666-ты дзень вайны ва Украіне: Пад Новы год РФ рыхтуе правакацыю ў Марыупалі з вялікай колькасцю ахвяр
Расійскія войскі ў ноч на 22 снежня выпусцілі над Украінай 28 беспілотнікаў-камікадзэ. 24 з іх збіты сіламі супрацьпаветранай абароны.
Што вядома пра начны напад беспілотнікаў?
ВПС узброеных сіл Украіны з вечара 21 снежня паведамлялі аб пусках і перамяшчэнні «Шахедаў».
Украінскія войскі супрацьпаветранай абароны знішчылі 24 беспілотнікі ў Кіеўскай, Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Жытомірскай, Ровенскай і Хмяльніцкай абласцях.
Запускі беспілотнікаў вяліся з Курска, Прыморска — Ахтарска (Расія) і мыса Чауда (Крым), піша РБК-Украіна са спасылкай на ВПС Узброеных сіл Украіны.
Для адбіцця паветранага нападу была задзейнічана авіяцыя, зенітныя ракетныя падраздзяленні і мабільныя агнявыя групы ВПС і Сіл абароны Украіны.
Выбухі з-за працы
войскаў СПА былі чутны ў Кіеве, Кіеўскай, Адэскай і Хмяльніцкай абласцях.
У Кіеве абломкі дрона ўпалі на шматпавярховік, узнік пажар. Гэта адбылося ў Саламянскім раёне. Акрамя таго, пашкоджанні з-за завалаў ёсць у Дарніцкім і Галасееўскім раёнах. У начным нападзе ў Кіеве пацярпелі два чалавекі, адзін чалавек шпіталізаваны.
У Мікалаеўскай вобласці з-за нападу беспілотнікаў адбыўся пажар на адным з аб'ектаў інфраструктуры. У Адэскай вобласці пад удар патрапіла партовая інфраструктура. Пашкоджана збожжасховішча.
З Расіі ва Украіну перакідваюць новыя калоны вайсковай тэхнікі і рыхтуюць правакацыі?
З боку Расіі на поўнач Данецкай вобласці рухаюцца калоны тэхнікі. Яны накіроўваліся праз Новаазоўск у напрамку Валнавахі і Вугледара, адзначае дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка.
«У Новаазоўскім раёне назіраецца высокая канцэнтрацыя акупантаў. Месца размяшчэння — былая курортная зона пасёлка Сядоў і горад Новаазоўск», — адзначае ён.
Як паведаміў Андрушчанка, сярод іх была заўважана значная колькасць прадстаўнікоў азіяцкай знешнасці (буратаў і інш. — Рэд.), якія не размаўляюць на рускай мове. Акрамя таго, паводле яго слоў, былі заўважаны і «псеўдарасіяне з цёмным колерам скуры», як мяркуецца, кубінцы.
«Па ўсіх каналах мы атрымліваем даныя аб актывізацыі ФСБ перад навагоднімі святамі. Гаворка ідзе не пра зачысткі, а пра правакацыі», — рэзюмаваў Андрушчанка.
Так, напрыклад, пад навагоднія святы расіяне рыхтуюць правакацыю ў Марыупалі, паведаміў Пётр Андрушчанка са спасылкай на аналіз інфармацыі, атрыманай з акупацыйнай адміністрацыі, перапіскі і прыватных размоў з камандай Інфармацыйнага супраціву. У прыватнасці, расіяне пад кіраўніцтвам ФСБ маюць намер арганізаваць тэракт з вялікай колькасцю ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва.
Робіцца гэта для забеспячэння росту ўзроўню даносаў, паскарэння выяўлення членаў украінскага супраціву і праўкраінскага актыву ў горадзе, недапушчэння карэкціровак удараў УСУ і знішчэння падтрымкі ўкраінскіх сіл на акупаваных тэрыторыях. Андрушчанка заклікае марыупальцаў устрымацца ад наведвання масавых мерапрыемстваў на Новы год або расійскія Каляды.
Навіны вайны
- Сілы абароны Украіны на паўднёвым кірунку сёння знішчылі тры расійскія знішчальнікі-бамбавікі Су-34. Пра гэта паведаміў камандуючы паветранымі сіламі Украіны Мікалай Аляшчук.
- Сітуацыя вакол Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці складаная, расійскія войскі зноў змянілі тактыку, распавёў начальнік Аўдзееўскай ГВА Віталь Барабаш. У прыватнасці, па яго словах, вораг цяпер спрабуе кропкава прабіць украінскую абарону: «Узялі яны для сябе за прыярытэты, умоўна кажучы, тры напрамкі, і туды ў асноўным накіроўваюць і тэхніку, і вялікую колькасць пяхоты. Сапраўды складана, вельмі горача. Вораг будзе спрабаваць рэалізаваць пастаўленыя задачы аб узяцці горада».
- Ва Украіну атрымалася вярнуць 12-гадовае дзіця, паведаміў амбудсмен Дзмітрый Лубінец. Хлопчык напярэдадні расійскага ўварвання прыехаў да бацькі ў Луганскую вобласць на тры дні, але праз вайну заставаўся пад акупацыяй каля 18 месяцаў, пасля чаго яшчэ чатыры месяцы — на тэрыторыі Расіі. Маці не магла самастойна забраць сына з-за таго, што яна ваеннаслужачая УСУ, таму звярнулася ў офіс амбудсмена.
- У захопленым РФ Такмаку Запарожскай вобласці ў выніку абстрэлу пашкоджаны будынкі акупацыйнай паліцыі, адміністрацыі і службовыя аўто. Ёсць загінулыя і параненыя. Аб масіраваным абстрэле Такмака расійскія «ўлады» паведамілі 21 снежня. Паводле іх звестак, нібыта пацярпелі двое мірных жыхароў.
