МАГАТЭ знайшло на ЗАЭС супрацьпяхотныя міны

Украіна ўстрывожана пераводам чацвёртага блока ЗАЭС у стан «гарачага спынення», а МАГАТЭ знайшло на тэрыторыі станцыі міны.

mdjrn3__1_.png

Украінская дзяржаўная кампанія «Энергаатам» заявіла, што чацвёрты энергаблок Запарожскай АЭС, якая знаходзіцца пад расійскім кантролем, у аўторак быў пераведзены ў стан «гарачага спынення».

«Гарачае спыненне» адрозніваецца ад халоднага тым, што з гарачай зоны – вонкавага контуру – дадаткова забіраецца перагрэтая вада. Гэтую ваду выкарыстоўваюць у сістэмах цэнтралізаванага ацяплення зімой, а таксама ў сістэмах гарачага водазабеспячэння самой станцыі і Энергадара на працягу года. Вада награваецца ад рэактара, але сам ён заглушаны і не працуе, у ім няма ланцуговай рэакцыі.

«Такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем патрабаванняў Ліцэнзіі на эксплуатацыю гэтай ядзернай устаноўкі», — заявіў «Энергаатам».

Спецыялісты кампаніі лічаць, што падобныя дзеянні ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. «Энергаатам» звярнуўся па садзейнічанне ў МАГАТЭ.

«Энергаатам» сцвярджае, што пасля падрыву плаціны Кахоўскай ГЭС і фактычнага знікнення Кахоўскага вадасховішча паўсталі рэальныя рызыкі недастатковага падсілкоўвання ЗАЭС астуджальнай вадой.

Гэта блакіруе магчымасць працы ЗАЭС на магутнасці, і расійская акупацыйная адміністрацыя станцыі, і прадстаўнікі «Расатама» пра гэта ведаюць, гаворыцца ў заяве кампаніі.

А значыць, гэта несумненная рызыка для ядзернай і радыяцыйнай бяспекі з-за працяглага прастою абсталявання энергаблока, адсутнасці належнага рэгламентнага тэхнічнага абслугоўвання і рамонту абсталявання, лічаць у «Энергаатаме».


Глядзіце таксама

Тым часам кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што эксперты арганізацыі пры аглядзе ЗАЭС у панядзелак выявілі некалькі супрацьпяхотных мін у закрытай буфернай зоне паміж унутраным і знешнім перыметрам станцыі.

«Эксперты паведамілі, што [міны] знаходзіліся ў абмежаванай зоне, куды няма доступу ў супрацоўнікаў станцыі, і былі размешчаны ўбаку ад аб'екта», — піша Гросі.

«Прысутнасць на аб'екце такіх выбуховых рэчываў не адпавядае стандартам бяспекі МАГАТЭ і правілам ядзернай бяспекі, яна стварае дадатковы псіхалагічны ціск на супрацоўнікаў, — сказана ў заяве Гросі,хоць, згодна з папярэдняй ацэнкай МАГАТЭ, заснаванай на ўласных назіраннях і тлумачэннях адміністрацыі, магчымыя выбухі гэтых мін не павінны адбіцца на ядзернай бяспецы аб'екта і яго ахоўных сістэм».


Глядзіце таксама

Раней генеральны штаб УСУ заявіў, што расійскія войскі замініравалі частку станцыі, у прыватнасці, па яго сцвярджэннях, некалькі выбуховых прылад маглі знаходзіцца на даху чацвёртага блока ЗАЭС.

Расія ў сваю чаргу абвінавачвае Украіну ў намеры арганізаваць правакацыю на ЗАЭС.

МАГАТЭ гэтыя заявы не каментуе, аднак адзначае, што эксперты агенцтва «працягваюць запрошваць доступ на дах рэактараў ЗАЭС і іх турбінных залаў, уключаючы трэці і чацвёрты блокі, якія ўяўляюць асаблівую цікавасць».

Нагадаем, яшчэ 22 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскія вайскоўцы рыхтуюць сцэнар тэрарыстычнага акта на Запарожскай АЭС з выкідам радыяцыі.