539-ты дзень вайны. Вызваленне Ураджайнага — прарыў ва ўкраінскім контрнаступе?

Узброеныя Сілы Украіны вызвалілі Ураджайнае ў Данецкай вобласці. Аналітыкі кажуць пра тое, што Украіна «ўзламала» першую лінію абароны Расіі на фронце. Аднак афіцыйныя асобы ў Кіеве папярэджваюць ад занадта аптымістычных ацэнак у сувязі з гэтым фактам.

Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

УСУ мае поспехі

Узброеныя Сілы Украіны вызвалілі Ураджайнае ў Данецкай вобласці, раніцай 16 жніўня паведаміла намесніца міністра абароны Ганна Маляр. Яна адзначыла, што ўкраінскія абаронцы замацоўваюцца на рубяжах, наступальныя дзеянні працягваюцца.

«Можна казаць, што УСУ такі праламілі першую лінію абароны на Рівнапільскім участку. Але наперадзе іншая, якая пачынаецца на высотак за паселкам Старамліныўка», — зазначае аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы піша, што сілы абароны Украіны працягваюць утрымліваць ворага на ўсходніх кірунках і наступаюць на паўднёвых. На фронце адбылося каля 30 баявых сутыкненняў: расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні на Купянскім напрамку ў Харкаўскай вобласці і ў Данецкай вобласці ў раёне на поўдзень ад Аўдзееўкі. На Мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне гарадоў Мар'інка і Краснагораўка Данецкай вобласці.

Украінская армія працягвае вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваецца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляе меры контрбатарэйнай барацьбы.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што ўкраінскія войскі маюць пэўны поспех у Луганскай і Запарожскай абласцях. «УСУ правялі контрнаступныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і прасунуліся ў Луганскай вобласці і заходняй частцы Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў публікацыі.

УСУ таксама прасунуліся да Рабоцінага на паўднёвы захад ад Крамянной у Луганскай вобласці.

368009057_639824294997319_1070060336408511562_n.jpg

Расія ўжо сама вырабляе «Шахеды»?

Украінскія вайскоўцы ў ноч на 16 жніўня збілі 13 дронаў тыпу Shahed-136/131, выпушчаных расійцамі, над Адэскай і Мікалаеўскай абласцямі. Беспілотнікі атакавалі партовую інфраструктуру Адэскай вобласці. Пад ударам быў адзін з партоў на Дунаі. Там пашкоджаныя складскія памяшканні і збожжасховішчы.

Таксама «Шахедамі» атакавалі вёску Пяскі-Радзькоўскія ў Ізюмскім раёне. Пашкоджаны складскія памяшканні закінутага сельгаспрадпрыемства. Акрамя таго, за мінулыя суткі расійцы масіравана абстрэльвалі населеныя пункты Харкаўскага, Чугуеўскага, Ізюмскага і Купянскага раёнаў вобласці.

Расія амаль напэўна пачала выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў аднабаковага дзеяння (OWA-UAV) уласнай вытворчасці, заснаваных на іранскіх распрацоўках Shahed, паведаміла Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter.

Як адзначаецца ў зводцы, расійскія сілы імпартуюць сістэмы іранскай вытворчасці з верасня 2022 года. Мясцовая вытворчасць, імаверна, дазволіць Расіі наладзіць больш надзейныя пастаўкі дронаў.

Па даных брытанскай выведкі, эфектыўнасць гэтай зброі была рознай, і Украіна даказала сваю эфектыўнасць у нейтралізацыі большасці атакуючых БПЛА.

«Расія, верагодна, імкнецца да самазабеспячэння БПЛА ў бліжэйшыя месяцы. Аднак тым часам Расія па-ранейшаму залежыць ад камплектуючых і гатовых узбраенняў з Ірана, якія ў асноўным дастаўляюцца праз Каспійскае мора», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

Вайна будзе доўгай

Віцэ-прэм'ерка Украіны па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заявіла, што вайна з Расіяй працягнецца доўга і не завершыцца ні да канца гэтага года, ні да наступнай вясны, як некаторыя спадзяюцца.

«Колькі яшчэ будзе доўжыцца вайна? Мы павінны быць сумленнымі. У гэтай вайне шлях да перамогі будзе доўгім і цяжкім. “2-3 тыдні”, “да канца года”, “наступнай вясной” — усё гэта няпраўда. Трэба настройвацца на працяглую барацьбу. Грамадзяне і ўлада — усе павінны настройвацца на працяглую і цяжкую вайну. І толькі тады мы пераможам», — сказала яна.

Паліцыя Маямі перадала ўкраінскім праваахоўнікам стралковую зброю і патроны. Праваахоўнікі атрымалі вінтоўкі, аўтаматы, пісталеты марак «Глок», «Ватсан», «Берэта», пісталеты-аўтаматы «Узі» і нават савецкія рэвальверы.

Дастаўленая ва Украіну зброя была канфіскаваная ў крыміналітэту, частку ствалоў выкупілі ў гараджан за грошы — да 200 долараў за адзінку зброі.

Глядзіце таксама

ЗША падштурхоўваюць Іран да спынення продажу беспілотнікаў Расіі ў рамках абмеркавання больш шырокага пагаднення паміж Вашынгтонам і Тэгеранам аб зніжэнні напружанасці. ЗША настойваюць на тым, каб Іран спыніў прадаваць Расіі баявыя беспілотнікі, якія Масква выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, а таксама запасныя часткі для беспілотных лятальных апаратаў, паведамілі ананімныя крыніцы Financial Times.

Як адзначае Reuters, гэтая навіна з'явілася ў той час, калі Вашынгтон і Іран спрабуюць аслабіць напружанасць і аднавіць больш шырокія перамовы па ядзернай праграме Ірана. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што будзе вітаць любыя крокі Ірана па дээскалацыі яго «растучай ядзернай пагрозы».