514-ты дзень вайны. Расія забіла мірных жыхароў у Нью-Ёрку Данецкай вобласці

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-ўкраінскай вайны.

Фота АрміяInform

Фота АрміяInform

Сілы абароны Украіны працягваюць трымаць абарону на самых гарачых кірунках і працягваюць наступальныя дзеянні на Мелітопальскім і Бярдзянскім. Пра гэта інфармуе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў ранішняй зводцы. «Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках – за мінулыя суткі адбылося больш за 40 баявых сутыкненняў», — гаворыцца ў паведамленні.

Так, на Купянскім УСУ ўчора стойка трымалі абарону, тады як вораг звярнуўся да артылерыйскіх і мінамётных абстрэлаў тэрыторыі ў раёне шэрагу населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.

На Ліманскім акупанты вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Надзежды, Макееўкі, Неўскага Луганскай вобласці і Серабранскага лесу і Дубравы Данецкай вобласці.

На Бахмуцкім напрамку, пад шчыльным агнём артылерыі праціўніка, УСУ паспяхова адбілі варожыя атакі ў раёне Грагараўкі, ад расійскіх абстрэлаў пацярпелі больш за 15 населеных пунктаў.

На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы паспяхова адбілі атакі расійцаў у раёне Першамайскага Данецкай вобласці. Акупанты нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёне Аўдзееўкі, здзейснілі артылерыйскія абстрэлы яшчэ больш за 15 населеных пунктаў.

Паводле звестак Генштаба, на Мар'інскім кірунку сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць наступ ворага ў раёнах Краснагораўкі і Мар'інкі.

На Шахцёрскім кірунку расійцы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Новаміхайлаўкі і Прасвяднага Данецкай вобласці.

На Запарожскім і Херсонскім напрамках акупанты засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання УСУ. Яны нанеслі авіяцыйныя ўдары па больш чым 30 населеных пунктах Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

«У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — інфармуе Генштаб.

Генштаб таксама адзначае, што на ўсходнім участку фронту праз страты і дрэннае забеспячэнне расійскія вайскоўцы ўсё часцей хочуць пакінуць тэрыторыю Украіны.

«У падраздзяленнях мотастралковага палка акупантаў, які ўдзельнічае ў баявых дзеяннях у раёне Першамайскага Луганскай вобласці, вайскоўцы маюць нізкі ўзровень маральна-псіхалагічнага стану. Устаноўлена, што асноўнымі фактарамі, якія негатыўна на яго ўплываюць, з'яўляюцца вялікія страты ў жывой сіле, несвоечасовае забеспячэнне акупантаў боепрыпасамі і нявызначанасць з тэрмінамі папаўнення асабістага складу падраздзяленняў, якія панеслі баявыя страты. Павялічваецца колькасць жадаючых пакінуць свае падраздзяленні і выбыць з раёнаў вядзення баявых дзеянняў у Расійскую Федэрацыю», — гаворыцца ў паведамленні.


Фота t.me/AFUStratCom

Фота t.me/AFUStratCom

УСУ працягвалі контрнаступныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту, на некаторых з іх дамагліся поспехаў. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута па вывучэнні вайны (ISW). На кадрах з геалакацыяй відаць, што ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся наперад на паўночны ўсход ад Арэхава-Васільеўкі за 11 км на паўночны захад ад Бахмута і бліжэй да Прытульнага за 12 км на паўднёвы захад ад Вялікай Навасёлкі.

Акрамя таго, як адзначылі ў ISW, УСУ працягвалі контрнаступныя аперацыі на паўночным і паўднёвым флангах Бахмута і дамагліся абмежаваных поспехаў. На кадрах з геалакацыяй відаць, што ўкраінскія сілы прасоўваліся па трасе E40 Бахмут — Славянск на паўночны ўсход ад Арэхава-Васільеўкі за 11 км ад Бахмута.

