503-ці дзень вайны: у Расіі забіваюць сваіх афіцэраў, Швецыя займела падтрымку Эрдагана
Сабралі самае асноўнае, што адбылося на фронце.

Фота: «Reuters»
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
За мінулыя суткі Узброеныя сілы РФ нанеслі ракетны ўдар па аб'екце інфраструктуры ў Мікалаеве. Акрамя таго, расійскія войскі нанеслі 48 авіяцыйных удараў і здзейснілі 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць пацярпелыя сярод мірнага насельніцтва.
Расійскія сілы засяродзілі асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Працягваюцца цяжкія баі. За суткі адбылося 30 баявых сутыкненняў.
Узброеныя сілы Украіны адбілі атакі расійскіх сіл на Бахмуцкім напрамку ў раёне Грыгор'еўкі Данецкай вобласці, на Аўдзееўскім напрамку — у раёне пасёлка Паўночнае, на Мар'інскім — у раёнах населеных пунктаў Мар'інка і Краснагораўка.
УСУ працягваюць весці наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Авіяцыя УСУ за суткі нанесла 15 удараў па раёнах засяроджання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі паразілі адзін пункт кіравання, тры раёны засяроджання жывой сілы, склад боепрыпасаў.
Расійскія войскі ў ноч на 11 ліпеня запусцілі па тэрыторыі Украіны 28 дронаў-камікадзэ «Шахед-136», паведаміла камандаванне Паветраных сіл УСУ. 26 беспілотнікаў збілі. У Кіеве і Кіеўскай вобласці збілі ўсе дроны, нацэленыя на сталіцу Украіны. У Кіеўскай вобласці абломкі аднаго з дронаў пашкодзілі прыватнае домаўладанне.
«Вагнераўцы» падчас мяцяжу набліжаліся да расійскай ядзернай базы — «Reuters»
Калі найміты ПВК« Вагнер» набліжаліся да Масквы 24 чэрвеня, частка байцоў падраздзялення рушылі па шашы ў напрамку базы расійскай арміі «Варонеж-45», на якой захоўваецца ядзерная зброя. Аднак прыкладна за 100 кіламетраў ад базы, у раёне пасёлка Таловая, сведчанні аб іх прасоўванні абрываюцца, піша «Reuters» са спасылкай на аналіз відэа і інтэрв'ю з мясцовымі жыхарамі.
Кіраўнік ваеннай выведкі Украіны Кірыл Буданаў сцвярджае, што байцы ПВК дасягнулі базы і хацелі атрымаць пераносныя ядзерныя зарады савецкага ўзору, якія захоўваюцца там, каб «падняць стаўкі». Але, дадаў Буданаў, «вагнераўцам» так і не ўдалося патрапіць на базу.
НАТА варта ўладкаваць пастаянныя базы ля расійскай мяжы, заявіў «The Times» прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Стварэнне такіх баз забараняе акт аб адносінах і супрацоўніцтве НАТА з Расіяй, падпісаны ў 1997 годзе.
Але Наўседа лічыць, што гэта пагадненьне «мёртвае», паколькі Расія робіць захады па размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.
Парламент Турцыі можа ратыфікаваць уступленне Швецыі ў НАТА да канца наступнага тыдня, паведамляе CNNTürk.
Швецыя падала заяўку на ўступленне ў НАТА летам 2022-га разам з Фінляндыяй. Краіны прынялі рашэнне далучыцца да альянсу на фоне поўнамаштабнага ўварвання войскаў Расіі ва Украіну. Для ўступлення ў НАТА неабходна, каб заяўку краіны-кандыдата адобрылі ўсе ўдзельнікі альянсу.
Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны пацвердзіла, што ў Краснадары забіты намеснік начальніка гарадскога аддзела па мабілізацыйнай працы Станіслаў Ржыцкі. Раней аб забойстве Ржыцкага паведамілі расійскія СМІ, якія спаслаліся на крыніцы.