525-ты дзень вайны. Расія стварае новую армію, не выключана чарговая мабілізацыя

Пазіцыйныя баі ўкраінскага контрнаступу прыносяць свой плён. На гэтым фоне заходнія разведкі не выключаюць, што Расія правядзе новую мабілізацыю. У той жа час Масква не спыняе паветраныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Украіна наступае

Украінскія вайскоўцы выбілі расійскія войскі з пазіцый у раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Акрамя таго, сілы абароны стрымліваюць наступ акупантаў на лімана-Купянскім кірунку, паведаміў спікер Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны Павел Кавальчук у эфіры тэлемарафона ў сераду, 2 жніўня.

«Падчас вядзення сіламі абароны наступальных штурмавых дзеянняў праціўнік вымушана адышоў з пазіцый у раёне на поўдзень ад Аўдзееўкі», — сказаў ён.

Генштаб УСУ ў той жа час сціпла паведамляе, што «на Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі атакі акупантаў у раёне Аўдзееўкі, а на Мар'інскім — працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі».

Па словах Кавальчука, на Бахмуцкім кірунку ўкраінскія вайскоўцы працягваюць весці наступальныя дзеянні на поўдзень ад горада. «Вораг зрабіў беспаспяховыя спробы аднавіць страчанае становішча на поўнач і захад ад Кляшчэеўкі, а таксама на паўночны захад ад Курдзюмаўкі», — дадаў Кавальчук, адзначыўшы, што расійцы ўжываюць рэзервы.

Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў на Купянскім і Ліманскім кірунках, вядуць наступальныя дзеянні на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках і замацоўваюцца на занятых рубяжах.

Ракеты, «Шахеды» і артылерыя

За мінулыя суткі войскі РФ нанеслі адзін ракетны, 75 авіяцыйных удараў і зрабілі 68 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. На фронце адбылося больш за 40 баявых сутыкненняў, паведаміў Генеральны штаб у ранішняй зводцы 2 жніўня.

У сераду ноччу, 2 жніўня, была атакаваная партовая і прамысловая інфраструктура на поўдні Адэскай вобласці дронамі-камікадзэ, паведаміў кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер. «У выніку атакі на аб'ектах партовай і прамысловай інфраструктуры рэгіёну паўсталі пажары, пашкоджаны элеватар. На месцы працуюць усе адпаведныя службы», — распавёў ён. Па стане на 05:30 даных аб пацярпелых не паступала.

Сілы супрацьпаветранай абароны Украіны знішчылі ўсе дроны, якімі Расія спрабавала атакаваць Кіеў у ноч на сераду, 2 жніўня, паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі (КМВА) Сяргей Папко. Паводле яго слоў, групы беспілотнікаў заходзілі ў паветраную прастору сталіцы Украіны адначасова па некалькіх напрамках. Сіламі і сродкамі СПА ўсе паветраныя цэлі — больш за 10 дронаў тыпу Shahed — былі выяўленыя і знішчаны.

«Зафіксавана падзенне абломкаў у Саломенскім, Галасееўскім і Святошынскім раёнах Кіева. Ёсць пашкоджанні нежылых памяшканняў і дарожнага пакрыцця. Без сур'ёзных разбурэнняў і пажараў», — дадаў ён.

Войскі РФ тройчы за ноч абстралялі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак. Акупанты білі з цяжкай артылерыі па Нікапалю і Пакроўскай абшчыне. Атака абышлася без ахвяр і параненых.

За мінулыя суткі армія РФ 74 разы абстраляла Херсонскую вобласць, выпусціўшы па гарадах і вёсках рэгіёну 441 снарад з мінамётаў, артылерыі, Градаў, танкаў, БПЛА і авіяцыі. Больш за тры дзясяткі снарадаў упалі ў Херсоне, распавёў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Акупанты трапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, тэрыторыю і будынак медыцынскай установы ў Херсоне, адукацыйную ўстанову ў Берыслаўскім раёне. «Праз расійскую агрэсію адзін чалавек загінуў, яшчэ восем атрымалі раненні», — сказаў кіраўнік вобласці.

365030084_632605029052579_8669895366144976109_n.jpg

У Расіі будзе новая мабілізацыя?

За апошнія два месяцы Расія, верагодна, пачала фармаваць новыя буйныя злучэнні, каб узмацніць свае наземныя сілы. Да іх адносіцца 25-я агульнавайсковая армія, паведаміла Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter.

Як адзначаецца ў зводцы, пасля ўварвання ва Украіну Расія ў асноўным задзейнічала мабілізаваных рэзервістаў для папаўнення існых фармаванняў або склад пяхотных палкоў. Яна рэдка стварала новыя агульнавайсковыя арганізацыі, такія як агульнавайсковыя арміі.

Выключэнне склаў створаны летам 2022 года 3-ці армейскі корпус, які ў цэлым паказаў сябе дрэнна.

«Расія, хутчэй за ўсё, размесціць любое новае фармаванне ў якасці рэзерву ва Украіне. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве Расія імкнецца ўзмацніць свае сілы перад NATO. Без новай буйной хвалі абавязковай мабілізацыі Расія наўрад ці знойдзе дастаткова новых вайскоўцаў, каб забяспечыць хоць бы адну новую армію», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

У ЗША ёсць інфармацыя, што Расія гатовая аднавіць удзел у перамовах наконт «збожжавай здзелкі», заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд. Яна адзначыла, што калі Расія хоча аднавіць экспарт сваіх угнаенняў і палегчыць сельскагаспадарчыя аперацыі, то ёй давядзецца аднавіць свой удзел у «збожжавай угодзе».

«Мы бачылі прыкметы таго, што яны могуць быць зацікаўлены ў вяртанні да абмеркавання. Таму мы пачакаем, каб убачыць, ці адбудзецца гэта насамрэч», — дадала дыпламатка.