364-ты дзень вайны. Эксперты ISW ацанілі рызыкі акупацыі Беларусі Расіяй

Дзесьці страцілі, дзесьці прыдбалі. Украінскі Генштаб пацвярджае, што Бахмут акружаны расійскімі сіламі па паўколе. Але на іншых кірунках украінскія войскі контратакавалі і адбілі свае тэрыторыі. Сабралі галоўнае на раніцу 22 лютага.

Фота:  facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота:  facebook.com/GeneralStaff.ua


Войскі РФ працягваюць наступаць на пяці кірунках — Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім, паведаміў 22 лютага Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы.

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах сямі населеных пунктаў: Куземаўка і Дзіброва ў Луганскай вобласці; Фёдараўка, Ягаднае, Берхаўка, Бахмут і Курдзюмаўка на Данеччыне.

Аглядальнікі зазначаюць, што Генштаб УСУ ў зводцы фактычна прызнае, што расійцы ахапілі Бахмут ужо не толькі з усходу, поўдня і поўначы, але і з паўночнага захаду: сярод населеных пунктаў, у якіх, згодна са зводкай, украінскія часткі адбілі атакі, значыцца вёска Ягаднае. Гэта маленькі населены пункт, ушчыльную прылеглы да паўночна-заходняй ускраіны Бахмута, Берхаўка ляжыць крыху далей ад яе. У зводцы Генштаба на раніцу аўторка значылася толькі Берхаўка.

Тым не менш, згодна са справаздачай амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), украінскія вайскоўцы правялі паспяховыя контратакі ў раёне Крамянной і Аўдзееўкі, вярнуўшы сабе частку раней страчаных пазіцый.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) прыкмет фарміравання наступальных груповак праціўніка не выяўлена, паведамляе Генштаб УСУ.

Эксперты ISW ацанілі рызыкі акупацыі Беларусі Расіяй для краін NATO і заклікалі сур'ёзна падрыхтавацца да магчымага кантролю Масквой новых тэрыторый. У Інстытуце сыходзяцца ў меркаванні, што Пуцін, верагодна, даб’ецца значных поспехаў ва ўзмацненні свайго ўплыву на Беларусь незалежна ад вынікаў яго ўварвання ва Украіну.

Верагодныя сталыя поспехі РФ у Беларусі ставяць краіны Захаду перад выбарам, што рабіць з новым ландшафтам бяспекі на ўсходнім флангу NATO.

Калі Альянс дазволіць Пуціну захаваць захопленыя тэрыторыі ва Украіне, асабліва ў Крыме і ўсходняй частцы Херсонскай вобласці, тады Крэмль зможа выкарыстоўваць акупаваныя як беларускія, так і ўкраінскія тэрыторыі, каб яшчэ больш пагражаць Украіне і ўсходняму флангу NATO.

У якасці альтэрнатывы Захад мог бы забяспечыць умовы, пры якіх тэрытарыяльна адзіная Украіна стане надзейным вайсковым партнёрам у абароне ўсходняга флангу NATO ад Расіі і акупаванай Расіяй Беларусі. Для гэтага ў NATO павінны даць Украіне магчымасць выгнаць расійскія войскі са сваёй тэрыторыі.

«Надзвычай малаверагодна, што краіны Захаду змогуць перамагчы або эфектыўна адрэагаваць на расійскую кампанію паглынання Беларусі без папярэдняга спынення расійскага ўварвання ва Украіну», — адзначаюць у ISW.

Пры гэтым учорашнюю прамову Пуціна ў ISW ахарактарызавалі як «беззмястоўную»: у ёй не былі сфармуляваны канкрэтныя мэты або намеры вайны ва Украіне, а замест гэтага былі ўзмоцнены некалькі даўніх рытарычных ліній, накіраваных на тое, каб выйграць Пуціну больш месца і часу для зацяжной вайны.

331293263_1589223251524469_5381234960819763878_n.jpg


Таксама адзначаецца, што многія расійскія ваенныя блогеры асудзілі няздольнасць Пуціна выкарыстоўваць сваю прамову для агучвання новых мэт вайны, новых захадаў падтрымкі вайны або прыцягнення расійскіх улад да адказнасці за іх шматлікія вайсковыя няўдачы.

Ігар Гіркін, у прыватнасці, сцвярджаў, што Пуцін не сказаў нічога значнага на працягу 40 хвілін, былі апушчаны ваенныя паражэнні Расіі, ваенныя няўдачы і эканамічны спад. Пуцін не змог прыцягнуць да адказнасці расійскіх чыноўнікаў.

Адзін з блогераў заявіў, што прыпыненне ўдзелу Расіі ў дамове аб СНУ палітычна сімвалічнае, але паскардзіўся, што яно не палепшыць сітуацыю Расіі на полі бою. Ён заклікаў кіраўніцтва краіны замест гэтага перашкодзіць пастаўкам заходняй вайсковай дапамогі Украіне.

Трэці блогер параўнаў Пуціна з трупам і паўтарыў многія скаргі Гіркіна адносна адказнасці і дзеянняў.

А ўвечары 21 лютага прагрымела не менш за 10 выбухаў у акупаваным Расіяй Марыупалі. «Папярэдне ёсць інфармацыя аб двух трапляннях — у раёне АС-2 (Цэнтральны раён) і Табар-3000 (Кальміускі раён). Верагодна, у месцах збору варожай сілы», — напісала «Украінская праўда».

Паводле «Украінская праўда», «Карэспандэнт», РБК-Украіна, ВВС