670-ты дзень вайны. Украінскае СПА «прызямліла» яшчэ два расійскія самалёты на 100 млн долараў

Вайна не зважае на святы. У гэтыя калядныя дні расійскае войска ва Украіне актывізавала наступальныя дзеянні. Але УСУ паспяхова абараняецца, пры гэтым знішчаючы вельмі дарагую і слаба ўзнаўляльную тэхніку. 

Фота з ВВС

Фота з ВВС

Генштаб УСУ раніцай 25 снежня паведаміў, што за мінулыя суткі на фронце адбылося 66 баявых сутыкненняў. На Купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 21 атаку расійцаў ля Сінькоўкі Харкаўскай вобласці і Стэльмахоўкі Луганскай вобласці, дзе расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.

На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі 5 атак.

На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць расійскую армію, якая не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Сілы абароны адбілі 14 атак ворага на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, а таксама 17 атак недалёка ад Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

На Мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць расійцаў у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе абаронцамі былі адбітыя 5 нападаў.

На Херсонскім кірунку ўкраінскія ваяры працягваюць пашыраць плацдарм на левым беразе Дняпра. Нягледзячы на вялікія страты, расійцы не пакідаюць спробаў выбіць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый. За мінулыя суткі расіяне здзейснілі 23 штурмавыя дзеянні, атрымалі адпор і адступілі.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія сілы нядаўна прасунуліся паблізу Аўдзееўкі і працягнулі пазіцыйныя баявыя дзеянні з украінскімі сіламі 24 снежня. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 снежня, паказваюць, што расійскія сілы прасунуліся на ўсход ад Стэпавага (на поўнач ад Аўдзееўкі).

Таксама ISW канстатуе, што расійскія войскі нядаўна пацвердзілі прасоўванне ў раёне Крамянной. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 снежня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на ўсход ад Тэрнаў (на захад ад Крамянной).

Кіраўнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Украіны Віталь Барабаш заявіў, што за мінулыя суткі расійскія войскі ўзмацнілі абстрэлы Аўдзееўкі. Украінскі Генштаб паведаміў, што расійскія войскі павялічылі колькасць артылерыйскіх удараў на напрамках Купянска, Лімана, Бахмута да больш чым 1000 удараў у суткі.

Расійскі «ваенкор» паведаміў, што РФ не можа выцесніць украінскія сілы з плацдарма ў Крынках праз эфектыўныя беспілотнікі і комплексы радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) УСУ.

* * *

3100580.jpg

* * *

Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны за мінулыя суткі збілі расійскі бамбавік Су-34 і знішчальнік Су-30.

Нагадаем, што 22 снежня ўкраінскія сілы СПА збілі тры расійскія самалёты Су-34 на Паўднёвым кірунку. Гэта адразу ж дало эфект: Расія значна знізіла бамбаванне Херсона кіраванымі авіябомбамі.

Су-34 — адзін з найноўшых самалётаў на ўзбраенні арміі РФ і можа каштаваць ад 50 млн долараў.

* * *

У ноч на 25 снежня расійскія войскі атакавалі Украіну дронамі-камікадзэ «Shahed» і дзвюма авіяцыйнымі ракетамі. Праціўнік атакаваў 31 ударным БПЛА з раёнаў Чауда, Балаклава (Крым) і двума авіяцыйнымі ракетамі.

Сіламі і сродкамі паветраных сіл УСУ было знішчана 29 ударных дронаў-камікадзэ ў межах Адэскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Данецкай, Кіраваградскай і Хмяльніцкай абласцей. Падчас паветранага нападу вораг таксама ўжыў кіраваную авіяцыйную ракету Х-59 на Запарожскім кірунку і супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31п з акваторыі Чорнага мора. Абедзве знішчаны.

* * *

Новасфармаваны 337-мы паветрана-дэсантны полк (104-я дывізія паветрана-дэсантных войскаў ВС РФ), працягвае несці страты каля вёскі Крынкі на левым беразе Дняпра Херсонскай вобласці, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Маці аднаго з расійскіх вайскоўцаў запісала відэазварот, у якім паведаміла, што нядаўна падчас баёў паблізу Крынак была знішчаная ўся першая рота 337-га палка. Жанчына дадала, што вайскоўцы на гэтым кірунку не маюць эфектыўнага кіраўніцтва на ўзроўні камандзіраў сярэдняга звяна, ім не хапае артылерыйскай падтрымкі, і яны праводзяць 20 дзён запар у акопах без вады і іншых сродкаў забеспячэння. Яна завяршыла свой зварот просьбай да расійскага камандавання не выкарыстоўваць падраздзяленні палка ў якасці «гарматнага мяса».

У ISW таксама паведамілі, што расійскае камандаванне сутыкаецца з праблемамі непадпарадкавання ў шэрагах гэтай дывізіі. Расійскае апазіцыйнае выданне Mobilization News распаўсюдзіла відэа ад 24 снежня, на якім бачна, што расійскі камандзір карае некалькіх байцоў навастворанага 345-га палка 104-й дывізіі ПДВ за невыкананне загадаў. На думку ISW, відэакадры з пакараннем байцоў сведчаць, што расійскія войскі могуць сутыкнуцца з праблемамі непадпарадкавання ў выніку страт ПДВ, альбо з-за неспрактыкаванасці і недастатковай падрыхтоўкі салдат і іх малодшых афіцэраў.

* * *

Таксама Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскае камандаванне завяршыла перакідку ў часова акупаваныя раёны Данецкай вобласці трох новасфармаваных палкоў у складзе 116-й асобнай брыгады Расгвардыі. Як мяркуецца, брыгада будзе выконваць «стабілізацыйныя функцыі» на акупаванай тэрыторыі Украіны на «сталай аснове».

«Расія спрабуе пашырыць сілы Расгвардыі для стварэння асобнай вайсковай акупацыйнай сілы. Верагодна, Масква спрабуе прыцягнуць і разгарнуць вайсковыя акупацыйныя сілы для далейшай перашкоды контрнаступным намаганням Украіны, устанаўлення пастаяннага кантролю над акупаванымі тэрыторыямі і падаўлення партызанскай актыўнасці, не замацоўваючы перадавыя войскі на нявызначаным тэрміне акупацыі», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

* * *

Ва Украіне цяпер ідзе вайна за будучыню ўсёй Еўропы, заявіў у каляднай прамове да міратворчых сіл міністр абароны Фінляндыі Анці Хякканен.

Са слоў Хякканена, «расійская палітыка стварыла адчуванне неабароненасці і нявызначанасці ў Еўропе, а ўскосна і ва ўсім свеце». «Мы атрымалі балючы доказ таго, што вялікая дзяржава можа адчуваць сябе мае права ўмешвацца ў выбар свайго меншага суседа і гатова выкарыстоўваць ваенную сілу для дасягнення ўласных мэтаў», — дадаў ён.

Міністр абароны Фінляндыі падкрэсліў, што гаворка ідзе пра лёс не толькі Украіны, але і ўсіх суседніх з Расіяй дзяржаў: «Ва Украіне ідзе вайна за будучыню ўсёй Еўропы».