669-ты дзень вайны: Расія выкарыстоўвае супраць УСУ забароненую хімічную зброю
Расійскія вайскоўцы наўмысна выкарыстоўваюць супраць украінскіх абаронцаў хімічную зброю ў Херсонскай вобласці ў раёне Крынак, паведамляе Інстытут вывучэння вайны ў новай справаздачы.
У публікацыі адзначаецца, што марпехі 810-й брыгады марской пяхоты Чарнаморскага флоту РФ пацвердзілі выкарыстанне хімічнай зброі супраць украінскіх войскаў, што з'яўляецца відавочным парушэннем Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі, удзельнікам якой з'яўляецца Расія.
«22 снежня 810-я АМСБр апублікавала ў сваім Telegram-канале вялікі допіс, дзе падрабязна апісала "радыкальнае змяненне тактыкі", якую брыгада ўжывае супраць украінскіх сіл у Крынках (на ўсходнім беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці)», — гаворыцца ў справаздачы экспертаў.
Сярод іншага ў паведамленні сцвярджаецца, што падраздзяленні 810-й асобнай марской пяхотнай брыгады ЧФ РФ ажыццявілі ратацыю ў раёне Крынак і ўжываюць новую тактыку: «Скід гранат К-51 з беспілотнікаў» на пазіцыі УСУ, каб прымусіць украінскіх байцоў выйсці з умацаванняў і падвергнуць іх абстрэлу з розных відаў узбраенняў.
810-я АМСБр расійцаў таксама апублікавала кадры ў сетцы, на якіх, відавочна, бачны такі скід К-51 на ўкраінскую пазіцыю, як мяркуецца, у Крынках.
Аналітыкі звяртаюць увагу, што аэразольныя гранаты К-51 напоўнены раздражняльным газам CS, разнавіднасцю слёзацёчнага газу, які выкарыстоўваецца для барацьбы з масавымі беспарадкамі (таксама вядомы як агент кантролю беспарадкаў RCA).
Канвенцыя аб забароне хімічнай зброі (CWC) забараняе выкарыстанне RCA як метаду вядзення вайны, і Расія з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай CWC з 1997 года, нагадваюць у Інстытуце вывучэння вайны.
Пры гэтым ISW адзначае, што ўкраінскія войскі захавалі свае пазіцыі ў раёне Крынак, дзе працягваюцца пазіцыйныя баі.
* * *
Генеральны штаб УСУ паведамляе, што за мінулыя суткі адбылося 81 баявое сутыкненне. Усяго вораг нанёс 11 ракетных і 34 авіяцыйных удары, здзейсніў 62 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Па-ранейшаму найбольш інтэнсіўныя баі вядуцца на Аўдзееўскім кірунку — там адбіта палова нападаў расійскіх войскаў ад агульнай колькасці. 25 атак адбіта на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, а таксама 15 атак — паблізу Паўночнага, Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.
На Купянскім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі 17 нападаў ворага, на Бахмуцкім — 11 атак праціўніка.
* * *
* * *
У ноч на 24 снежня Расія атакавала Украіну 15 ударнымі БПЛА тыпу «Шахед» з раёна Прыморска-Ахтарск. Сілы СПА Украіны знішчылі 14 «Шахедаў». Усе беспілотнікі збітыя ў межах Мікалаеўскай, Кіраваградскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Хмяльніцкай абласцей.
Спікер Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк паведаміла, што нядаўняе збіццё адразу трох расійскіх самалётаў Су-34 аказала істотны ўплыў на тактыку ворага на Херсонскім кірунку. Цяпер назіраецца зацішша ў выкарыстанні Расіяй кіраваных авіябомбаў.
«Пакуль бачым, што яны ў істотнай і глыбокай задуменнасці. Яны сапраўды вывучаюць, што гэта было, і наколькі яно далей небяспечна. Пакуль бамбардзіровак не фіксуем», — распавяла Гумянюк.
Аднак за суткі расійскія войскі здзейснілі 88 абстрэлаў Херсонскай вобласці, выпусціўшы 425 снарадаў. Уначы расійскае войска абстраляла цэнтральную частку Херсона. З-за траплення артылерыйскага снарада па жылым доме загінуў 87-гадовы мужчына і яго 81-гадовая жонка. Усяго ў выніку абстрэлаў 4 чалавекі загінулі, яшчэ 9-атрымалі раненні, з іх 1 дзіця.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе матэрыял New York Times (NYT), у якім са спасылкай на былых і цяперашніх высокапастаўленых расійскіх, амерыканскіх і міжнародных чыноўнікаў гаварылася аб выкарыстанні Пуціным зваротных каналаў і пасярэднікаў, каб прадэманстраваць сваю нібыта зацікаўленасць у спыненні агню ў вайне супраць Украіны, нягледзячы на нядаўнія публічныя яго заявы пра адваротнае.
Як паведаміла NYT, заходнія афіцыйныя асобы з верасня «ўлоўлівалі новыя сігналы» праз зваротныя каналы аб тым, што Пуцін зацікаўлены ў спыненні агню, якое замарозіць бягучыя лініі фронту ва Украіне. Пры гэтым выданне адзначала, што заходнія афіцыйныя асобы папярэдзілі, што гэтыя сігналы могуць не адлюстроўваць «сапраўднае жаданне» весці перамовы.
Крэмль можа выкарыстоўваць «сігналы» для Захаду пра нібыта гатоўнасць паставіць вайну супраць Украіны «на паўзу» для спробы знізіць абаронную дапамогу краін-партнёраў, мяркуюць аналітыкі ISW. У справаздачы адзначаецца, што падобныя маніпуляцыі з боку Пуціна ўжо былі, у прыватнасці, па тэме перамоваў.
На думку экспертаў, часовае «перамір'е» ў вайне з Украінай прынясе карысць Расіі, даўшы ёй час падрыхтавацца да аднаўлення агрэсіі.