352-гі дзень вайны. Галоўнае на гэты час

Вайна ва Украіне працягваецца. Раніца 10 лютага прынесла Украіне новыя абстрэлы. Мы падрыхтавалі для вас падборку самага істотнага, што здарылася за апошні час.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

«Укрэнерга» паведаміла аб траплянні расійскіх ракет па некалькіх аб'ектах высакавольтнай інфраструктуры ва ўсходнім і заходнім, паўднёвым рэгіёнах, што прывяло да перабояў з электразабеспячэннем у некаторых абласцях. Так, уначы РФ нанесла блізу дзесяці ўдараў па крытычнай інфраструктуры Харкава, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.

Ноччу расіяне атакавалі энергетычную інфраструктуру дронамі і ракетамі — іх накіроўвалі на электрастанцыі і аб'екты сістэмы перадачы. Для мінімізацыі магчымых наступстваў атакі і захавання энергасістэмы прымяняюцца аварыйныя адключэнні.

Сілы СПА збілі пяць беспілотнікаў і пяць «Калібраў»

Уначы 10 лютага РФ запусціла сем дронаў-камікадзэ «Shahed-136/131» з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора і шэсць крылатых ракет марскога базіравання «Калібр» з расійскага карабля ў Чорным моры. Сіламі СПА знішчана пяць крылатых ракет і пяць ударных дронаў.

Таксама ўначы расіяне нанеслі масіраваны ўдар зенітнымі ракетамі С-300 з Белгарада і акупаванага Такмака Запарожскай вобласці. «Па Харкаўскай і Запарожскай абласцях выпушчана да 35 зенітных кіруемых ракет С-300, якія немагчыма знішчыць у паветры сродкамі СПА», — удакладнілі ўкраінскія вайскоўцы.

photo_2023_02_10_12_03_40.jpg

Кіраўнік украінскага КГВА Сяргей Папко паведаміў, што ўначы расіяне запусцілі на тэрыторыю Украіны групу БПЛА «Shahed». Галоўнай мэтай была разведка размяшчэння сіл украінскіх СПА і паражэнне энергетычных аб'ектаў. Пасля «Shahed» яны выпусцілі дзясяткі ракет па Харкаве, Запарожжы і Дняпры, ёсць траплянні.

Расіяне запускаюць «Калібры» з марскіх носьбітаў, паведаміла Адэская АВА. У «Південь» распавялі, што ў акваторыі Чорнага мора сканцэнтраваны тры расійскія ракетныя носьбіты з сумарным залпам да 20 ракет тыпу «Калібр».

Каля 8:30 раніцы па ўкраінскім часе расіяне здзейснілі пускі крылатых ракет са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС, паведамілі паветраныя сілы УСУ.

Войскі РФ уначы ўдарылі па Запарожжы: 17 прылётаў за гадзіну

Уначы РФ зладзіла масіраваны абстрэл Запарожжа. Сакратар Запарожскага гарсавета Анатоль Курцеў адзначае, што гэта самая вялікая колькасць удараў за адзін абстрэл з пачатку поўнамаштабнага ўварвання: «Пуцінскія вырадкі зладзілі ў Запарожжы масіраваную атаку. За гадзіну ў горадзе зафіксавана 17 варожых прылётаў — гэта самая вялікая колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Вырадкі падступна атакавалі аб'екты энергетычнай інфраструктуры. Інфармацыя аб разбурэннях і пацярпелых удакладняецца. Гэта ўсё, на што здольная гэтая армія… — абстрэльваць сонны горад і біць па нашай інфраструктуры. Але нас не зламаць. Трымаемся!»

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі — у Пляшчэеўцы. Яшчэ 11 жыхароў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Расіяне ўвечары 9 лютага атакавалі Днепрапятроўскую вобласць дронамі-камікадзэ, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Па яго словах, сілы СПА збілі ўсе варожыя дроны. Пасля гэтага расіяне ўдарылі ракетай па аб'екце энергетычнай інфраструктуры, там ёсць сур'ёзныя разбурэнні, паранены работнік прадпрыемства. Абломкі ракеты ўпалі на дах двухпавярховага дома, узнік пажар, людзі не пацярпелі.

Зяленскі па дарозе ва Украіну заехаў у Польшчу на сустрэчу з Анджэем Дудам. Яны абмеркавалі парадак дня хуткага саміту НАТА, сітуацыю на фронце, а таксама прадастаўленне Украіне ўзбраення, паведаміла прэс-служба польскага прэзідэнта. 

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што ПВК «Вагнер» зменшыла тэмпы вярбоўкі зняволеных, паколькі перастае быць важнай сілай на фронце. На думку аналітыкаў, нягледзячы на заяву Прыгожына аб тым, што яго кампанія цалкам спыніла вярбоўку зняволеных, група «Вагнер» працягне гэта рабіць, але ў значна меншых аб'ёмах.

