517-ты дзень вайны: Як абараніць Адэсу?

Зяленскі і Сунак абмеркавалі, як абараніць Адэсу. Украінская разведка перахапіла даклад у Крэмль, дзе напісана, якія захады за апошні год здзяйсняла Расія для перашкоды вывазу ўкраінскага зерня і што рабілася для зрыву паставак збожжа па Сусветнай харчовай праграме.

363283603_628259159487166_5263297736023444451_n.jpg

Зяленскі і Сунак абмеркавалі, як абараніць Адэсу

Зяленскі паведаміў, што правёў тэлефонную размову з прэм'ерам Вялікабрытаніі Рышы Сунакам. Кіраўнік Украіны распавёў аб штодзённых спробах Расіі разбурыць гістарычны цэнтр Адэсы і партовую інфраструктуру і падкрэсліў, што Украіна мае патрэбу ў тэрміновым узмацненні СПА для абароны гістарычнай спадчыны, якая ахоўваецца ЮНЕСКА, а таксама ў падаўжэнні тэрміну збожжавага пагаднення.

«Мы павінны абараніць Адэсу», — падкрэсліў ён.

Таксама бакі абмеркавалі контрнаступленне, актуальныя абаронныя патрэбы Украіны і гарантыі бяспекі.

Збожжавае пагадненне: ГУР перахапіла сакрэтны даклад для Крамля

ГУР Мінабароны апублікавала закрыты даклад для крамлёўскага кіраўніцтва, які паказвае, як менавіта расіяне зрывалі збожжавае пагадненне. Дакумент сведчыць пра тое, што ўсе дзеянні па зрыве збожжавага пагаднення — частка адзінага загадзя распрацаванага плана, а мэтанакіраваны абстрэл украінскай партовай інфраструктуры — толькі чарговы крок у яго рэалізацыі.

Згодна з дакументамі, так званы сумесны расійскі «каардынацыйны цэнтр» бачыў сваёй галоўнай задачай максімальнае памяншэнне аб'ёму збожжа, якое вывозілася ў рамках збожжавага пагаднення. Па выніках праведзеных інспекцый быў абмежаваны ўдзел у збожжавай ініцыятыве для 46 караблёў і абмежаваны ў руху 303 караблі на агульны тэрмін 342 сутак.

Дзякуючы шэрагу мер РФ здолела «эфектыўна стрымліваць колькасць караблёў, якія накіроўваліся ва ўкраінскія парты, і значна абмежаваць аб'ём вывазу прадуктаў харчавання з Украіны, што ў цэлым прывяло да немагчымасці для Кіева экспартаваць каля 20 мільёнаў тон грузаў». Асобная ўвага ў дакуменце нададзена зрыву паставак збожжа па Сусветнай харчовай праграме.

Глядзіце таксама


Навіны вайны

  • Расія ўначы атакавала Кіеў ударнымі БПЛА, папярэдне «Shahed». Усе паветраныя цэлі былі выяўлены і знішчаны на падлёце да сталіцы Украіны. Абышлося без ахвяр і разбурэнняў, паведаміў начальнік КГВА Сяргей Папко.
  • Расіяне ўначы атакавалі дронамі-камікадзэ Жытомірскую вобласць — паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў інфраструктурны аб'ект, інфармацыя аб ахвярах і маштабах пашкоджанняў удакладняецца, паведаміла АВА. 
  • Таксама расійскія дроны былі збіты ў Палтаўскай і Сумскай абласцях.
  • За мінулыя суткі армія РФ нанесла 70 удараў па 19 населеных пунктах Запарожскай вобласці. Адзін чалавек загінуў у Гуляйполі, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка.
  • Паводле ўдакладненых звестак, падчас учарашняга абстрэлу Канстанцінаўкі Данецкай вобласці загінулі два чалавекі, у тым ліку дзіця, яшчэ сем чалавек паранена, сярод іх чацвёра дзяцей. Усяго ў вобласці за мінулыя суткі двое загінулых і дзесяць параненых, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
  • Уначы расіяне атакавалі ўдарнымі дронамі Чаркаскую вобласць. Зафіксавана тры траплянні: два «шахеды» ўдарылі па палях, яшчэ адзін — у пусты сельскагаспадарчы ангар. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Ігар Табурэц.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 25 ліпеня: асабовага складу — каля 243 220 (+600) чалавек. 

Інфаграфіка Украінскага Генштаба

Інфаграфіка Украінскага Генштаба

За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 35 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, на бахмуцкім кірунку сілы абароны Украіны паспяхова адбілі атакі праціўніка ў раёнах на паўночны захад ад Арэхава-Васільеўкі, на поўдзень ад Іванаўскага і на захад ад Кляшчыеўкі; на аўдзееўскім кірунку адбіты атакі расійскіх войскаў у раёне Першамайскага; на мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расіян у раёнах Краснагораўкі і Мар'інкі. На шахцёрскім кірунку РФ вяла беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Раўнаполя Данецкай вобласці.

Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на мелітопальскім і бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

У Расіі вялікая перавага ў радыёэлектроннай барацьбе, перш за ўсё ў барацьбе з дронамі, заявіў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат: «На жаль, у гэтым плане акупанты далёка апярэдзілі нас. Беспілотнік не трэба збіваць зенітнымі ракетамі або зенітнымі прыладамі. Можна проста прымусіць яго прызямліцца, перахапіць сродкамі РЭБ... У Расіі сёння ёсць магутныя сістэмы, якія перашкаджаюць працы нашых сіл абароны. У іх дастаткова гэтых сістэм. Украіна дамаглася прагрэсу ў РЭБ, але мы позна пачалі, трэба было развіваць раней».

