Выбух на чыгунцы ў Крыме: сышоў з рэек цягнік са збожжам

Сход грузавога цягніка з рэек у Крыме адбыўся праз «умяшанне старонніх асоб у працу чыгуначнага транспарту». Паліцыя шукае дыверсантаў. 

Фота з тэлеграм-канала 

Фота з тэлеграм-канала 

Рух электрацягнікоў на ўчастку Сімферопаль — Севастопаль спынены.

Тэлеграм-каналы «Baza», «Mash» і «Shot» паведамілі, што ў Сімферопальскім раёне Крыма побач з Бахчысараем раніцай 18 траўня адбыўся выбух на чыгунцы.

Тэлеграм «112» сцвярджае, што гэта здарылася каля вёскі Чысценькае.

Па словах жыхароў вёскі Чысценькае, выбух прагрымеў каля 8 раніцы 18 траўня. Вагоны, якія сышлі з рэек, моцна пашкоджаны, а машыніст знаходзіцца ў шокавым стане. Тэлеграм-канал «Baza» сцвярджае, што аварыя адбылася ў выніку выбуху.

З рэек сышлі пяць вагонаў са збожжам, паведамлялі расійскія СМІ. Але «Baza» піша, што праз выбух з рэек сышлі восем вагонаў са збожжам, пяць з іх перакуліліся, пашкоджана каля 50 метраў чыгуначнага палатна. На месцы выбуху выяўлена вялікая варонка.

У прэс-службе так званай «Крымскай чыгункі» паведамілі, што надзвычайнае здарэнне адбылося праз «умяшанне старонніх асоб у працу чыгуначнага транспарту». Цяпер паліцыя шукае меркаванага дыверсанта.

Кіраўнік анексаванага Расіяй у 2014 годзе Крыма Сяргей Аксёнаў пацвердзіў, што ў Сімферопальскім раёне з рэек сышлі вагоны са збожжам. Паводле яго звестак, ніхто не пацярпеў.

Рух электрацягнікоў на перагоне Сімферопаль — Севастопаль прыпынены, таксама пацвердзіў Аксёнаў.



Нагадаем, як пісаў «НЧ», у Бранскай вобласці ў пачатку траўня двойчы пускалі пад адхон грузавыя цягнікі. Адзін з іх нават належаў Беларускай чыгунцы.