За апошнія некалькі месяцаў тэмпы вярбоўкі зняволеных значна замарудзіліся, што пацвярджаецца статыстыкай Федэральнай службы выканання пакаранняў. ISW адзначае, што гэта з'ява карэлюе з агульнай тэндэнцыяй паступовай замены вагнераўцаў рэгулярнымі расійскімі войскамі ў раёне Бахмута. Гэта паказвае на тое, што расійскае ваеннае камандаванне, відаць, патроху адмаўляецца ад апоры на ПВК «Вагнер», а значыць, і ад выкарыстання зняволеных у ролі гарматнага мяса.

Зяленскі ў Бруселі правёў перамовы з Віктарам Орбанам і запрасіў яго наведаць Кіеў.

Украіна накіравала Нідэрландам афіцыйны запыт на перадачу знішчальнікаў F-16, паведаміла міністарка абароны Кайса Оленгрэн. Яна дадала, што гэтую просьбу нялёгка выканаць: «Мы павінны абмеркаваць наяўнасць F-16 з амерыканцамі і іншымі саюзнікамі. І мы павінны сур'ёзна глядзець на наступствы, гэта не можа адбыцца за адну ноч. Мы павінны быць сумленнымі ў гэтых адносінах».

У Еўрасаюзе не ведаюць, дзе знаходзяцца блізу 90% замарожаных актываў Цэнтрабанка РФ, піша «Bloomberg» са спасылкай на даклад юрыдычнай службы ЕС. Згодна з дакументам, з замарожаных 258 мільярдаў долараў вядома месцазнаходжанне не больш за 36,4 мільярдаў.

Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 10 лютага — асабовага складу каля 135 740 (+730 за суткі) чалавек.

329166892_1256417145226286_8255020466962246660_n.jpg

Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім кірунках у раёнах Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Вопытнага, Мар'інкі і Вугледара. РФ актыўна выкарыстоўвае аператыўна-тактычную і армейскую авіяцыю для нанясення ўдараў па пазіцыях украінскіх войскаў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расіян у раёнах населеных пунктаў Гранікоўка і Масютоўка Харкаўскай вобласці; Стэльмахоўка і Дзіброва — Луганскай; Фёдараўка, Чырвоная Гара, Бахмут, Іванаўскае, Аўдзееўка, Краснагораўка, Параскавееўка і Прачыстаўка — Данецкай.

У Голай Прыстані Херсонскай вобласці супрацоўнікі ФСБ РФ праводзяць праверкі дакументаў і асабістых рэчаў мясцовых жыхароў, асаблівую ўвагу надаюць тэлефонам.

«The Times» піша, што Украіна гатовая выкарыстаць брытанскія ракеты вялікай далёкасці для нанясення ўдараў па цэлях у расійскім тыле, у тым ліку па акупаваным Крыме. Суразмоўца выдання звярнуў увагу на словы Зяленскага аб хуткім знішчэнні расійскіх вайсковых аб'ектаў «у глыбіні акупаваных тэрыторый» з дапамогай ракет вялікай далёкасці. Ён падкрэсліў, што «Кіеў гатовы да падобных дзеянняў».

Раней Рышы Сунак пацвердзіў, што Вялікабрытанія рыхтуецца перадаць Украіне «больш дальнабойныя ўзбраенні». «The Times» мяркуе, што гаворка можа ісці аб супрацькарабельных ракетах «Harpoon» з далёкасцю паражэння да 240 км, якія можна мадыфікаваць для нанясення ўдараў па наземных цэлях. Яшчэ адзін варыянт — авіяцыйныя ракеты «Storm Shadow», далёкасць паражэння якіх дасягае 560 км (каля 250 км у экспартнага варыянту).

Украінскія вайскоўцы наносяць па ворагу ракетныя ўдары з «HIMARS» і іншых высокадакладных установак выключна пасля атрымання дэталёвых каардынат размяшчэння ворага, якія прадастаўляюць амерыканскія вайскоўцы, што базіруюцца ў Еўропе, піша «The Washington Post» са спасылкай на ўкраінскія і амерыканскія крыніцы. Гэты працэс павінен паказаць Вашынгтону, як будуць выкарыстоўвацца комплексы большай далёкасці ў выпадку іх перадачы Украіне.

Пры гэтым толькі ўкраінцы нясуць адказнасць за пошук цэляў, вызначэнне іх прыярытэтнасці, а затым — за рашэнні, якія з іх атакаваць. ЗША не ўхваляюць цэляў і не ўдзельнічаюць у выбары або паражэнні цэляў, падкрэслівае амерыканскі бок. Украінскі чыноўнік распавёў журналістам, што амерыканскія вайскоўцы не заўсёды даюць запытаныя каардынаты. У гэтым выпадку ўкраінскія вайскоўцы не вядуць агню.