687-мы дзень вайны: абстрэл гасцініцы ў Харкаве
Самае галоўнае, што трэба ведаць пра страшэнную вайну на сёння, 11 студзеня 2024 года.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
Узброеныя сілы РФ нанеслі чатыры ракетныя і 48 авіяцыйных удараў, здзейснілі 36 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Авіяцыйныя ўдары зведалі: Вільча, Альхаватка, Петрапаўлаўка, Кучароўка, Падолы, Лазавая Харкаўскай вобласці; Серабранская лясніцтва Луганскай вобласці; Тэрны, Аўдзееўка Данецкай вобласці.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 120 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
За мінулыя суткі адбылося 73 баявыя сутыкненні. Узброеныя сілы Украіны адбілі атакі расійскіх войскаў у розных раёнах.
Авіяцыя УСУ нанесла ўдары па сямі раёнах засяроджвання асабовага складу УС РФ. Сілы СПА Украіны знішчылі кіраваную авіяцыйную ракету Х-59.
Падраздзяленні ракетных войскаў нанеслі паражэнне па трох раёнах засяроджвання расійскай арміі, аднаму пункту кіравання, двум складам боепрыпасаў і станцыі радыёэлектроннай барацьбы.
У выніку ракетнага ўдару па Харкаве пашкоджаны гатэль. Паранены 11 чалавек, у тым ліку турэцкія журналісты
Як мінімум 11 чалавек атрымалі раненні ў выніку расійскага ракетнага ўдару па Харкаве, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Па ягоных даных, расійскія вайскоўцы нанеслі ўдар ракетамі, выпушчанымі з комплексу С-300 па Кіеўскім раёне горада каля 22:30 10 студзеня. У выніку пашкоджаны будынак гасцінічнага комплексу, у якім на момант атакі знаходзіліся больш за 30 чалавек. Сінягубаў падкрэсліў, што гаворка ідзе пра грамадзянскіх асоб.
Краіны НАТА паабяцалі даць Украіне дадатковую дапамогу «на мільярды еўра» ў 2024 годзе
Краіны Паўночнаатлантычнага альянсу па выніках паседжання рады Украіна-НАТА заявілі, што працягнуць аказваць Кіеву эканамічную, гуманітарную і ваенную дапамогу, у тым ліку для ўмацавання ўкраінскай СПА. Пра гэта гаворыцца ў заяве рады.
У публікацыі адзначаецца, што многія члены НАТА заявілі аб планах даць Кіеву "дадатковыя магчымасці на мільярды еўра" у 2024 годзе. Пра што менавіта ідзе размова, у заяве не ўдакладняецца.
Белы дом падтрымаў ідэю канфіскаваць частку з 300 мільярдаў долараў замарожаных расійскіх актываў
Савет нацыянальнай бяспекі ЗША «»«у прынцыпе» падтрымаў законапраект, які дазваляе правесці канфіскацыю часткі замарожаных расійскіх актываў для таго, каб у далейшым перадаць грошы Украіне на аднаўленне краіны. Пра гэта паведамляе Bloomberg, спасылаючыся на лістападаўскі мемарандум рады, які накіравалі ў камітэт сената па міжнародных адносінах.
«Законапраект прадаставіць выканаўчай уладзе паўнамоцтвы, неабходныя для канфіскацыі расійскіх суверэнных актываў на карысць Украіны», – гаворыцца ў адной запісцы Савета нацыянальнай бяспекі. Усяго Bloomberg вывучыла тры падобныя дакументы.
Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША паведаміў агенцтву, што гэта адзін з інструментаў, якія ЗША разглядаюць як магчымасць прымусіць Расію заплаціць за шкоду, якую Украіна панесла з-за вайны. Паводле ацэнак Сусветнага банка, на аднаўленне Украіны можа спатрэбіцца не менш за 411 мільярдаў долараў.