672-гі дзень вайны. Расіяне схлусілі, што поўнасцю ўзялі Мар’інку
У адсутнасці значных поспехаў расіянам даводзіцца хлусіць і здзяйсняць чарговыя ваенныя злачынствы. Шойгу адрапартаваў Пуціну, што ён «узяў Мар’інку», але выявілася, што гэта не зусім праўда. У той жа час Расія нанесла ўдар па эвакуацыйным цягніку ў Херсоне.
Паводле звестак Генштаба УСУ, за мінулыя суткі адбылося 80 баявых сутыкненняў. Усяго вораг нанёс 8 ракетных і 60 авіяцыйных удараў, здзейсніў 69 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва.
На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. УСУ ўстойліва трымаюць абарону, Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 13 расійскіх атак на ўсход ад Новабахмутаўкі і Аўдзееўкі, і 16 атак паблізу Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.
На Мар'інскім напрамку ўкраінскія войскі працягваюць стрымліваць акупантаў у раёнах Новаміхайлаўкі і Перамогі Данецкай вобласці, дзе адбіта 7 атак.
На Бахмуцкім кірунку УСУ адбілі 8 атак праціўніка і 9 атак на Запарожскім кірунку.
На Херсонскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць меры па пашырэнні плацдарма на левым беразе Дняпра. Нягледзячы на значныя страты, вораг не пакідае спробаў выбіць УСУ з займаных пазіцый: за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 14 беспаспяховых штурмавых дзеянняў, атрымаў адпор і адступіў.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW), спасылаючыся на відэа з геалакацыяй, апублікаваныя 25 і 26 снежня, піша, што расійскія войскі прасунуліся ў паўночнай частцы Стэпавага (на паўночны захад ад Аўдзееўкі), на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі і ў прамысловай зоне на паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі.
Паведамляецца, што расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі пазіцыйныя баі ў раёне Аўдзееўкі; на паўночны захад ад Аўдзееўкі ў раёне Аўдзееўскага коксахімічнага завода, на ўсход ад Новабахмутаўкі і ў раёне Стэпавага; у прамысловай зоне; і на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі ў раёне Першамайскага, Невельскага і Паўночнага. Пазіцыйныя баі адбыліся на поўдзень Гуляйполя і каля Рабоціна.
Відэа з геалакацыяй і афіцыйныя заявы Украіны і Расіі сведчаць, што расійскія войскі ўзялі пад кантроль большую частку Мар'інкі, адзначае ISW.
* * *
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў адзначыў, што сілы абароны Украіны трымаюць пад кантролем частку Мар'інкі Данецкай вобласці, пра нібыта захоп якой распавядаюць расійскія акупанты. «Частка пасёлка ўсё яшчэ знаходзіцца пад кантролем Узброеных Сіл Украіны», — сказаў Данілаў, адказваючы на пытанне, ці адпавядаюць рэчаіснасці нядаўнія заявы міністэрства абароны РФ аб нібыта поўным узяцці Мар'інкі.
Разам з тым Данілаў адзначыў, што расійцы імкнуцца захапіць гэты населены пункт. «Хоць, калі ўжо называць рэчы, як яны ёсць, то захапіць тое, што засталося ад населенага пункта. Таму што яны фактычна цалкам яго знішчылі. Там практычна няма ніводнага ацалелага збудавання», — падкрэсліў сакратар РНБА.
* * *
Паводле ацэнак ISW, расійскія сілы, верагодна, кантралююць большую частку, калі не ўсю Мар'інку. Візуальнага пацвярджэння поўнага захопу Мар'інкі расійскімі войскамі паводле стану на 26 снежня не назіралася.
Многія расійскія вайсковыя блогеры прызналі захоп Мар'інкі тактычнай перамогай і заявілі, што гэта дазволіць расійскім войскам праводзіць наступальныя аперацыі ў кірунку населеных пунктаў, размешчаных на адлегласці да 15 км на захад ад Мар'інкі, у найбліжэйшыя тыдні і месяцы, пагражаючы прылеглым украінскім наземным лініям сувязі.
Уладзімір Пуцін заявіў, што захоп Мар'інкі дазволіць расійскім войскам адціснуць украінскія баявыя падраздзяленні ад акупаванага Данецка і стварыць больш шырокую аператыўную прастору для расійскіх войскаў.
У ISW на гэты конт іншае меркаванне.«Імаверны захоп Расіяй Мар'інкі ўяўляе сабой абмежаваны тактычны выйгрыш Расіі і не прагназуе ніякага аператыўна значнага прасоўвання наперад, калі толькі расійскія войскі не палепшаць сваю здольнасць да хуткага механізаванага прасоўвання наперад, чаго яны не дэманструюць, і не паказваюць ніякіх прыкмет гэтага», — пішуць эксперты інстытута.