Рэзнікаў: «Гэта не камп'ютарная гульня»

Аляксей Рэзнікаў, міністр абароны Украіны, заявіў у інтэрв'ю СNN, што Украіна працягне наносіць удары па Крыме і Крымскім мосце: «Усе гэтыя цэлі з'яўляюцца афіцыйнымі, удары па іх знізяць здольнасць расіян ваяваць супраць нас і дапамогуць выратаваць жыцці ўкраінцаў... Гэта нармальная тактыка — разбураць лагістычныя маршруты ворага, каб спыніць яго магчымасці атрымаць больш боепрыпасаў, паліва, харчавання і гэтак далей. Таму мы будзем выкарыстоўваць гэтую тактыку супраць іх».

Рэзнікаў таксама заявіў у інтэрв'ю CNN, што контрнаступленне Украіны адстае ад графіка, але ідзе паводле плана. Ён назваў памылковым меркаванне, што кожнае контрнаступленне павінна быць хуткім. Таксама ўкраінскі міністр распавёў пра прычыны, чаму контрнаступленне можа быць павольнейшым, чым чакалася: «Гэта пытанне супрацьпаветранай абароны. У нас таксама вельмі доўгая лінія фронту. І супраць нас вялікая колькасць ворагаў. Гэта вайна, гэта не камп'ютарная гульня».

Са слоў Рэзнікава, украінскім вайскоўцам давялося расчышчаць уручную сцежкі праз палі. Ён адзначыў, што ў войскаў РФ «сур'ёзныя зоны бяспекі з мінамі», праз якія вельмі складана прарвацца.

Навіны партнёраў Украіны

Румынія далучыцца да дэкларацыі краін G7 у падтрымку Украіны, паведаміла МЗС краіны.

ЗША рыхтуюць новы пакет дапамогі Украіне на 400 мільёнаў долараў. Паводле звестак AP, у яго ўвойдуць боепрыпасы для сістэм СПА, сістэм «HIMARS» і «NASAMS», 32 бронетранспарцёры «Stryker», снарады для гаўбіц, ракеты« Stinger» і «Javelin», дроны назірання «Hornet».

Глядзіце таксама

Атака беспілотнікаў у цэнтры Масквы з'яўляецца следствам жорсткай вайны, якую развязала Расія і якую Крэмль можа спыніць у любы момант, калі выведзе свае войскі з Украіны, заявіла спікер Белага дома Карын Жан-П'ер. У той жа час яна адзначыла, што Вашынгтон не падтрымлівае ўдары па тэрыторыі РФ, але дадала, што Крым — гэта тэрыторыя Украіны. Жан-П'ер запэўніла, што ЗША і саюзнікі працягнуць забяспечваць Украіну ўсім неабходным для барацьбы за свабоду і суверэнітэт.

ЗАЭС і міны

Эксперты МАГАТЭ выявілі супрацьпяхотныя міны на ўскраіне пляцоўкі ЗАЭС, заявіў гендырэктар агенцтва Рафаэль Гросі па выніках агляду 23 ліпеня. Падчас інспекцыі спецыялісты выявілі некалькі мін, размешчаных у буфернай зоне паміж унутраным і вонкавым перыметрам станцыі. Пры гэтым мін на ўнутраным перыметры пляцоўкі эксперты не заўважылі.

Эксперты МАГАТЭ папярэдне ведалі пра рашэнне размясціць міны па-за перыметрам пляцоўкі, а таксама «ў пэўных месцах унутры». Расіяне заявілі МАГАТЭ, што гэта «вайсковае рашэнне», а Гросі заявіў, што наяўнасць выбухоўкі не адпавядае патрабаванням бяспекі. Таксама МАГАТЭ дагэтуль патрабуе доступу да дахаў ЗАЭС, у тым ліку 3-га і 4-га блокаў, «якія ўяўляюць асаблівую цікавасць».


Глядзіце таксама

Да таго ж расіяне перавялі энергаблок №4 Запарожскай АЭС у стан «гарачага спынення», што з'яўляецца грубым парушэннем усіх нормаў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі станцыі. Цяпер эксплуатацыя энергаблока №4 ЗАЭС павінна здзяйсняцца выключна ў стане «халоднага спынення», паведамляе ўкраінскі «Энергаатам».

Расія і правакацыя ў Чорным моры

Расія рыхтуе аперацыю пад чужым сцягам у Чорным моры, заявіў спікер Дзярждэпа ЗША Мэцью Мілер: «У нас ёсць інфармацыя пра тое, што яны, відавочна, рыхтуюць аперацыю пад чужым сцягам. Яны пагражалі судам, якія дзейнічаюць у міжнародных водах, пасля чаго сёння адбылася атака на Дунаі».

Таксама Мілер адзначыў, што ЗША працягнуць кансультацыі з партнёрамі наконт альтэрнатыўных шляхоў вывазу збожжа з Украіны, але дадаў, што ідэальнага рашэння, якое дазволіла б Украіне адгружаць такую ж колькасць збожжа, як у рамках збожжавай ініцыятывы, без аднаўлення марскіх шляхоў няма.

Літва прапануе выкарыстоўваць балтыйскія парты для экспарту ўкраінскага збожжа ў якасці альтэрнатывы Чарнаморскай ініцыятыве, паведамляе AFP са спасылкай на ліст літоўскіх міністраў у Еўракамісію.