе, упершыню выйшлі ў мора пад жоўта-сінім сцягам.
Караблі названы ў гонар Чаркасаў і Чарнігава. Цяпер яны трэніруюцца ля берагоў Шатландыі.
Расійская армія вядзе наступальныя дзеянні на Бахмуцкім кірунку.
УСУ адбілі атакі войскаў РФ у 11 населеных пунктах Данецкай і Луганскай абласцей. У тым ліку паведамляецца пра адбітую атаку на Бахмут і населены пункт Ступачкі, размешчаны на трасе Бахмут — Канстанцінаўка, які з'яўляецца істотным вузлом забеспячэння УСУ.
Расійскія войскі нанеслі 4 ракетныя ўдары і 5 авіяцыйных, а таксама здзейснілі 40 абстрэлаў з РСЗА.
Авіяцыя УСУ нанесла тры ўдары па раёнах засяроджвання расійскіх войскаў. Падраздзяленні артылерыі і ракетных войскаў украінскай арміі паразілі 4 раёны засяроджвання асабовага складу ВС РФ і 3 склады з боепрыпасамі.
Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў паведаміў, што за мінулыя суткі расійскія войскі абстралялі Купянскі, Харкаўскі, Багадухаўскі і Чугуеўскі раёны.
У вёсцы Пятроўка ў выніку артабстрэлу загінула 67-гадовая жанчына, у Ваўчанску паранены 49-гадовы мужчына.
З 18 па 21 студзеня да населеных пунктаў Вінаградава і Брылёўка Херсонскай вобласці прыбыло папаўненне жывой сілы ворага. Асабовы склад быў узброены толькі стралковай зброяй, сродкі індывідуальнай абароны (бронекамізэлькі) мелі толькі адзінкі, ваенную тэхніку не завозілі.
Вораг працягвае несці страты. Так, гарадская бальніца Днепраруднага Запарожскай вобласці перапоўнена параненымі. Толькі за апошні час дастаўлена каля 150 захопнікаў. Большасць персаналу бальніцы адмовіліся супрацоўнічаць з акупантамі, таму медыкаў туды накіроўваюць з Расіі.