482-гі дзень вайны. Расія нанесла ўдар па Львове, контрнаступ ідзе паводле плана
У ноч на 20 чэрвеня расійцы атакавалі Львоў — горад на Захадзе Украіны. Паводле папярэдніх даных, зафіксавана пашкоджанне аб'екта крытычнай інфраструктуры.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Львоўскай вобласці Максім
Казіцкі. Паводле яго звестак, у выніку «прылёту» людзі не пацярпелі. «Быў
пажар. На месцы працуюць усе службы», — удакладніў ён.
Акрамя таго, Казіцкі адзначыў, што ў Львоўскай вобласці ўжо прагучаў адбой паветранай трывогі.
У ноч на 20 чэрвеня ў шэрагу абласцей Украіны гучала паветраная трывога, украінцаў папярэдзілі аб ракетнай небяспецы. Пад раніцу ў Кіеве працавала супрацьпаветраная абарона, а ў Львове прагрымелі выбухі. Мэр Львова пракаментаваў атаку: «Вы ж самі ўсё добра чуеце. У Львове і вобласці — выбухі. Заставайцеся ў хованцы ці хаця б у калідоры».
Таксама акупанты атакавалі Запарожскую вобласць. У Запарожскай АВА распавялі, што цэлямі атакі сталі камунікацыі, маёмасць і тэхніка сельскагаспадарчай і фермерскай гаспадаркі, а таксама папулярнага месца адпачынку.
У мінулыя суткі УСУ вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках лініі фронту і дамагліся поспехаў. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Аналітыкі адзначылі, што ўкраінскія войскі працягвалі атакі на паўночны захад, паўднёвы захад і прасоўваліся на паўночным усходзе ад Бахмута.
Таксама УСУ прасунуліся на Запарожскім кірунку. Кадры з геалакацыяй пацвярджаюць, што ўкраінскія войскі вызвалілі Пяціхаткі, прыкладна за 25 км на паўднёвы захад ад Арэхава на захадзе Запарожскай вобласці.
На поўдзень і паўднёвы захад ад Арэхава вяліся баі. Міністэрства абароны Вялікабрытаніі дапусціла, што цягам апошніх 10 дзён РФ перакінула вялікія часткі Дняпроўскай групоўкі войскаў з левага берага Херсонскай вобласці на Запарожскі і Бахмуцкі кірункі для рэагавання на контрнаступныя дзеянні УСУ.
У ISW больш падрабязна распавялі пра сітуацыю вакол Бахмута і Аўдзееўкі. Там украінскія сілы прасунуліся ў цэлым шэрагу населеных пунктаў, а расійскія войскі праводзілі абмежаваныя наземныя атакі.
УСУ адбілі абмежаваныя наступальныя аперацыі расійскіх акупантаў у раёне Арыхава-Васільеўкі за 11 км на паўночны захад ад Бахмута.
Таксама ў справаздачы гаворыцца пра тое, што расійскія і ўкраінскія сілы правялі абмежаваныя атакі на лініі Аўдзееўка — Данецк і дамагліся нязначных поспехаў. Геалакацыйныя кадры паказваюць, што і ўкраінскія, і расійскія сілы прасунуліся ў раёне Пабеды на паўднёвы захад ад Данецка, што паказвае на тое, што УСУ прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Пабеды, а расійцы — на поўдзень ад Пабеды.
Расійскія войскі правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі ў раёне Аўдзееўкі, Краснагораўкі і Мар'інкі, пры гэтым украінскія войскі прасунуліся ў раёне Вясёлага за тры кіламетры на паўночны ўсход ад Аўдзееўкі.
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў ацаніў тэмпы і поспехі ўкраінскай арміі падчас наступу.
У інтэрв'ю «Настоящему Времени» ён сказаў, што завышаныя чаканні ад контрнаступлення УСУ звязаныя з леташнім поспехам у Харкаўскай і Херсонскай абласцях. «Гэта вайна. І нельга сядзець каля тэлевізара і думаць: «О, цяпер нашы перамогуць! А, ну давай, чаго гэта вы не перамагаеце?! Улю-лю!» Так не працуе», — сказаў Рэзнікаў.
Міністр адзначыў, што Харкаўская аперацыя мінулай восенню прайшла вельмі хутка і нечакана для расійцаў. «Херсон, наадварот, павольней рухаўся. Таму што абсалютна іншы рэльеф глебы, умовы надвор'я і шмат чаго іншага», — патлумачыў ён.
Зараз жа, паводле яго слоў, нельга чакаць, што падзеі будуць развівацца так жа хутка, як раней, паколькі «мы маем іншую лінію фронту, іншы рэльеф і іншыя ўмовы надвор'я».
«Плюс у расійцаў была магчымасць падрыхтавацца. Там шчыльнасць мінных палёў неверагодная. А ў адрозненне ад рускіх, украінцы берагуць жыцці сваіх салдат. Рускія выкарыстоўваюць сваіх салдат як гарматнае мяса. Яны выкарыстоўваюць тактыку мясасечкі і перамолваюць свой рэсурс», — дадаў ён.
Паводле ацэнак Украіны, за восем месяцаў у раёне Бахмута акупанты страцілі каля 60 тысяч чалавек забітымі і параненымі.
«А вось для нас, у адрозненне ад іх, галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца жыццё і здароўе нашых абаронцаў і абаронц. Таму мы не выкарыстоўваем тактыку мясасечкі. Нашы афіцэры, нашы камандзіры манеўруюць, шукаюць магчымасці, акуратна рухаюцца. Я прапаную не падганяць іх, не штурхаць, яны робяць сваю працу. І яны яе зробяць», — падкрэсліў Рэзнікаў.
Ён адзначыў, што ва Украіны ёсць страты, аднак значна менш, чым з расійскага боку.
Сакратар Савета
нацбяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў у сваю чаргу, што контрнаступленне УСУ ідзе паводле плана. Пра дэталі ведае абмежаванае кола асоб.
Пра гэта Данілаў заявіў падчас тэлемарафона. Паводле яго, цікавасць да контрнаступлення з боку ўкраінскага грамадства была каласальнай. Усе чакалі, што ён пачнецца раптоўна на ўсіх напрамках.
«Усё ідзе паводле плана, які быў зацверджаны і распрацаваны. Адхіленняў ад плана няма. Што гэта за план, ведае абмежаванае кола асоб», — адзначыў Данілаў.
Ён заклікаў не спадзявацца, што поспехі будуць за «дзень-два-тры». Бо існуе тактыка і стратэгія.
Напярэдадні галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны заявіў, што аперацыя па дэакупацыі тэрыторыі Украіны працягваецца згодна з планам.
Паводле яго слоў, праціўнік спрабуе не дапусціць прасоўвання падраздзяленняў Сіл абароны Украіны. Для гэтага ён разгарнуў сістэму фартыфікацыйных умацаванняў са шчыльнымі мініраваннямі мясцовасці і вялікай колькасцю рэзерваў.
Паводле ўкраінскіх медыя.