449-ы дзень вайны: новая маштабная ракетная атака Расіі
Расійскія войскі гэтай ноччу зноў здзейснілі некалькі хваль паветраных нападаў з розных кірункаў. Усяго па Украіне яны выпусцілі 30 ракет. Прычым расіяне зноў мяняюць тактыку нападаў.
Фота з сацсетак Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua
Новая маштабная ракетная атака РФ
Падчас начной атакі было знішчана 29 з 30 ракет, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. У прыватнасці, з самалётаў стратэгічнай авіяцыі — двух Ту-160 і васьмі Ту-95 — РФ выпусціла 22 крылатыя ракеты Х-101/х-555 (21 была збіта); з караблёў у Чорным моры — шэсць крылатых ракет «Калібр»; з наземных аператыўна-тактычных ракетных комплексаў — дзве крылатыя ракеты «Іскандэр-К». Акрамя таго, украінскія сілы СПА збілі два ўдарныя БПЛА «Shahed-136/131» і два разведвальныя БПЛА.
У выніку начнога масіраванага абстрэлу Украіны ёсць траплянне ў аб'екты энергетычнай інфраструктуры, без святла засталіся больш за 20 населеных пунктаў, паведаміла Мінэнерга. Аднак у цэлым энергетычная сістэма працуе стабільна, абмежаванні для бытавых спажыўцоў не плануюцца.
У Запарожскай вобласці за мінулыя суткі адзін чалавек загінуў у выніку расійскага абстрэлу Гуляйполя, яшчэ тры чалавекі паранены ў Стэпагорску.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Канстанцінаўцы), яшчэ пяцёра атрымалі раненні. Акрамя таго, у Таццянаўцы было эксгумавана цела дзіцяці, якое загінула падчас акупацыі.
У Херсонскай вобласці загінулі тры чалавекі, з іх адно дзіця, яшчэ восем паранены (з іх таксама адно дзіця).
Раніцай расіяне нанеслі ракетны ўдар па Хмяльніцкай вобласці — ёсць траплянне ў аб'ект інфраструктуры ў Хмяльніцкім раёне, людзі не пацярпелі.
Кіеў цяпер атакуюць часцей за ўсё — украінская сталіца ў зоне найбольшай рызыкі, таму мае патрэбу ў высокім узроўні абароны, заявіў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат. Пры гэтым ён дадаў, што «Patriot» працуе і, магчыма, працаваў гэтай ноччу. «Таму прашу ўсіх захоўваць спакой, СПА працуе і далей будзе абараняць», — запэўніў ён.
У сваю чаргу прэс-сакратар АК «Поўдзень» Наталля Гумянюк паведаміла, што расіяне зноў мяняюць тактыку: увечары ў Чорным моры не было ніводнага ракетаносьбіта, а перад атакай па Адэскай вобласці карабель з «Калібрамі» імкліва выйшаў у мора. Паводле яе, так вораг хацеў усыпіць пільнасць украінскай СПА.
Кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Небітаў апублікаваў відэа рэшткаў расійскай ракеты, збітай сіламі СПА.
У Кіраваградскай вобласці сілы СПА знішчылі крылатую ракету ў небе над Александрыйскім раёнам і беспілотнік — у Крапіўніцкім раёне. Баявая частка збітай ракеты выбухнула на тэрыторыі прыватнага домаўладання, пашкоджаны тры дамы, паведаміў кіраўнік АВА Андрэй Райковіч. Акрамя таго, абломкі збітага беспілотніка патрапілі ў адзін з аб'ектаў — узнік пажар, былі эвакуіраваны жыхары навакольных двароў. У абодвух выпадках людзі не пацярпелі.
Позна ўвечары 17 траўня расіяне нанеслі ракетны ўдар па Адэсе. Атака адбывалася з выкарыстаннем розных ракет з розных напрамкаў. Большасць знішчана супрацьпаветранай абаронай, але ёсць і траплянне ў прамысловую інфраструктуру. Адзін чалавек загінуў, двое паранены.
Навіны вайны
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 18 траўня: асабовага складу — каля 201 100 (+510) чалавек ліквідавана.
Войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім кірунках — адбылося 36 баявых сутыкненняў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
Украінскія сілы за мінулыя суткі прасунуліся пад Бахмутам яшчэ на 150-1700 метраў на розных участках, паведаміў спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты.
Расіяне ўжо двойчы спрабавалі забіць камандуючага сіл тэрытарыяльнай абароны УСУ Ігара Танцюру, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў вайсковых колах. Нядаўна Прыгожын заяўляў, што яго найміты забілі Танцюру па дарозе ў Бахмут. Паводле інфармацыі выдання, тады на камандуючага сіл ТРА сапраўды здзейснілі замах: яго калону абстралялі і патрапілі ў аўто, у якім павінен быў знаходзіцца Танцюра. Але ён у той дзень сеў у машыну суправаджэння, ёй удалося выехаць з-пад абстрэлу.