* * *
* * *
Увечары 26 снежня армія РФ нанесла ўдар па чыгуначным вакзале Херсона, дзе знаходзіўся эвакуацыйны цягнік. Міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што падчас масіраванага абстрэлу горада на чыгуначным вакзале чакалі адпраўлення эвакуацыйнага цягніка каля 140 грамадзянскіх. Паліцыянты пачалі эвакуацыю людзей, падчас яе загінуў лейтэнант паліцыі. Яшчэ двое паліцэйскіх — у бальніцы з асколачнымі раненнямі. Двум грамадзянскім, якія атрымалі аскепкавыя раненні, аказалі медыцынскую дапамогу.
* * *
Расійскія войскі ўначы 27 снежня, чарговым разам запусцілі ва Украіне ўдарныя дроны тыпу «Шахед». Як адзначаецца ў зводцы Генеральнага штаба УСУ, расійцы ўжылі 46 БПЛА. У ваенным камандаванні праінфармавалі, што сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны было знішчана 32 ударныя дроны.
Паводле інфармацыі адэскага выдання «Думская» ў Адэсе з-за атакі варожых дронаў быў «прылёт» па жылым доме. Папярэдне — ёсць пацярпелыя.
У Расіі дроны ноччу праляталі ў дзвюх абласцях. Па паведамленнях расійскіх СМІ, нібыта ўкраінскія беспілотнікі праляталі над Белгарадскай і Растоўскай абласцямі. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што абодва беспілотнікі збілі.
* * *
Расійскія войскі знізілі тэмпы сваіх аперацый на ўсходнім беразе Херсонскай вобласці. Каб не рызыкаваць авіяцыяй, расіяне, відавочна, вырашылі падвесці дальнабойную артылерыю бліжэй да берага Дняпра, пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Нагадаем, украінскія вайскоўцы 24 і 25 снежня заявілі аб збіцці аднаго варожага самалёта Су-34 на Марыупальскім кірунку, аднаго Су-30см над Чорным морам, у дадатак да трох Су-34, якія УСУ знішчылі на поўдні Украіны з 21 да 22 снежня.
26 снежня прадстаўнік Паўднёвага аператыўнага камандавання УСУ капітан першага рангу Наталля Гумянюк заявіла, што на ўсходнім беразе Херсонскай вобласці праціўнік штодня праводзяць удвая менш наземных нападаў на пазіцыі нашых войскаў у параўнанні з папярэднім сярэднім паказчыкам у 30 штурмаў у дзень. Яна таксама паведаміла, што знішчэнне некалькіх расійскіх самалётаў аслабіла здольнасць ворага наносіць запланаваныя бомбавыя ўдары, і што акупанты разгарнулі буйнакаліберную артылерыю і рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) на левым беразе Херсонскай вобласці, каб кампенсаваць адсутнасць авіяцыйнай падтрымкі.
25 снежня расійскі «ваенкор» заявіў, што авіяцыя РФ у Херсонскай вобласці не працуе цягам апошніх трох дзён праз знішчэнне расійскіх самалётаў Су-34.
На думку экспертаў ISW, патэнцыйнае разгортванне расійскай дальнабойнай артылерыі бліжэй да лініі фронту можа даць УСУ магчымасць лягчэй паражаць гэтыя віды ўзбраення, і больш свабодна і бяспечна дзейнічаць уздоўж узбярэжжа Дняпра і ў тылавых раёнах на Заходнім беразе Херсонскай вобласці.
* * *
Еўрапейскі Саюз рыхтуе запасны план па прадастаўленні Украіне дапамогі ў памеры да 20 млрд еўра, які не залежыць ад згоды Віктара Орбана з Венгрыі. Гэты план будзе разгледжаны на саміце 1 лютага, калі Орбан працягне пярэчыць супраць дапамогі Украіне.
Каб гэта зрабіць, краіны-ўдзельніцы павінны даць гарантыі бюджэту ЕС. Гэта дазволіць Еўрапейскай камісіі заняць да 20 млрд еўра на рынках капіталу. Умовы яшчэ абмяркоўваюцца, а дакладная сума дапамогі будзе залежаць ад патрэбаў Украіны.
ЕС ужо выкарыстоўваў падобную схему ў 2020 годзе, каб дапамагчы краінам справіцца з пандэміяй Covid-19. Тады камісія падала таннае фінансаванне на суму да 100 млрд еўра для падтрымкі працы. Цяпер ЕС хоча выкарыстоўваць тую ж схему для дапамогі Украіне.