Пры гэтым аналітыкі адзначылі, што акупанты наносілі ўдары ў раёне Бахмута, але пацверджаных поспехаў не дамагліся. Таксама ў справаздачы паведамляецца, што кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што пад Клішчыеўкай ваююць падраздзяленні спецназа «Ахмат» і «Поўнач-Ахмат», а таксама падраздзяленні 4-й мотастралковай брыгады (2-і армейскі корпус «ЛНР») і 346-й брыгады спецназа РФ.


Фота t.me/pavlokyrylenko_donoda

Фота t.me/pavlokyrylenko_donoda

У Нью-Ёрку Данецкай вобласці ў выніку расійскага авіяўдару загінулі чатыры чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненні. Як паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка, напярэдадні расійцы нанеслі шматлікія ўдары па Тарэцкай тэрытарыяльнай грамадзе.

«У Нью-Ёрку вораг скінуў тры авіябомбы — чатыры чалавекі загінулі і тры параненыя, пашкоджаныя 16 дамоў і адмінбудова», — адзначыў ён.

Кірыленка нагадаў, што ўчора вораг таксама нанёс удар па вёсцы Дружба гэтай жа тэрграмады, у выніку чаго загінулі два дзіцяці, адзін чалавек быў паранены. Акрамя таго, расійцы атакавалі Краматорск ракетамі С-300, патрапіўшы па прадпрыемстве.

Акупанты ўжывалі таксама «Грады» і артылерыю. «Раніцай адбыўся артабстрэл Аўдзееўкі, без ахвяр», — дадаў Кірыленка.

Паводле яго інфармацыі, адзін чалавек паранены ў Канстанцінаўцы, што на Горлаўскім кірунку. У выніку варожага абстрэлу там пашкоджаныя пяць шматпавярховак, 30 прыватных дамоў, дзіцячы садок, газаправод і вадаправод.

У цэлым, інфармаваў кіраўнік АВА, за суткі ў Данецкай вобласці ад агрэсіі РФ загінулі шэсць мясцовых жыхароў, яшчэ пяць чалавек атрымалі раненні.

Уначы 22 ліпеня расійскія акупанты атакавалі з паўднёва-ўсходняга напрамку пяццю ўдарнымі дронамі Shahed-136/131. Пра гэта паведамілі ў Паветраных сілах УСУ. «Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны паветраных сіл усе пяць дронаў-камікадзэ знішчаныя», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, як дадалі ў Паветраных сілах, за мінулыя суткі супрацьпаветранай абаронай знішчана дзевяць разведвальных беспілотнікаў аператыўна-тактычнага ўзроўню.

За бягучыя і мінулыя суткі ўкраінская авіяцыя нанесла больш за 25 групавых авіяцыйных удараў па расійскіх акупантах.


Фота t.me/V_Zelenskiy_official

Фота t.me/V_Zelenskiy_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патлумачыў, чаму контрнаступленне УСУ ідзе павольней, чым чакалася раней. Прычына — сама аперацыя пачалася пазней, чым меркавалася першапачаткова.

«У нас былі планы пачаць яе вясной, але мы не пачалі, таму што ў нас не было дастаткова боепрыпасаў і ўзбраення, не было дастаткова правільна навучаных брыгад — я маю на ўвазе правільна навучаных гэтай зброі. Паколькі мы пачалі некалькі позна — можна сказаць-і гэта праўда, якую падзяляюць усе эксперты, — што гэта дало Расіі час замінаваць усю нашу зямлю і пабудаваць некалькі ліній абароны», — сказаў украінскі лідар на форуме бяспекі Aspen Security Forum праз відэасувязь.

Зяленскі адзначыў, што ў акупантаў быў час для падрыхтоўкі да наступу УСУ.

«Безумоўна, у іх было крыху больш часу, чым трэба. Дзякуючы гэтаму яны пабудавалі ўсе гэтыя лініі. І сапраўды, у іх было шмат мін на нашых палях. Таму больш павольны тэмп нашых контрнаступальных дзеянняў. Але наступ УСУ працягваецца і мы набліжаемся да таго моманту, калі дзеянні могуць набраць тэмп, таму што мы ўжо праходзім праз некаторыя мінныя ўчасткі і размініруем гэтыя ўчасткі», — заявіў ён.