Раней украінскі бок перахапіў даныя расіян, згодна з якімі яны ў дэталях ведалі маршрут перамяшчэння Танцюры на фронце. Дзякуючы своечасоваму перахопу ў маршрут атрымалася ўнесці змены. Пры гэтым застаецца невядомым, адкуль вораг атрымліваў інфармацыю ў абодвух выпадках.
У Крыме ўпала крылатая ракета, паведамляе «ASTRA». Паводле інфармацыі журналістаў, ракету ў раёне вёскі Вулканаўка Ленінскага раёна ў лесе выявіў пастух раніцай 17 траўня. Эксперты, якія выехалі на месца, прыйшлі да высновы, што гэта ракета «Калібр», якая належыць Мінабароны РФ.
У Крыме падарвана чыгуначнае палатно, у выніку з рэек сышлі восем вагонаў са збожжам. Папярэдне разглядаецца версія аб выбуху чыгуначных шляхоў у раёне сяла Чысценькае за 9 кіламетраў ад Сімферопаля. Цягнікі на перагоне Сімферопаль — Севастопаль часова не ходзяць, пасажыраў будуць дастаўляць аўтобусамі.
У Казані на чыгунцы невядомыя падпалілі чатыры рэлейныя шафы, у выніку чаго былі затрыманы пяць грузавых чыгуначных саставаў, пішуць расійскія паблікі.
Замежныя партнёры Украіны
ЗША не дазваляюць пачаць навучанне ўкраінскіх пілотаў на знішчальніках F-16 у Еўропе, нягледзячы на гатоўнасць некалькіх краін правесці такія трэніроўкі, піша «The New York Times» са спасылкай на ўкраінскага чыноўніка. Паводле яго слоў, без дазволу Вашынгтона ўкраінскіх пілотаў могуць толькі азнаёміць з тэхнічнай дакументацыяй і правесці тактычныя ўрокі, тады як пробныя палёты на F-16 немагчымыя.
Амерыканскі чыноўнік паведаміў газеце, што Белы дом выступае супраць паставак F-16 Украіне, паколькі знішчальнік каштуе занадта дорага, а значыць, на іх можа пайсці занадта вялікая доля бюджэту для падтрымкі Украіны. Замест гэтага адміністрацыя ЗША збіраецца сканцэнтравацца на пастаўках іншых узбраенняў. У той жа час чыноўнік не выключыў, што адміністрацыя Байдэна можа дазволіць еўрапейскім краінам перадаць Украіне свае F-16.
Расследаванне «The Insider» паказала, што 25 еўрапейскіх кампаній дагэтуль ажыццяўляюць пастаўкі для расійскага войска. Кампаніі з Германіі, Францыі, Швейцарыі, Венгрыі, Славакіі, Італіі, Эстоніі, Літвы, Аўстрыі і Польшчы прадаюць тавары расійскім абаронным кампаніям. Абсталяванне ў Расію завозяць ваенныя падрадчыкі, каб пазбегнуць трапляння ў санкцыйныя спісы.
Таксама некаторыя расійскія фірмы працягваюць імпартаваць дэталі для вытворчасці іншай ваеннай прадукцыі, у прыватнасці, рухавікоў для баявых караблёў, са Швейцарыі, Літвы, Аўстрыі і Польшчы.
Венгрыя працягвае заставацца галоўным крытыкам і апанентам Украіны ў ЕС. Будапешт на гэты раз вырашыў заблакіраваць фінансавую дапамогу Еўрасаюза Украіне ў памеры 500 мільёнаў еўра і абяцае не падтрымліваць далейшыя санкцыі супраць Расіі.
Спецпрадстаўнік Кітая па справах Еўразіі Лі Хуэй завяршыў двухдзённы візіт ва Украіну, падчас якога ён сустрэўся з Зяленскім. «Панацэі для выхаду з крызісу няма, усім бакам трэба пачынаць з сябе, назапашваць узаемны давер, ствараць умовы для спынення вайны і мірных перамоў», — гаворыцца ў паведамленні МЗС КНР па выніках візіту.
Парламент Эстоніі прыняў заяву ў падтрымку імкнення Украіны стаць паўнапраўным сябрам NATO і заклікаў Альянс падтрымаць гэту пастанову, паведаміў Зяленскі.
Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце паведаміў, што правёў некалькі падрыхтоўчых нарад «адносна новых крокаў для ўмацавання нашай абароны і нашых міжнародных пазіцый». Таксама ўкраінскі прэзідэнт адзначыў паспяховы візіт украінскай дэлегацыі ў Рэспубліку Карэя і рашэнне Савета Еўропы, якая ў выніковай рэзалюцыі саміту зафіксавала падтрымку ўкраінскай формулы міру.