- На акупаванай тэрыторыі Кахоўскага раёна Херсонскай вобласці расійскія вайскоўцы забілі непаўналетняга хлопца, Генпракуратура пачала расследаванне. Кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін распавёў, што трагедыя адбылася 20 снежня. Хлопца, які вучыўся ў 8-м класе, расстралялі на вачах у сям'і праз тое, што ён нібыта нешта сфатаграфаваў. «Пасля забойства сына яго маці спрабавала пакончыць з сабой. Дырэктар школы, дзе вучыўся хлопец, напіша заяву ў паліцыю», — паведаміў Пракудзін.
- УСУ атрымалі ўсе 10 тысяч FPV-дронаў у рамках аперацыі «Єдність», на якую ўкраінцы ў жніўні сабралі 235 млн грыўняў за трое сутак, паведаміў кіраўнік Мінлічбы Міхаіл Фёдараў. Дроны атрымалі 53 воінскія часці — у прыватнасці, падраздзяленні марской пяхоты, сухапутных і дэсантна-штурмавых войскаў, сіл спецыяльных аперацый і тэрабороны, брыгады Нацгвардыі «Хартыя» і «Азоў», падраздзяленні Нацпаліцыі, а таксама воіны ЦСА «А» Службы бяспекі Украіны.
- Спікер Мінабароны Украіны Іларыён Паўлюк заявіў, што ў краіне ў любым выпадку набяруць у войска «патрэбную» колькасць людзей — добраахвотна ці прымусова: «Мы, вядома, зацікаўлены набіраць як мага больш людзей праз механізмы рэкрутынгу. Але паколькі ёсць неабходнасць абараніць дзяржаву, мы ўсё роўна дабяром тую колькасць людзей, якую трэба, каб абараніць Украіну. Механізмамі рэкрутынгу або механізмамі мабілізацыі — усё роўна прыйдзецца дабіраць».
- Амерыканскі інстытут вывучэння вайны(ISW) папярэджвае, што спыненне заходняй дапамогі можа прывесці да таго, што Украіна страціць здольнасць стрымліваць расійскую армію.
На думку аналітыкаў, цяперашняя пазіцыйная вайна ва Украіне не з'яўляецца стабільнай тупіковай сітуацыяй, паколькі баланс можа лёгка схіліцца ў любы бок з-за рашэнняў, прынятых на Захадзе.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 22 снежня: асабовага складу — каля 351 350 (+1080 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5837 (+9), баявых браніраваных машын — 10 843 (+18), артылерыйскіх сістэм — 8250 (+24), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6365 (+23), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 0 944 (+25), спецыяльнай тэхнікі — 1217 (+9).
За мінулыя суткі на фронце адбылося 95 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы.
На купянскім кірунку сілы абароны адбілі 19 нападаў РФ у раёнах Сінькоўкі Харкаўскай вобласці і Стальмахоўкі Луганскай вобласці. На аўдзееўскім кірунку адбіты 22 атакі РФ на ўсход ад Новакалінава, Новабахмутаўкі і Аўдзееўкі, а таксама 13 нападаў у раёнах Першамайскага Данецкай вобласці. Яшчэ 15 нападаў УСУ адбілі на мар'інскім кірунку — у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці.
Акрамя таго, на ліманскім кірунку сілы абароны адбілі расійскія атакі паблізу Тэрнаў Данецкай вобласці; на бахмуцкім — каля Багданаўкі, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на запарожскім — на захад ад Вербавага і на поўдзень ад Рабоціна Запарожскай вобласці. На херсонскім кірунку сілы абароны працягваюць пашырэнне плацдарма, тым часам армія РФ здзейсніла 12 беспаспяховых штурмавых дзеянняў — і са стратамі адступіла.
Навіны замежных партнёраў Украіны
- У Кіеў прыехаў новы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Ён паведаміў, што гэта яго першы замежны візіт з моманту прызначэння на пасаду.
- Кангрэс ЗША можа ўхваліць новую дапамогу Украіне ў любы дзень пасля 9 студзеня, заявіў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба.
Паводле яго слоў, 8 студзеня выходзіць пасля канікул Сенат, а 9 студзеня — Палата прадстаўнікоў, «і без перабольшання ў любы наступны дзень можа быць прынята рашэнне».
Кіраўнік МЗС выказаў упэўненасць, што і дэмакраты, і рэспубліканцы хочуць вылучыць дапамогу Украіне, а спрэчка тычыцца толькі мяжы з Мексікай. Перамовы ж будуць працягвацца і падчас вакацый, «і прагрэс у гэтых перамовах ёсць», — дадаў Кулеба.
- Да сумеснай дэкларацыі лідараў G7 і Украіны Аб наданні Украіне гарантый бяспекі, прынятай у Вільні 12 ліпеня, далучылася 31 дзяржава, паведаміў Офіс прэзідэнта Украіны.
У прыватнасці, з усімі краінамі G7, Нідэрландамі і Еўрасаюзам распачаты двухбаковыя кансультацыі па пагадненнях аб прадастаўленні Украіне гарантый бяспекі. Францыя, Італія, Германія і Вялікабрытанія перадалі праекты адпаведных пагадненняў. Гатоўнасць пачаць кансультацыі па заключэнні двухбаковых пагадненняў аб прадастаўленні Украіне гарантый бяспекі выказалі 15 дзяржаў.
У ОП падкрэслілі, што Украіна гатова пераходзіць ад кансультацый да двухбаковых перамоў з краінамі па заключэнні пагадненняў аб гарантыях бяспекі. Важнай часткай двухбаковых пагадненняў будуць палажэнні аб сумеснай абароннай вытворчасці.